«Кніга пра жыццё, кніга пра каханне, кніга пра нас» альбо «Нясумная кніга беларускага выгнанца» — так характарызуе свой зборнік прозы «Пералёт-трава» пісьменнік і праваабаронца Сяржук Сыс. Кніга выходзіць у выдавецтве «Logvino Literatūros namai» напрыканцы сакавіка.
У аповесці «Пералёт-трава» падрабязна і рэалістычна распавядаецца пра падзеі ў Беларусі пасля выбараў 2020 года, пра лёсы тых беларусаў, якія вымушаныя былі пакінуць радзіму з-за крымінальнага пераследу, пра салідарнасць, якая дапамагае вытрымаць няпростыя выпрабаванні ў міграцыі.
«Аповесці ў жанры нон-фікшн, якія я ўключыў ў кнігу, з’яўляюцца, як мне падаецца, каштоўнымі сведчаннямі падзей, якія адбыліся ў Беларусі пасля 2020 году: масавыя рэпрэссіі ў дачыненні да прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, вымушаная міграцыя дзесяткаў тысяч беларусаў, праблемы з адаптацыяй у новых умовах. Гэта толькі частка перажытага героямі кнігі. «Пералёт-трава» — шчыры і эмацыйны партрэт непрадказальнай рэчаіснасці, спалучаны з вераю ў чалавечую салідарнасць, вераю у каханне, якое, магчыма, і выратуе гэты свет. Пасля выдання кнігі я планую правесці шэраг чытацкіх сустрэч у Літве і Польшы, распавесці пра сваю творчаць, пра новую кнігу, а таксама адкажу на любыя пытанні», — распавядае Сяржук Сыс.
У кнізе таксама змешчаныя аповесць «За частаколам», гэткі своесаблівы дзённік звычайнага беларускага псіха, дзе распавядаецца пра псіхіхалагічныя станы эмігрантаў і ўцекачоў з Беларусі, апавяданні, напісаныя за апошнія гады, а на завяршэнне — цікавыя карацелькі-жыццёвінкі, некаторыя з іх друкаваліся ў перыёдыцы і сталі легендамі.
«Дагэтуль у мяне выдаваліся паэтычныя зборнікі, апошні з якіх — кніга вершаў «DOM» — якая была прэзентаваная ў мінулым годзе і сёння яшчэ запатрабаваная ў чытачоў. Падрыхтаваная да друку новая паэтычная кніга «Прыручэнне Літвой». Але паэзія — гэта балюча і складана. Таму вось і паспрабаваў звярнуцца да прозы. Што атрымалася — скажуць чытачы новай кнігі» — кажа аўтар.
На краўдфандынгавай платформе Gronka абвешчаны збор на выданне кнігі «Пералёт-трава». Данатары, якія падтрымаюць праект, будуць мець магчымасць атрымаць кнігу з аўтарскім аўтографам.
Сяржук Сыс — беларускі паэт, публіцыст, перакладчык і праваабаронца. Друкаваўся ў рэспубліканскіх і замежных выданнях; аўтар шматлікіх калектыўных зборнікаў і анталогій, а таксама кніг паэзіі «За трапяткім матыльком кахання» (2000), «Стрэмка» (2011), «Павук» (2014), «DOM» (2024). Лаўрэат прэміі «Залаты апостраф» (2008), пераможца Мінскага фестывалю аднаго верша (2009). Творы перакладаліся на шматлікія замежныя мовы.