Люблю наш край, старонку гэту... Кожны з нас калісьці чуў гэтыя пранікнёныя радкі славутай беларускай паэтэсы Канстанцыі Буйло. А вось наконт мясцінаў, якім яны былі прысвечаныя, напэўна не здагадваецеся. У гэтыя мясціны, а менавіта на самую ўскраіну вёскі Вішнева, дзе знаходзілася паляўнічая сядзіба рода Храптовічаў — Адравонж, завітаў «Добры канал».
Увогуле, род Храптовічаў традыцыйна звязваюць з палацава-паркавым комплексам у Шчорсах, што пад Наваградкам. Менавіта там напрыканцы 18-га стагоддзя намаганнямі Іяхіма Літавора Храптовіча быў пабудаваны вялізны палац з унікальнай бібліятэкай, дзе бібліятэкарам працаваў Ян Чачот, а заўзятым чытачом быў Адам Міцкевіч.