Таццяна Заміроўская: «Каб стаць «зоркай», трэба памерці і нарадзіцца ў іншай краіне»

У працягу серыі інтэрв’ю праекту «Захапленні» абмяркоўваем і спрабуем зразумець змест паняцця «зорка». Ці ёсць у Беларусі “зоркі” і чым яны адрозніваюцца ад замежных калегаў? Што трэба зрабіць беларускаму альтэрнатыўнаму музыку, каб стаць знакамітасцю? Гутарым з Таццянай Заміроўскай, пісьменніцай і музычным крытыкам.

— Таня, што ў тваім разуменні «зорка»?

— Пачнем з таго, што маё меркаванне пра тое, хто з’яўляецца класным музыкам, часта не супадае з грамадскім разуменнем чыёйсьці «зорнасці». «Зорка» — гэта хутчэй сацыякультурная катэгорыя, ролевая мадэль, якая адпавядае чаканням нейкіх груп людзей.

 — Атрымліваецца, «зорка» або «не зорка», вырашаюць самі спажыўцы, а таксама час і сацыякультурнае асяроддзе, у якім яны жывуць. А можа, гэта робяць за іх прадусары? Можа, яны вырашаюць, што будуць слухаць і глядзець заўтра звычайныя людзі?

— Мне здаецца, што паняцце «зорка» фармуецца грамадствам у пэўны час і ў пэўнай прасторы. Заўсёды існуюць нейкія культурныя чаканні, і калі знаходзіцца чалавек, які адпавядае гэтым чаканням, пазл складаецца. І, адлюстроўваючыся ў гэтым абраным, грамадскі запыт служыць імпульсам для людзей: імпульсам да самаразвіцця або проста для дурной цікаўнасці.

— А які беларускі грамадскі запыт на «зорак»?

— Мы не заўсёды самастойныя ў гэтым запыце: у сілу досыць беднай медыяпрасторы адсутнасць «зорак» у сучаснай беларускай культуры часцяком сублімуецца рухамі «зорак» расійскіх. Беларусы чытаюць «Камсамольскую праўду» і глядзяць расійскія ТБ-каналы, праз што ім цяжэй арыентавацца на лакальных беларускіх «зорак». Але яны ёсць (нашае падабенства расійскага чароўнага Алімпу): уключы БТ у навагоднюю ноч і ўбачыш, што ў нас таксама ёсць «блакітныя агеньчыкі» са сваімі знакамітасцямі. Афанасьева, Дарафеева, Абалян, Хлястоў — хто там яшчэ?.. Саша Нема! Да гэтага часу я не ведаю ніводнай яго песні, але ўсё гэта беларускія «зоркі», таму што вакол іх адбываецца дбайная імітацыя тых жа працэсаў, што і ў жыцці сапраўдных сусветных «зорак».

— Дык усё ж яны «зоркі», па-твойму? І што гэта павінна было б значыць?

— Асабіста я лічу, што сапраўдных «зорак» у нас няма, але я не магу закрываць вочы на ​​тое, што ў нашай культурнай прасторы ёсць імітацыі гэтай з’явы. Яны нібыта несапраўдныя, але яны ёсць. Хоць аб’ектыўна «зорак» няма: дзе беларус, чыю песню спяваў бы ўвесь свет? За выключэннем Мулявіна. І Міхалка, які сёння з’яўляецца адзінай «зоркай» ад беларускай музыкі. А ўсе астатнія нашыя «знакамітасці», што называецца, прыцягнутыя за вушы. Іх піяршчыкі і прадусары спрабуюць схапіць нейкія законы, паводле якіх «куюцца» заходнія «зоркі». Адрозненне ў тым, што там шлях «зоркі» будуецца падзейным чынам: вось чалавек нарадзіўся, сустрэў гэтых музыкаў, запісаў свой галоўны хіт і ў выніку, пасля таго як усе звярнулі на яго ўвагу, зрабіўся знакамітым. У нас «зоркамі» робяць шляхам імітацыі сацыякультурнага варушэння, якое адбываецца вакол замежных знакамітасцяў: атачыць чалавека нейкім надуманых кантэкстам, пісаць яму «ўзнёслыя» прэс-рэлізы, заіскрыць яго канцэрты бліскаўкамі і мішурой. Саладуха — «зорка» толькі таму, што яму адпавядае ўся гэтая дыскурсіўная атрыбутыка «зорнасці».

