Напярэдадні Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін, які адзначаецца 18 красавіка, экспазіцыя гісторыка-мемарыяльнага музея “Сядзіба Нямцэвічаў” у вёсцы Скокі Брэсцкага раёна папоўнілася рэдкім экспанатам.
Для пастаяннага экспанавання ў пятніцу, 17 красавіка, музею была перададзена калекцыйная фарфоравая талерка, якая ўваходзіла ў серыю, выпушчаную французскай мануфактурай «Келер і Герен» у пачатку 1890-х гадоў. Серыя была прысвечана руска-французскаму саюзу, аформленаму пагадненнямі 1891-1893 гадоў. Падобныя рарытэты вельмі рэдкія, яны ўваходзяць у зборы вядучых музеяў свету ўзроўню Санкт-пецярбургскага «Эрмітажа» і вельмі рэдка з’яўляюцца на аўкцыёнах, а на таргах іх кошт вагаецца ад 500 да 1000 еўра. У музей артэфакт перадаў гродзенскі калекцыянер А. Раней, у кастрычніку мінулага года, са сваёй калекцыі ён аддаў у экспазіцыю музея ў Скоках гравюру з выглядам Гродна, надрукаваную ў 1575 годзе.