“Быць беларусам – што гэта значыць?” — у супольным праекце Budzma.org i TUT.by вядомыя ў сваіх сферах дзейнасці людзі расказваюць, што для іх значыць быць беларусам. Сёння на пытанні анкеты адказвае Сяргей Скараход, кіраўнік інтэрнэт-партала Marketing.by
– Якое значэнне вы ўкладаеце ў слова беларус/беларуска?
Сёння свет становіцца больш касмапалітычнымі, і замыканне ў межах адной тэрыторыі і культуры не адпавядае сучасным тэндэнцыям. Гэта абмяжоўвае чалавека і робіць яго менш таварыскім і добразычлівым. Сёння сучаснаму беларусу неабходна стаць чалавекам, які ўпісваецца ў сучасныя стандарты, дзе ёсць і імкненне да поспеху, і духоўнае ўдасканаленне, і любоў і павага да сваёй краіны.
Разуменне таго, хто ты ёсць у гэтай краіне, вядома ж, мусіць быць, але без фанатызму. Нажаль, на дзяржаўным узроўні нічога не робіцца для таго, каб маладыя беларусы выкарыстоўвалі ўсе магчымасці, якія адкрывае свет перад імі.
– Якія унікальныя беларускія рысы характару і светагляду ўласцівыя беларусам?
Я б сказаў, што беларусы ў большай сваёй частцы імкнуцца захоўваць і берагчы тое, што атрымалася дасягнуць у жыцці. Таксама беларусы заўсёды прытрымліваліся базавых сямейных каштоўнасцяў.
У нас вельмі добрыя і спагадлівыя людзі, але многія замежнікі часта кажуць, што беларусы мала ўсміхаюцца.
– Назавіце тры-пяць асноўных падзеяў з гісторыі Беларусі, без ведання якіх беларус – не беларус?
Дзейнасць першадрукара Францыска Скарыны. Дзякуючы яму, беларуская культура і мова атрымалі магутны імпульс у развіцці і сталі паўнавартаснымі элементамі агульнаеўрапейскай культуры.
Да трагічных падзей я аднясу ўсе бясконцыя войны, якія праходзілі на нашай зямлі, і ўціск нашай культуры ў савецкія часы.
Што тычыцца сучаснай Беларусі, то я з сумам назіраю сённяшнюю сітуацыю, калі многія краіны Паўночнай Афрыкі пераходзяць на якасна іншы ўзровень грамадска-эканамічных адносін, а мы застаемся на тым жа месцы, хоць у нас больш развітая эканоміка і больш адукаваныя людзі.
– Якія традыцыі павінен ведаць і захоўваць беларус?
Сям’я, экалогія і здароўе – гэта сучасныя агульначалавечыя трэнды, якія вельмі падыходзяць беларусам і ўласцівы большасці. Трэба ўмець адчуваць сябе шчаслівым, больш усміхацца, дарыць людзям дабро. Усё, што чалавек аддае з любоўю, вяртаецца да яго прымножаным.
Нягледзячы на тое, што кожны рубель у нашай краіне даводзіцца дабываць з вялікімі намаганнямі, ўсё ж трэба ўмець цешыцца жыццём.
– Беларус без ведання мовы — беларус?
Мова, на маю думку, – носьбіт культуры. Тым больш, што беларуская мова ўнікальная па многіх сваіх характарыстыках. Я лічу, што яна ў разы багацей той самай вялікай і магутнай, і страціць гэта багацце ніякім чынам нельга.
Калі беларус лічыць сябе сучасным чалавекам, прафесіяналам у сваёй справе і валодае некалькімі мовамі, то што тады замінае яму ведаць беларускую мову?
— Чым беларускім Вы ганарыцеся?
Я ганаруся патэнцыялам, які ёсць у нашай краіны, той таленавітай і прасунутай моладдзю, якая ўжо многае ведае і разумее ў самым пачатку сваёй прафесійнай дзейнасці.
Рашэнні, якія сучасная моладзь будзе прымаць крыху пазней, зменяць нашу краіну у лепшы бок.
– Што робіць беларусаў адметнымі ва ўсім свеце?
Я думаю, што мы па большай частцы такія ж як і ўсе еўрапейцы. Хтосьці кажа, што беларусы больш ветлівыя, спагадлівыя і добрыя. Беларусы не будуць грубіць і хаміць. Пэўна, што гэта так, але наўрадці гэта робіць нас такімі ўжо своеасаблівымі.
Хутчэй адсутнасць агню ў вачах і жыццесцвярджальнага аптымізму вылучае нас сярод астатніх.
— Якой Вы бачыце будучыню Беларусі?
Імкненне моладзі быць актыўнай, яе высокі ўзровень адукаванасці, здольнасць хутка ўбіраць усё новае і каштоўнае, што адбываецца ў свеце, зробіць жыццё ў нашай краіне кардынальна іншым, чым цяпер. У любым разе, гэта будзе рух у бок еўрапейскасці, цывілізаванасці, а таксама развітых эканамічных і сацыяльных адносін. Гэта адбудзецца праз 10-15 гадоў, калі сённяшнія маладыя людзі пачнуць уплываць на працэсы ў краіне.