— Чаму ў Беларусі не з’яўляюцца “зоркі” зыходзячы з кантэксту “асоба”, “харызма”?

— Таму што нашыя музыкі, якія хочуць стаць «зоркамі», не заўсёды разумеюць, што для гэтага трэба рабіць. Але гэта нармальна, бо яны творчыя людзі. Горшае тое, што ў нас няма ніякай прадусарскай школы, якая рыхтавала б спецыялістаў сваёй сферы, піяршчыкаў. Нешматлікія беларускія піяршчыкі, не ведаючы пэўных законаў, спрабуюць імітаваць сваю занятасць у шоу-бізнэсе. Так з’яўляюцца смешныя і часам цалкам дурныя прэс-рэлізы, якія можна расцягваць на цытаты. Напрыклад, я вельмі люблю прэс-рэлізы Вольгі Плотнікавай, якія падаюцца ў манеры жыццяпісу, скажам, Дэвіда Боўі: у 1976 годзе Дэвід зайшоў у нейкі клуб Берліна, дзе яму прадалі няякасны какаін, яму зрабілася дрэнна, але ў выніку ўсё абышлося. Так і з Плотнікавай: як навіна падаецца тое, што спявачка купіла сабе машыну, выехала на ёй кудысьці, перавысіла хуткасць на 10 км, яе спыніў даішнік, але ўсё абышлося, таму што яна падарыла яму свой бясцэнны дыск.

 — Такі PR працуе?

Ён працуе, але смешна гэта ўсё. У нас «зорак» няма яшчэ і таму, што няма індустрыі, няма вялікіх грошай за ўсім гэтым. А значыць, няма адпаведнага ладу жыцця: людзі не купляюць какаін, таму што баяцца сесці ў турму, не разбіваюць дарагія машыны, таму што на іх няма грошай. Гэта не тая краіна, дзе могуць жыць сапраўдныя «зоркі».

— Але ж не толькі ў нашай сучаснасці рэч: зразумела, палітычныя і эканамічныя асаблівасці, але, думаю, павінная быць яшчэ і культурная глеба, якая прыносіць штогод новы «ўраджай» знакамітасцяў.

— Праўда. Вось у Амерыцы гэтая культура ёсць, а ў нас у часы жалезнай заслоны яна падмянялася марамі пра амерыканскую культуру, якую мы ўсе ўспрымалі вельмі скажона. Менавіта таму ў нас такое ўяўленне пра тое, як правільна імітаваць жыццё «зорак». У Амерыцы зарадзілася масавая культура, і ўвесь гэты час яна цалкам паспяхова развівалася. У Беларусі вырабляецца лакальная культура, якая дзейнічае паводле сваіх законаў. І ў нашай краіне (у адрозненне ад тых, дзе шоу-бізнэс развіваецца паводле сусветных законаў) «зоркай» цалкам можа стаць чалавек без таленту, які спявае дрэнныя песні. З іншага боку на гэтым «зорным» фоне дастаткова добра выглядае беларуская альтэрнатыўная музыка: у нас ёсць шмат музыкаў, у якіх ёсць і талент, і харызма, і належная адукаванасць, якая дазволіла ім увабраць усё найлепшае, што ёсць у свеце і ў роднай культуры.

— І запал, і жаданне быць знакамітым у многіх ёсць, але чаму яны не робяцца «зоркамі» ў нашай краіне?

— У Беларусі немагчыма быць вядомым, таму што ў нас няма суцэльнага культурнага поля. Вядома, можна лічыць культурным полем людзей, што гавораць па-беларуску і цікавяцца нашай лакальнай культурай, але гэта ўсё ж не даміноўны ў грамадстве культурны кантэкст. Гэта значыць, калі ты вядомы ў адным культурным полі, у іншым цябе ўвогуле не існуе і ніхто цябе не ведае.

— Можа, “зоркі” не растуць тут, бо ў Беларусі многае «складана» або забараняецца, праз што творчасць часцяком выглядае як самадзейнасць, а не як прафесійная дзейнасць?

