14 красавіка адзначаецца гадавіна нараджэння беларускага грамадскага і палітычнага дзеяча Сымона Рак-Міхайлоўскага. З гэтай нагоды «Будзьма!» вырашыла спомніць нястомную дзейнасць і складанае жыццё нашага палітыка-адраджэнца.
Пастух і фалькларыст
Асоба Сымона Рак-Міхалоўскага — грамадскага дзеяча, палітыка, публіцыста і выкладчыка — з’яўляецца значнай і ў пэўных аспектах паказальнай для гісторыі Беларусі першай паловы ХХ стагоддзя, хоць і не самай вядомай (на фоне Ластоўскага, Луцкевічаў, Смоліча, Лёсіка і іншых). Сымон нарадзіўся ў незаможнай сялянскай сям’і ў 1885 годзе. Ужо з дзяцінства ён быў вымушаны працаваць, каб дапамагаць карміць сям’ю, клопат пра якую лёг на матчыныя плечы: спачатку пастухом, а пазней дрывасекам. Нягледзячы на складаныя ўмовы жыцця, хлопец выявіў прагу і вялікае памкненне да ведаў і здолеў скончыць пачатковую школу ў Радашковічах, пасля якой у пятнаццацігадовым узросце паступіў у Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю.
Пасля заканчэння адукацыі Сымон некалькі гадоў працаваў настаўнікам у беларускіх мястэчках. Менавіта ў гэты перыяд яго надзвычай зацікавіў нацыянальны фальклор. Так, акрамя асветніцкай дзейнасці ён пачаў вывучаць, збіраць і запісваць мясцовы фальклор і, паводле некаторых падлікаў, паспеў сабраць больш за тысячу беларускіх абрадаў, песень, казак, прымавак, легенд і іншага.
Арышт і Крым
Гэта быў пачатак істотных сацыяльна-палітычных зменаў. Таму малады чалавек пачаў актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці і неўзабаве ўключыўся ў актыўную палітычную дзейнасць. Так, ён быў абраны мясцовымі сялянамі (на Радашкоўшчыне) у якасці хадака ў расійскую Дзярждуму, займаўся агітацыяй і палітычнай асветай, распаўсюджваў улёткі эсэраў, РСДРП, БСГ і іншыя і за сваю дзейнасць быў арыштаваны на тры месяцы. Адначасова з гэтым Сымон усё больш ангажаваўся ў беларускую справу, выступаў за нацыянальнае вызваленне.
Праз сваю актыўную дзейнасць Сымон, каб працягнуць навучанне, быў вымушаны на некаторы час з’ехаць з радзімы ў Крым, дзе паступіў у педагагічны інстытут Феадосіі і дзе застаўся пэўны час працаваць выкладчыкам. Менавіта ў Крыме ён узяў шлюб, у якім нарадзіліся дачка і сын — Рагнеда і Рагвалод.
Неўзабаве ў жыцці Сымона Рак-Міхалоўскага пачаўся новы перыяд. Спачатку Першая сусветная вайна, а потым рэвалюцыя 1917 года пацягнулі шэраг грамадска-палітычных працэсаў, у якія надзвычай актыўна ўключыўся і малады чалавек.
Старшыня вайсковай рады, БНР
У 1917 годзе Сымон Рак-Міхалоўскі пераехаў у Мінск. Тут ён уступіў у партыю «Беларуская сацыялістычная грамада» (і неўзабаве быў абраны ў ЦК партыі), да якой належалі браты Луцкевічы, Алаіза Пашкевіч, Вацлаў Іваноўскі, Карусь Каганец і многія іншыя вядомыя дзеячы адраджэння. А праз некалькі месяцаў узяў удзел у з’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый, на якім быў утвораны Беларускі нацыянальны камітэт.
Сярод кірункаў, у якіх Рак-Міхалоўскі працаваў асабліва старанна, можна адзначыць вайсковы і асветніцкі. У прыватнасці, ён займаўся арганізацыяй беларускіх вайсковых з’ездаў і супольнасцяў, апекаваўся стварэннем нацыянальнага войска. Так, ён стаў старшынёй Часовага выканаўчага камітэта Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, якая адказвала за фармаванне нацыянальнага войска. У той жа перыяд ён стаў сакратаром беларускай школьнай падкамісіі пры Мінскай гарадской думе. У значнай ступені Сымон Рак-Міхалоўскі быў датычны да правядзення Першага Усебеларускага з’езда, на якім неаднойчы старшынстваваў, і ўвайшоў у Выканаўчы камітэт яго Рады.
