Рэп-кор праект Сярогі з гітарыстам ТТ-34 Дамавым “Туфлі гну” могуць папракнуць у жорсткасьці, лютасьці, агрэсіі і нават экстрэмізьме. І будуць мець рацыю.
Бывае, што артысту дакучае адпавядаць навязаным фарматам, чаканьням публікі ды ўсялякай іншай трасцы, якая суправаджае вялікі шоў-біз, і карціць агучыць іншыя свае думкі, часам зусім ужо нечаканыя і парадаксальныя. Без цэнзуры, намёкаў, двухсэнсоўнасьці. І тады адбываецца цуд. Ён ужо адбыўся зь Міхалком, калі паўстаў “Капітал”, а цяпер адбываецца зь Сярогам. Паралельна з рэп-альбомам “50 оттенков Серого”, запісаным у новым вобразе – тонка, сумленна, душэўна, (сама)іранічна, ён прадставіў уціхую яшчэ праект “Туфлі гну” – поўную антытэзу таму, што ён рабіў дагэтуль. Праект характарызуецца цяжкім, насычаным, гразкім гард-коравым гукам з гітарай удзельніка ТТ-34 Сяргея Кузьмянкова і проста забойчымі тэкстамі. Пяецца ад героя, даведзенага да адчаю, вулічнага змагара, ахвяры сыстэмы – як заўгодна. Ён гатовы падзяліцца з усімі рэцэптам кактэйлю Молатава ды распавесьці як эфектна выкарыстаць цагліну ў супрацьстаяньні з спэцназам (“Коктейль Молотова”, “Кирпич”). Яго ўводзіць у шаленства замбаванае грамадзтва ды імкненьне (уяўнай) дзяржавы ўзяць усё пад татальны кантроль (“Зомби”, “Удобные люди”). Ну а дзікі вокліч “Хуле вы катаеце вату” з маляўнічым кліпам, дзе гопнік туды-сюды возіць па двары тачанку, – гэта ўжо для тых, хто усё яшчэ сумняецца, на чыім баку артыст у гэтым баі. Цікава, што альбом гэты пачаў рыхтавацца яшчэ да падзеяў на Майдане і расійска-ўкраінскай вайны. Пархоменка пяе так, нібы бачыў пекла. Лютасьць, нянавісьць, жорсткасьць і жарсьць, зь якою падаецца матэрыял, можа ўразіць нават самых гарачых. А некаторых пакрыўдзіць – напрыклад, тых, хто зь піетэтам ставіцца да рускай рок-сцэны (гл. кліп “Корм”). Выбух быў бы неверагодны, калі б “Туфлі гну” увайшлі ў кааліцыю з Brutto. Што б там ні казаў Сярога, ёсьць у іх шмат чаго супольнага.
Прадстаўлены дэбютны рэліз “Туфлі гну” ў вельмі незвычайным фармаце – відэаальбому, куды ўвайшлі сем анімаваных ролікаў. Выйшаў такі музычны сэрыял вострасацыяльнай скіраванасьці. Фармат спрэчны, бо аднаразовы. Глядзець цікава, але ў трэці-чацьвёрты раз вяртацца ня карціць. Цікава, што Сярога зусім не карыстаўся сваім імем і магчымасьцямі для прасоўваньня гэтага праекту (толькі што зводзіў гукач, што працаваў з AC/DC і Bon Jovi). Тым і тлумачыцца, мусіць, невялікая колькасьць праглядаў відэа і адсутнасьць жывых выступаў. Выглядае проста на выкід негатыўнай энэргіі, мімалётнае жаданьне выказаць сыстэме дызрэспэкт ды рэалізаваць свае самыя сьмелыя музычны мары. І гэта 10+.
Сяргей Будкін