— Не згодная: у нас хутчэй самадастатковасць, чым самадзейнасць. Магчыма, менавіта дзякуючы ізаляванасці ад сусветных працэсаў у Беларусі часта выспяваюць вельмі нестандартныя падыходы да многіх відаў мастацтва. І гэта выдатна.

— Ёсць унікальны прадукт, жаданне быць «зоркай» — усё ёсць, але не атрымліваецца. Што яшчэ трэба зрабіць беларускаму альтэрнатыўнаму музыку, каб стаць сапраўднай знакамітасцю? Можа, звярнуцца па дапамогу да замежных прадусараў?

— Што яму зрабіць? Памерці і нарадзіцца ў іншай краіне. Не, праўда!

— Гэта значыць, ты паставіла крыж на Беларусі як на краіне, у якой можа з’явіцца шырокая медыйная прастора?

— Ну няма яе ў нас, і яна не з’явіцца. Гэта пытанне накшталт таго, чаму ў гэтым пакоі не змесціцца слон. Я не ведаю, якога дакладна памеру слон і якога гэты пакой, але я ўяўляю слана і бачу, што ў гэтыя дзверы ён не ўвойдзе, як і ў акно. Яго не зацягнеш на другі паверх. Гэта проста немагчыма. Гэта пытанне без адказу, чыстая філасофія. Але Мулявіна можна назваць «зоркай», таму што ён ёй быў. Міхалка я таксама лічу «зоркай». Але ў яго асаблівы лёс, і ён хутчэй выключэнне з правілаў. Магчыма, «зоркай» ён стаў таму, што вырваўся з беларускага кантэксту. У першую хвалю сваёй папулярнасці Міхалку чагосьці не хапала да «зорнасці». Пафасу, мусіць: ён быў занадта самаіранічным. Ён і цяпер несур’ёзна да сябе ставіцца, але ў ім з’явіўся дыхтоўны грамадзянскі пафас, які дазволіў яму стаць тым Міхалком, якім ён ёсць цяпер. Ён — «зорка» таму, што ён — рэвалюцыянер, ён ролевая мадэль: усе хочуць быць як Міхалок. У мяне вельмі шмат знаёмых (ды я і сама належу да ліку гэтых людзей), у чыім беларускім маркотным і дэпрэсіўным светапоглядзе Сяргей нешта змяніў. Змяніў стаўленне да сітуацыі “мне ўжо 30, і жыцця не памяняць”. Міхалок паказаў усім, што любая херня, якая адбываецца ў нашым жыцці, не прысуд. Усё можна змяніць у любым узросце. Няважна, як нізка ты паў, заўсёды ёсць шанец усё павярнуць назад, усё можна выправіць. І гэта стала натуральным прасвятленнем для мяне і маіх шматлікіх знаёмых.

 

— Я падумала пра тое, што ў кожнай краіне ёсць нейкія культурныя крытэры, паводле якіх людзі выбіраюць свайго героя. Прыклад Міхалка не такі ўжо галавакружны, каб так здзіўляцца. Кідыс або Колтрэйн не сталі большымі «зоркамі» ад таго, што ў нейкі момант перасталі калоцца. Але падобны выпадак атрымаў немагчымы водгук менавіта ў Беларусі.

— Цяпер такі перыяд развіцця культуры, што нам пакуль патрэбныя не “зоркі”, а героі. Унутранымі беларускімі «зоркамі» не так складана стаць (поп-зоркамі наогул прызначаюць), а героямі робяцца тыя, хто нам сапраўды патрэбны. І гэта складаней. Таму што прызнаць, што нам, гультаяватым і загнаным беларусам, патрэбен герой — ужо паўсправы. Герояў мы выбіраем самі, і тыя, хто гатовы імі быць, робяцца імі.

— Ты кажаш, так лёгка стаць «зоркай»: захацеў і стаў. Але я ведаю некаторых музыкаў, гурты, якія проста са скуры вылузваюцца, так хочуць быць «зоркамі», а не атрымліваецца. А ў гэты час музыкі ад эстрады, што па ТБ спяваюць, — аўтаматычна “зоркі”. У чым рэч? У тым, што адны — прадстаўнікі альтэрнатыўнай культуры, а другія — афіцыйнай? Адных паказваюць па тэлеку, а другіх — не?