Потым да кола яго актыўнасці далучыўся міжнародны кірунак. Спачатку ўдзел у якасці назіральніка на савецка-германскіх перамовах у Брэст-Літоўску. Потым, з абвяшчэннем незалежнасці БНР, украінская місія — рэалізацыя шэрагу стратэгічных задач БНР праз супрацу з УНР.
Па вяртанні ў Мінск, нягледзячы на няўдачы ўкраінскай місіі і змену сітуацыі ў сталіцы, Сымон Рак-Міхалоўскі працягнуў актыўную палітычную і адраджэнскую дзейнасць. У прыватнасці, ён лічыцца адным са стваральнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, якая паўстала пасля расколу БСГ. Таксама працягнуў асветніцкі кірунак, спрычыніўся да стварэння беларускіх школ у вёсках і стаў дырэктарам першых мінскіх беларускіх настаўніцкіх курсаў.
Дэпутат польскага парламента
Рак-Міхалоўскаму, як і ягоным паплечнікам, даводзілася дзейнічаць не толькі ва ўмовах напружанай унутранай палітычнай барацьбы, але і ва ўмовах то нямецкай, то савецкай, то польскай акупацыі. У 1919–1920 гадах ён уваходзіў у Часовы беларускі нацыянальны камітэт, Беларускую вайсковую камісію, аргкам Беларускага праваслаўнага народнага брацтва, Найвышэйшую Раду БНР, узначальваў Беларускую цэнтральную школьную раду, працаваў дырэктарам курсаў беларусазнаўства.
З прыходам савецкіх войскаў Рак-Міхалоўскі пераязджае на захад. Спачатку ў Гародню, дзе кароткі перыяд займаўся арганізацыяй школ, працаваў інструктарам аддзела асветы і выкладчыкам Гродзенскай беларускай гімназіі, а пазней у Вільню. Тут ён узначальваў беларускія настаўніцкія курсы, выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі, удзельнічаў у Беларускім нацыянальным камітэце, Беларускім таварыстве дапамогі пацярпелым ад вайны, Беларускім выдавецкім таварыстве, Таварыстве беларускай школы, стварыў Беларускую партыю незалежных сацыялістаў.
У 1922 годзе Сымон Рак-Міхалоўскі быў абраны ў польскі парламент як прадстаўнік Лідскай акругі, што давала яму асаблівыя магчымасці ў далейшай палітычнай і агітацыйнай дзейнасці, у прыватнасці праз статус недатыкальнасці. У гэты ж перыяд ён не толькі працягвае зносіны з урадам БНР у выгнанні, але і наладжвае стасункі з прадстаўнікамі БССР і беларускімі камуністамі. Так, ужо ў 1927 годзе ён (разам з іншымі лідарамі БСРГ падчас разгону партыі, склад якой на той час налічваў каля 100 тыс.!) быў арыштаваны польскімі ўладамі за так званую камуністычную прапаганду і вызвалены толькі ў 1930 годзе.
«Падзяка» ўладаў БССР
Адразу пасля вызвалення Сымон Рак-Міхалоўскі пераехаў у БССР. У Мінску ён пачаў працаваць у сектары навукі Наркамата асветы БССР, а неўзабаве быў прызначаны дырэктарам Беларускага дзяржаўнага гістарычнага музея. Разам з тым Рак-Міхалоўскага абралі сябрам ЦВК БССР і дома вучоных і секцыі навуковых работнікаў.
Але савецкія ўлады адчувалі пагрозу з боку моцных асобаў і палітыкаў, падобных да Рак-Міхалоўскага. Яго напаткала тыповая для многіх выбітных беларускіх дзеячаў таго часу «падзяка» ад саветаў за працу на карысць Беларусі і беларускай справы.
Ужо ў 1933 годзе Сымон Рак-Міхалоўскі быў арыштаваны ва ўласнай кватэры, а пазней як «арганізатар і кіраўнік контррэвалюцыйнай арганізацыі БНЦ» прысуджаны да расстрэлу. Але спачатку прысуд змянілі на дзесяць гадоў у лагеры, а праз некалькі гадоў Сымона Рак-Міхайлоўскага этапавалі з Салавецкага лагера ў Мінск і прысудзілі да расстрэлу.
Кірыл Стаселька, budzma.by