Савецкая гістарычная школа спарадзіла ўстойлівы вобраз: сялянскае саслоўе да 1917 года толькі і рабіла, што пакутавала, піша Барыс Палута ў «Новым Часе». Пакуты дома, пакуты ад злога пана, пакуты ад хітрых месцічаў... Як праходзілі дні ў прадстаўнікоў самага масавага саслоўя Вялікага Княства Літоўскага?
Мужыкі, падданыя, людзі — так называлі да XVIII стагоддзя сялян у Вялікім Княстве Літоўскім. Сяляне — дробныя вытворцы, якія вялі ўласную гаспадарку сваімі сродкамі і сіламі сваёй сям’і. Земляробства, жывёлагадоўля, промыслы... Вось той галоўны занятак сялян, які займаў іх асноўны час жыцця стагоддзямі.
На працягу апошніх дзесяцігоддзяў жыццё сялянскай грамады вельмі дасканала вывучалася гісторыкамі. Што праўда, савецкімі. А іх галоўная мэта была давесці: сялян няшчадна эксплуатавалі. Таму і акцэнт рабіўся на павіннасцях, прыгоне, сялянскіх паўстаннях... Як вынік вымалёўвалася жудасная карціна пастаянных пакут. За гэтай сацыяльнай парадыгмай губляўся чалавек са сваім штодзённым жыццём, клопатамі, радасцямі. Ці сапраўды жыццё сялян у Вялікім Княстве Літоўскім было выключна гаротным?
Разабрацца з гэтым дапамогуць інвентары маёнткаў, дзе падрабязна апісваецца ўсё, што датычыцца кожнага селяніна. З гэтых дакументаў можна не толькі намаляваць глабальную карціну сялянскага жыцця, але і сабраць пазл жыцця ў дэталях. Паспрабуем зазірнуць у штодзённае жыццё звычайнага селяніна.
Канец XVIII стагоддзя, Наваградскі павет, вёска, якая належала каталіцкай парафіі горада К.
Як клічуць селяніна і сялянку
Каб апісаць жыццё селяніна, з ім трэба найперш пазнаёміцца. У гаспадарчых інвентарах прыводзяцца пайменныя спісы жыхароў падуладных вёсак. Дзякуючы гэтаму мы можам даведацца, як клікалі насельнікаў нашых вёсак больш за 250 гадоў таму.
Што праўда, у інвентарах фіксаваліся толькі мужчынскія імёны: запісвалася імя гаспадара дыму, яго сыноў і ўсіх мужчын, хто там жыў. Барталамей і Яўхім, Казімір і Міхал, Юрко і Сташко, Лявон і Лаўрэн, Дамінік, Сымон, Базыль... Вось хто жыў у звычайнай вёсцы ў канцы XVIII стагоддзя на Наваградчыне, гэтымі імёнамі поўнілася вясковая прастора.
Але як клікалі жанчын? Гэта можна даведацца з метрычных царкоўных ці касцельных кніг. Петранэля, Марцэля, Францішка, Марыя, Вікторыя, Разалія... Жаночыя імёны сялянак таксама адрозніваліся строкатам формаў і каларытам.
Што праўда, пры нараджэнні дзіцяці бацькі не абіралі самі імя, арыентаваліся на царкоўную традыцыю і звяраліся з кнігамі і днём памяці святога, калі нарадзіліся хлопчык ці дзяўчынка.
Дым і яго насельнікі
Асноўнай адзінкай вёскі лічыўся дым. Гэта і адзінка падаткаабкладання, і дом з дваром. Дым уключаў сялянскую гаспадарку з зямлёй, пабудовамі (домам), цяглай і прадукцыйнай жывёлай і ўсім гаспадарскім рыштункам і начыннем.
Апісанню сялянскіх хат і падворкаў прысвечана шмат літаратуры, асабліва этнаграфічнай. Структура дома і гаспадарчых пабудоў, іх размяшчэнне і функцыянальнае прызначэнне залежаць ад рэгіёна. Вылучаецца два асноўных тыпы сялянскага двара: вяночны і лінейны (пагонны). Вяночны, бліжэйшы да падковападобнага замкнёнага двара, распаўсюджаны ў паўночных і часткова ўсходніх раёнах рэспублікі. Пагонны — у сярэдняй паласе і паўднёва-заходніх раёнах.
Вяночны двор
На адным сялянскім дыме жыла адна сям’я. Як правіла, досыць вялікая па сучасных мерках: ад 5 чалавек. Менш было выключэннем. Колькасць жыхароў, бывала, даходзіла да 11 і больш чалавек. Жыў гаспадар, яго жонка, дзеці... Калі сыны сталелі, то прыводзілі жонак, нараджаліся ўнукі гаспадара. Дочкі ішлі за мужам, але, бывала, і мужыкі ішлі да жонак, што фіксуецца ў дакументах таксама.
Вясковая хата
Зямельны надзел дымоў звычайна складаўся з ворнай зямлі і сенажатных угоддзяў, за карыстанне якімі сямейнікі абавязаны былі выконваць на карысць уласніка розныя павіннасці — гэта значыць службу. У такім выпадку, вялікая сям’я — гэта дабраслаўленне!
Валокі, коні, валы, пчолы: чым распараджаўся селянін
Зямлі ў маёмасці сялян не было, яны атрымлівалі яе ў распараджэнне. За гэта яны неслі службу на карысць двара. Права распараджацца зямлёй перадавалася ў спадчыну. Колькі ж складаў сялянскі надзел?
У сярэднім, на адзін сялянскі дым прыходзілася ½ валокі зямлі. Па сучасных мерках — 10,5 гектараў зямлі. Ці шмат гэта? Дастаткова, каб весці гаспадарку, збіраць ураджай, выплачваць падатак.