— Так, цікава: аднаго жадання недастаткова. І Аляксандр Саладуха, і Піт Паўлаў — перакананыя «зоркі», але першы «зорка», а другі — не. Можа, і сапраўды таму, што яго няма ў тэлевізары, а значыць, пра яго не ведаюць усе гэтыя цётачкі і бабулі. Рэч не ў таленце: гэтыя два музыкі — абодва таленты, кожны ў сваім жанры. Дапамажы мне, я спрабую сфармуляваць, у чым адрозненне. Што ёсць такога ў Саладухі і Хлястова, але няма ў Паўлава і, напрыклад, гурта Open Space?

— Я глыбока ўпэўненая, што ў нашай краіне пытанне “зорнасці” вырашае тэлевізар: паказваюць па ім музыку ці не.

— Ведаеш, я, мабыць, з табой пагаджуся. Я тут успомніла, што былі часы, калі беларускі рок быў вельмі папулярным. Яго ўвесь час круцілі па тэлеку: уключаеш — то «Крама» спявае, то «Палац», то N.R.M. — яны сапраўды былі знакамітасцямі. І рокеры, і папсавікі, таму што іх усіх паказвалі па ТБ, пра іх пісалі ў часопісах і газетах. І ты маеш рацыю: гэта рэальна масавая свядомасць такая, што калі чалавек ёсць у тэлевізары, то ён знакаміты. Калі ў мяне выйшла кніжка, маіх бацькоў, здаецца, больш парадавала, што пра мяне ў “Камсамолцы” напісалі, чым уласна выхад кнігі.

— А табе самой гэта было важна? Каб напісалі? Ты хацела б стаць «зоркай»?

— Ой не, што ты! Я гэта зразумела, калі сутыкнулася з унутранай немагчымасцю «раскручваць» сваю кніжку тут, у Беларусі, дзе большасць не цікавіць ні літаратура, ні магчымасць узнікнення ў нас сваіх «зорак». Пачні я тут сябе масава прэзентаваць, пайшло б абмеркаванне, добра ці дрэнна напісаная кніга, вартая я таго, каб быць “зоркай” ці не, пачалася б дзвіжуха… Думаць, што мой вобраз існуе дзесьці па-за мной, страшна неяк. Ад усёй гэтай увагі, па-мойму, моцна дэфармуецца асоба. Слухай, я вось падумала, што, магчыма, у Беларусі (да ўсіх іншых абставін) сярод творчых людзей вельмі шмат інтравертаў. Усё так заблытана і ненармальна, але гэтая дзіўная сітуацыя, паўтаруся, дае вельмі цікавыя прадукты культуры: у музыцы, літаратуры, мастацтве, тэатры. Ну, не наканавана таленавітым людзям стаць тут масава знакамітымі і заможнымі. Але, магчыма, ім гэтага і не трэба: тыя, хто па-сапраўднаму любіць сваю справу і захоплены ёю, проста яе робяць, робяць якасна і знаходзяць сваю аўдыторыю, хай і не масавую. Так, «зорак» тут няма, але ў Беларусі робіцца вельмі шмат цікавай і якаснай музыкі, і асабіста для мяне гэта вельмі важна.

Ганна Трубачова, фота Аляксандра Tarantino Ждановіча і з асабістага архіва Таццяны Заміроўскай

Таццяна Заміроўская. Журналістка, пісьменніца. Скончыла журфак БДУ, працавала рэдактарам у часопісах «Джаз-Квадрат» і «Даберман», друкавалася ў «Музычнай газеце» з 1998 года да яе закрыцця, з 2005 года музычны аглядальнік штотыднёвіка «Белгазета». З мастацкай прозай друкавалася ў зборніках апавяданняў выдавецтваў «Амфара» (Фрам) і «Астрель». Аўтар кнігі кароткіх апавяданняў «Жыццё без шуму і болю», якая выйшла ў выдавецтве АСТ у 2010 годзе.

Ганна Трубачова