Сярога. У глыбіні палескіх балот

Самы нечаканы і душэўны альбом 2014 запісаў напампаваны Сярога ў вобразе сумнага блазна.

Той, хто ня чуў Сярогу з часоў “Чорнага бумеру” (2004) ці нават апошняга сынглу “Іванава” (2010), падзівіцца моцна. Рэпер з Гомелю, які даўным-даўно жыве ў Кіеве, зруйнаваў ушчэнт свой ранейшы вобраз ды адбудаваўся наноў. Цяпер ён ня ставіць за мэту добра прадаць чарговую спартовую частушку на патрэбу пацаноў з раёну, а робіць тое, што жадае і да чаго імкнецца душа.

Піруэт, падобны да Міхалкоўскага, на першы пагляд. Новы Сярога таксама пачуваецца блазнам, ён тонка адчувае і пераймаецца з таго, што наўкол, і гатовы паказаць фак ва ўвесь рост, пра што сьведчыць, напрыклад, праект “Туфлі гну”. “Хуле вы катаеце вату?”, гэта ўжо пытаньне ад чалавека сасьпелага, якому сапраўды ёсьць што сказаць. Яшчэ з паралеляў з былым лідэрам “Ляпісаў” – праект “Айвенго”, у якім Сярога выкрыў увесь гэты рэп-кал, што распладзіўся на прасторах постсаўка (Міхалок у суполцы Brutto таксама агнём і мячом прайшоўся па псэўдарусрокерах). Сярога, між іншым, таксама набраў мышачную масу і карэнным чынам зьмяніў імідж, праўда што да прапаганды здаровага ладу жыцьця яшчэ не дайшоў. Ён наогул зрабіў нечаканае – запісаў вельмі тонкі альбом філязофскіх песьнясьпеваў. Вельмі шчыры і адкрыты, на аголеным нэрве. Можа, каму ён і нагадаў зламанага робата і Мікі Рурка, тут жа ані каліўца заігрываньня і аніводнага гіта ў тым ягоным стэрэатыпным разуменьні – на першы пагляд, усё квола, па-старыкоўску мудра і ў нечым занудна. Біты смачныя і тлустыя, але ня б’юць у пах, голас круты, але вяшчае няпростыя рэчы, якія не падхопіш, трэкі цягучыя настолькі, што некаторыя адчуваюць ад іх смак толькі калі слухаюць на паскарэньні. Дваровая гапата ў шоку, карацей.

Але ў гэтай прыцішанасьці, стоенасьці, разважлівасьці, сумнай іранічнасьці і ў стомленым голасе – увесь сэнс і ўвесь смак. Неймаверна захапляльна слухаць чалавека, які наважваецца на публічную споведзь. Ён адкідвае як непатрэбнае гэтую найграную весялосьць, няма патрэбы ў яго камусьці спадабацца. Ясна, што калі б “50 адценьняў” былі першым дыскам Сярогі, то ён бы даў пару дзясяткаў канцэртаў у “Графіці” ды сьпіўся б ці яшчэ чаго ў гэтым духу. Кіеў і Масква не дазналіся б пра гэтага хлапчука. Як не дазналіся, напрыклад, пра Міцю Аўчыньнікава ды яго праект Jah#ponica, чалавека калясальнага таленту (некаторыя трэкі нагадалі). Але зь іншага боку, такога прыўкраснага нудоцьця той Сярога не даў бы рады вымудрыць, да такога альбому трэба дайсьці. Каб не склалася ўражаньня – гэты амаль 40-гадовы мужчына не пускае тут соплі, ён проста разважае. Тэксты самі па сабе празаічныя, але ў канкрэтна Сярогавым кантэксьце – гэта адкрыцьцё. Ён адкрыў сам для сябе і дзеліцца гэтым адкрыцьцём.

Альбом вырашаны ў адным настроі, за выняткам песенькі пра Кубу (“Никто не прятал слёз”) ды старога гіта, перасьпяванага на новы лад – і без таго трагічная песьня пра Лялю тут прысутнічае ў скрайне суіцыднай вэрсіі. Паказальна, што ажно шэсьць з 11 трэкаў Сярога вырашыў экранізаваць. Гэтыя ягоныя новыя кліпы – таксама цуд.

Талкова. Душэўна. Прыгожа. Тонка. Густоўна.

Альбом можна паслухаць на “Яндэксе.Музыка” і набыць праз iTunes.

Ідэя: 10
Выкананьне: 10
Тэксты: 10
Запіс: 10
Аздабленьне: 10

Сяргей Будкін