Акрамя зямлі, у сялян былі яшчэ і жывёлы. Інвентары падрабязна фіксуюць колькасць рознай хатняй жывёліны. Амаль на кожным падворку быў свой конь з падводай, трымалі па некалькі валоў, авечак, гадавалі кур і рознае птаства. Не выключэннем было і пчалярства.
Гаспадаркі ў сялян былі моцныя. І нешта слаба гэта стасуецца з вобразам гаротнага і няшчаснага беларускага селяніна, якім пагарджае ўвесь свет.
Праца і павіннасці
За карыстанне зямлёй трэба было плаціць: працай, манетай, прадуктамі.
Для кожнага маёнтка быў асобны расклад павіннасцей, свая норма паншчыны і чыншу. Залежала яна ад волі ўласніка. Калі абагуліць, то селянін за тое, што карыстаецца зямлёй, павінен быў адпрацаваць і заплаціць.
Колькі ж складала павіннасць?
Адпрацоўка залежала ад колькасці зямлі. Так, калі дым распараджаўся ½ валокай зямлі, то адпрацоўка складала 3 дні на тыдзень: на зямлі ці ў фальварку. Акрамя таго, на адзін дым прыходзілася дадаткова 6 талок падчас жніва.
Жніво
Праца была не толькі на зямлі. Па чарзе з кожнага дыму сяляне выходзілі на варту і выпраўляліся з падводай, куды загадае двор.
Былі таксама і абавязковыя грашовыя выплаты. За карыстанне ½ валокай зямлі ў канцы XVIII стагоддзя трэба было заплаціць 3 злотых на год. Для параўнання — 1 карэц (прыкладна 100 кілаграмаў) жыта ў той час каштаваў 16 злотых. Грошы цалкам пад’ёмныя!
1 злоты часоў караля Панятоўскага
Таксама трэба было на карысць двара аднесці 1 карэц жыта і аўса, падрыхтаваць 1 воз сена, прынесці аднаго гуся ці пеўня, дзясятак яек. Гэта была прадуктовая дзякла.
Трэба адзначыць, што ў XVIII стагоддзі ў маёнтках назіралася тэндэнцыя: перавод сялян з паншчыны на чынш. То бок, скасоўваліся адпрацоўкі, натуральная дзякла пераводзілася ў грошы. Выстаўлялася агульная сума да выплаты.
Такі кошт плаціў наш селянін за карыстанне зямлёй.
Геаграфічная прастора селяніна
Канечне, сяляне на манер шляхты ці духавенства асабліва не вандравалі па гарадах Вялікага Княства Літоўскага, не бывалі за мяжой... Аднак і казаць, што геаграфічная прастора селяніна абмяжоўвалася ўласнай вёсачкай — зусім не выпадае.
Ф. Смуглевіч. Літоўскія сяляне (XVIII ст)
Па-першае, каб мець грошы для выплаты чыншу ці падатку, трэба было адвозіць свой тавар з гаспадаркі на кірмаш. Пры гэтым кірмашы ў Вялікім Княстве Літоўскім ладзіліся па гарадах і мястэчках у розныя дні. У сезон кірмашоў, калі збожжа сабранае, можна было добра так паездзіць па ваколіцах.
Па-другое, у сялян была павіннасць служыць канём з падводай. Гэта значыць, што пры патрэбе двара — даставіць пошту ці завесці якія рэчы — селянін, калі была яго чарга, запрагаў каня і выпраўляўся ў дарогу. Норма такой службы складала 5 літоўскіх міль, а гэта прыкладна 40 кіламетраў ад двара. Радыус вандровак добры! Пры гэтай паездцы селянін мог пабываць і ў розных мястэчках, завітаць у які буйны павятовы горад, пабачыць замкі, велічныя храмы, стасавацца з рознымі людзьмі...
Дарога і вандроўка заўжды пашыраюць светапогляд!
Забавы і вольны час, дотык да культуры
Сялянская праца ніколі не спынялася. Але былі дні святочныя, калі, як правіла, нічога істотнага не рабілася.
Галоўная забава на сяле — карчма. З часам гэта стала вялікай заганай і праблемай нацыянальнага маштабу. Свой вольны час сяляне бавілі ў карчме за куфлем піва ці чаркай чаго мацнейшага. Корчмы сталі ўсюдыіснымі...
Перад карчмой
Акрамя карчмы, сяляне ездзілі на кірмашы, а гэта не толькі гандаль, але яшчэ і вір местачковага жыцця, з музыкай і спевамі, кірмашнымі жартамі. Гэта магчымасць не толькі прадаць сваё збожжа ці што іншае з падворка, але і набыць — упрыгожанні, тканіну, прадметы побыту. Карацей, своеасаблівы шопінг быў і ў нашых сялян.
Кірмаш у мястэчку
І абавязкова па нядзелях выпраўляліся ў касцёл ці царкву. А гэта дотык да культурнага жыцця. Калі гэта горад, то і храмы былі велічныя, часам мураваныя, вытанчаныя. Архітэктура, якую бачыў селянін у XVIII стагоддзі, дадавала ў яго жыццё эстэтыкі месца.
У самім храме таксама была культурная і мастацкая прастора — багатыя алтары, узоры іканапісу, скульптуры. Падчас набажэнства гучалі спевы, грала музыка... Пастыр даваў духоўнае настаўленне.
Вынікае, што жыццё і побыт сялян у Вялікім Княстве Літоўскім — гэта не толькі цьмяныя, дымныя і вільготныя хаты, не толькі цяжкая праца на злога пана, не гаротнае існаванне... Усё ж у тым жыцці былі светлыя старонкі, пра якія таксама варта прыгадваць.