Сярэднявечны інстаграм: зброя, сэкс і… коцікі! (18+)

28.11.2017 Гісторыя

Калі кананічныя крыніцы па гісторыі сярэдніх вякоў – роспісы цэркваў і летапісы – перадаюць афіцыйнае альбо ідэалізаванае ўспрыманне рэчаіснасці таго часу, то дзе шукаць бачанне свету “чалавекам з вуліцы” – вымашчанай бярвеннем, выбудаванай зрубамі? Аказалася, паўсюдна: на праселках, падмурках храмаў, касцяных абрэзках, манетах…

Выстаяць службу ў полацкім храме ХІІ стагоддзя не так і проста. Асабліва калі ты дзіця. Асабліва калі на дварэ лета з ягонымі фарбамі, таямніцамі лесу за гарадскім валам, цёплымі хвалямі Дзвіны. Асабліва калі ўсярэдзіну набіваецца натоўп людзей, няма чым дыхаць, а святар распавядае немаведама пра што, а пад зводамі клубіцца ладан і лунаюць спевы на сваёй і адначасна дзіўнаватай – з балканскімі дамешкамі – мове.

 


Працяг. Першы тэкст серыі тут: Ці было дзяцінства ў беларусаў Сярэднявечча?


Так нудзіліся на нядзельнай службе Нецімір і Міласлава, што прыехалі разам з бацькамі ў княскую сталіцу – Полацак – на кірмаш усяго на два дні. Спачатку можна было ўглядацца ў роспісы з выявамі ў поўны рост невядомых постацяў з крыжамі, німбамі на галовах, мячамі ды шчытамі ў руках, часам з крыламі. Пасля можна было разглядаць спіны прысутных – плашчы, накідкі, скураныя боты, зрэдку – прышпіленыя да пасаў з бліскучымі накладкамі нажы ў похвах. Пасля ж усё адно робіцца сумна, пачынаецца пераступанне з нагі на нагу, пакуль бацька не паглядзіць суворымі шэрымі вачыма проста на Нецімірку, і той зразумее ўсё без словаў: апусціць долу твар.

 

Пухнаты кот і… жанчына без вопраткі

Але было яшчэ адно выйсце: стаць каля сцяны, разглядаючы… не, не роспісы, а драпіны паўзверх роспісаў, якія час ад часу змяняліся. Невядомая рука ці, хутчэй, рукі, штораз выскрэбвалі ўсё новыя і новыя малюнкі, ператвараючы храмавыя сцены ў нешта сярэдняе паміж насценгазетай і сучаснай школьнай партай.

Што ж там было? Вось намаляваны літаральна некалькімі штрыхамі ваяр у шаломе са шчытом у адной і мячом у другой руцэ. Вось напісаныя ў радок значкі, якія Нецімір яшчэ не меў змогі прачытаць: “Господі помозі рабу Твоему…” (грамату хлапчук яшчэ толькі спасцігаў, але ўжо быў троху навучаны расчытваць літары і пісаць сваё імя). Вось крыжык, а вось… звычайны кот з вострымі вушамі і пухнатым хвастом, які нібыта выглядае з-за бота Георгія Пераможцы.

Полацк. Спасская царква. Коцікі

Каб знайсці нешта яшчэ, Неціміру давялося незаўважна абысці бацьку са спіны і наблізіцца да храмавай калоны. Што гэта? Жанчына… без вопраткі. Нецімір расплыўся ва ўсмешцы і адразу схаваў твар далонямі, але раптоўна моцная рука прайшлася па саламяных валасах малога, кранула вуха – аёй, як жа балюча! Гэта быў чарнабароды дзяк з кірпатым носам, які люта глядзеў на хлапца зверху ўніз: “Вось ты і трапіўся, гарэза!..”

Драпіны “па святым”

Скуль узяліся ўсе гэтыя надпісы? Што гэта – вандалізм альбо… спроба ўвайсці ў гісторыю ці далучыцца да святасці? Надпісы, выдрапаныя паўзверх фрэсак у храмах, сустракаюцца паўсюдна на Русі. Тое самае навукоўцы знаходзяць у Візантыі і Заходняй Еўропе – наш рэгіён не выключэнне. Іх маглі пакідаць і будаўнікі, і прыхаджане, і манахі, і ваяры, займаючы варожы горад і заходзячы ў храмы па здабычу, – спектр вельмі шырокі.

Святыя (Каложская царква, Горадня) / Ваяры (Полацк, Спасская царква)

Чаму мы пачалі менавіта з графіці ў храмах – драпінах “па святым”? Усё проста: яны зберагліся. У кавалкаў косткі, дрэва альбо бяросты, на якія быў нанесены малюнак, падобны да шаржу, кароткі надпіс альбо проста крыжык ці іншы знак, шанцаў дайсці да дня сённяшняга нашмат меней.

“Гарнізонная субкультура” ў Маскавічах

Ці не самыя вядомыя беларускія “няхрамавыя” графіці – гэта малюнкі і знакі на костках з гарадзішча Маскавічы. Некалі гэта была крэпасць на Друйцы, што цячэ ад Браслава да Дзвіны, на якой месціліся некалькі ўмацаваных цэнтраў. Стылістыка драпінаў з амаль 120 выяўленых костак цудоўна ўводзіць нас у свет “гарнізоннай субкультуры” таго часу, калі залога магла складацца са стракатай сумясці варагаў і мясцовых ваяроў.

