Пераможцы “Басовішча-2008” выявілі надзвычайную прагу да творчасьці. Пасьля выхаду дэбютніка “Блін першы” пра гурт Tlusta Lusta і думаць забылі, але яны вярнуліся ў музычную прастору праз чатыры гады маўчаньня з новым альбомам.
Зрэшты, адвязаных гарадзенскіх панкаў у новай праграме не пазнаць. Кірыл Богуш на сваім другім дыску нават паспрабаваў сьпяваць (!). Дайшло да таго, што адну зь песень ён запісаў дуэтам з сьпявачкай Таняй Беланогай, якую раней уявіць побач з Tlusta Lusta было проста немагчыма (“Ён і яна”). Tlusta Lusta перадумала сваю музычную канцэпцыю, пазбавілася ад зусім ужо брутальных элемэнтаў ды ўзяла ды-джэя на паўстаўкі. У выніку гучаньне каманды ня тое, каб палягчэла — яно зьмянілася і стала больш чыстым, выпеставаным нават. Атрымалася нармальная такая альтэрнатыва, якая была дужа актуальная ў нашых краях на пачатку 00-х.
Вельмі годна музыкі вырашылі адвечную праблему беларускіх альтэрнатыўшчыкаў, якія рэдка могуць пахваліцца цікавымі і пісьменнымі тэкстамі на сваёй мове. Tlusta Lusta знайшлі простае выйсьце — пазычылі словы ў іншых паэтаў, сучасных ды ня надта. Яны пяюць на вершы вельмі разнароднай кампаніі: сярод іх аўтараў заўважаныя Натальля Арсеньнева, Францішак Ксаверы Агінскі, Юрась Пацюпа, Уладзь Лянкевіч і Аляксандар Кульлінковіч. Ясна, што праз такую стракатасьць аніякай уцямнай канцэпцыі разгледзіць немагчыма, ды і наўрад ці ставілася такая мэта. Што хацелі сказаць — няясна, затое пададзена ўсё з такім сур’ёзным выглядам, што ім хочацца верыць. Да ўсяго, у нашых умовах альбом песень па-беларуску ўжо можа лічыцца канцэптуальным.
“Pieranačuješ — bolš pačuješ” выглядае на зборнік адвольна расфарбаваных карцінак, і вылучыць зь яго адну ці парачку самых яркіх не ўяўляецца магчымым. Ён цікавы, калі слухаць усё купай, прывабныя элементы можна знайсьці ў кожным трэку. Прахадных нумароў тут папросту няма, зрэшты, як і песень-цягнікоў, якія б найбольш ёмка сьведчылі пра сёньняшнюю Tlusta Lusta. Творы часам такія непадобныя адзін да аднаго, што падаецца, нібы іх выконваюць розныя гурты. Параўнаць, напрыклад, даволі лёгкую і надта ўжо накручаную ў пляне аранжыроўкі “Дэ Сад” і жорсткую лабавую ды бескампрамісную “Моладзь”.
Калі гурт здольны гучаць ужывую гэтак жа, як і ў альбоме, то ён стане ўпрыгожаньнем якога заўгодна беларускага рок-фэсту.
Tlusta Lusta — Pieranačuješ — bolš pačuješ, 2013, інтэрнэт-рэліз
Спампаваць альбом можна тут.
Ідэя: 7
Выкананьне: 6
Тэксты: 8
Запіс: 7
Аздабленьне: 6
Сяргей Будкін