У зацішным дворыку ў цэнтры старой Гародні дзяўчына ў доўгай сукні настройвае гітару, поруч купка маладзёнаў прысела на будаўнічы паддон, прысыпаны жоўтым лісцем, з самотнай алычы звешваюцца шкляныя слоікі са знічкамі ўсярэдзіне і выразаныя з фанеры сэрцы. Вось-вось Таццяна пачне праграму з сімвалічнай назвай “Я веру ў любоў”.
Наогул гэта першы паўнавартасны творчы вечар Тані Беланогай у горадзе над Нёманам, які стаў магчымым дзякуючы кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Пры гэтым Таццяна прызнаецца, што бывала ў Гародні не раз і не два, любіць тут “шопіцца” , а таксама абавязкова наведвае паэтку Дануту Бічэль, на вершы якой у свой час напісала некалькі песняў.
На бетонных сходах побач з імправізаванай сцэнай некалькі дыскаў апошняга альбома Тані “Святло і цені”. Большасць сённяшніх кампазіцыяў акурат адтуль, але прагучалі і добра вядомыя публіцы “Балюча”, “Я паеду на метро”, “Да цябе”, “Над хронікай 30-х” і інш.
Агульная атмасфера шчырая і добразычлівая – на пляцоўцы нават некалькі мамаў з дзіцячымі вазочкамі. На гукі гітары ды моцнага, але пры гэтым пяшчотнага голасу час ад часу з цёмнай брамы, якая вядзе на Савецкую вуліцу, завітваюць людзі. Нехта застаецца, нехта праз імгненне вяртаецца ў цемру.
Цягам вечара Беланогая расказвае пра гісторыю стварэння некаторых песняў альбо людзей, якія натхнілі на іх. Нагодай для верша магла стаць жыццёвая сітуацыя – голуб, які б’ецца аб шкло на вакзале ў Маладзечне (“Зіма, вакзал”), альбо шчымлівае адчуванне несправядлівасці падчас агульнага маўчання па смерці нацыянальнага генія Анатоля Сыса (“Дзеці неба”).
Праграма заканчваецца яшчэ да надыходу цемры. Знічкі, не згаслыя ад ветру, тушаць валанцёры, мікрафон і стойкі хаваюцца ў похвы, паштоўкі з аўтографамі спявачкі едуць разам з дзяўчатамі ды хлопцамі ў вузкіх джынсах на розныя бакі горада, двор пусцее. Таня спяшаецца. Ёй яшчэ трэба паспець да Дануты Янаўны, а пасля – начным цягніком на Мінск.
Алесь Кіркевіч, фота аўтара
Тэгі: Горадня