Маскавічы. Ваяры

 

Калі ўмоўна дзяліць графіці з Маскавічаў на некалькі групаў, то атрымаем выявы ваяроў з мячамі і ў шаломах, выявы чаўноў з ветразямі і без, сеткі, якія нагадваюць падзеленае поле для гульняў у шашкі, і… эротыку. Дарэчы, апошні момант вельмі характэрны: гэта не толькі адна з першых вядомых у Беларусі выяваў у стылі ню, але яшчэ і цудоўная крыніца для аналізу ўнутранага свету ўмоўнага варага, які нёс службу ў далёкіх ад роднага Готланда мясцінах.

Маскавічы. Лодкі / Голая жанчына

Фактычна, маскавіцкі комплекс – гэта аповед пра ўнутраны свет прафесійнага ваяра таго часу, які мроіў пра бітвы, падарожжы, настольныя гульні з сябрамі і любошчы з якой-небудзь прыгажуняй. Якія надпісы ці малюнкі можна сустрэць у сучаснай казарменнай прыбіральні ці на бетонным плоце вайсковай часткі? Аналагічныя. Роўна тыя ж матывы, тыя ж рэфлексіі.

Людзі з чатырма пальцамі. Ці можна давяраць графіці?

І тут мы падыходзім да галоўнага: скаваныя канонам роспісы храмаў, іконы, мініяцюры ў летапісах і іншае ніколі не адлюстроўвалі рэальнага свету. Іх аўтараў, збольшага манахаў ды кніжнікаў, цікавіў ідэал, сусвет дасканалых рэчаў – дрэваў, жывёлаў, людзей, якія выступалі адно як сімвалы, пакліканыя перадаць узвышаны сэнс. Найвышэйшы пілатаж – перадаць манеру папярэдніка, майстра-настаўніка, то бок нічога ад сябе, нічога новага.

З графіці ўсё па-іншаму, тут ёсць эмоцыі, якія і робяць гэтыя творы жывымі. Таму менавіта “культура драпінаў” так падобная да фотаздымка альбо сярэднявечнага інстаграма, куды чалавек мог посціць тое, пра што думаў, то бок неабавязкова прыгожае і ўзвышанае. Адсюль тэмы гвалту, гумар, эротыка і, канечне ж, коцікі! Коцікі, зрэшты, зусім не метафара – іх выявы сапраўды трапляюцца.

Аўтапартрэт Анфіма. Ноўгарад

Ці можна давяраць графіці як гістарычнай крыніцы ў плане выгляду вайсковага рыштунку, тых жа чаўноў, побытавых асаблівасцяў і г.д.? Скажам, калі знакаміты хлопчык Анфім з Ноўгарада, знойдзеныя археолагамі малюнкі якога сталі некалі сенсацыяй, маляваў людзей з чатырма пальцамі, ці значыць гэта, што і зброю ён таксама выяўляў скажона? Невядома, але адназначна іншае: хлопчык спрабаваў выявіць тое, што бачыў, і калі мы ўзіраемся ў выяву ваяра, то бачым яго атрыбуты – кап’ё і каня, калі човен – то над ім будзе ўзняты ветразь і г.д. Пытанне не ў форме ляза мяча, а ў яго наяўнасці ў руках ваяра.

Малюнкі хлопчыка Анфіма з Ноўгарада

Мацюкі і прадрапаныя на сценах малітвы

Цікава, што дзякуючы графіці мы ведаем пра тагачасныя “вульгарызмы”, якія не маглі быць успрынятыя царкоўнай культурай, таму і не дайшлі да нас у кананічных крыніцах. Напрыклад, археолагам вядомая знаходка праселкі з надпісам “Бляты”. Цалкам магчыма, што дзяўчаты так пажартавалі са сваёй сяброўкі, прадрапаўшы на яе асабістай рэчы азнаку прыналежнасці – адказ на пытанне: “Чыя праселка?”.

Іншы прыклад – надпіс “Піеда” на камяні падмурку Сафійскага сабора ў Полацку. Ёсць і нашмат больш вульгарныя графіці з выявай палавога акту з вепруком – з Кіева, з Залатых варотаў… Наўрад ці гэтаму варта здзіўляцца – гэта ўсяго толькі адзін з ракурсаў чалавечай псіхалогіі, характэрны для любога часу.

Кіеў. Залатыя Вароты

 

Ёсць, зрэшты, і цалкам адваротныя прыклады: надпісы аб просьбах Божай дапамогі ў храмах і пракрэсленыя крыжы. Магчыма, гэта праява пераходнага этапу ад паганскага разумення рэлігіі да хрысціянскага. Замест таго каб ставіць свечку ці пісаць памінальную запіску, нашы продкі прадпрапвалі свае жаданні і малітвы проста на сценах: тут, маўляў, Бог убачыць і пачуе, бо Ён “жыве” ў храме.

 

Помста

А што з Нецімірам? Хлапчук не тое каб быў зласлівым, але і “спусціць” чорнабародаму дзяку такое прыніжэнне пры вялізнай колькасці людзей, пры бацьках, пры… Мілаславе, не мог. Таму ўжо ў канцы службы леваруч ад уваходу ў храм з’явіўся невялічкі выдрапаны малюначак, нават цэлая кампазіцыя: чалавек на кані працінае кап’ём нешчасліўца, што ляжыць на зямлі.

Няхай малюнак атрымаўся цалкам схематычны: галовы-кругляшы, рукі-вяровачкі, кап’ё – простая лінія, некаторыя рысы ўсё ж звярнулі на сябе ўвагу: “павержаны” меў пазначаную рысачкамі бараду і гачок на месцы носу, а каля вершніка красаваўся кароткі аўтограф: “Нцмр”.

 

Тэкст – Мікалай Плавінскі, Алесь Кіркевіч

Малюнкі – Кацярына Фурс

Тэгі: