Як за беларускую мову можна было трапіць за краты яшчэ да 2020 года, расказвае на сваёй старонцы ў Фэйсбук актывістка Аліна Нагорная.
«Бачу, тут не ўсе вераць, што за беларускую мову ў Беларусі могуць затрымаць. Раскажу некалькі гісторый.
У канцы 90-х хлопцы каталіся на скейтах каля Палаца Рэспублікі. Паміж сабой яны размаўлялі па-беларуску. Да і падышлі міліцыянты, акружылі і сказалі, што зараз навучаць хлопцаў размаўляць на правільнай мове. Адзін з хлопцаў сказаў, што беларуская мова дзяржаўная, за што атрымаў дубцом па спіне. Пасля іх затрымалі.
У 2008 быў мітынг у падтрымку прадпрымальнікаў. Двух сяброў зацягнулі ў апорны пункт на Кастрычніцкай, каб перапісаць звесткі. Адзін з іх адказваў па-беларуску, на што было патрабаванне размаўляць па-руску. Чалавек працягваў размаўляць па-беларуску і яго збілі. Яго сябра не чапалі, бо той адразу перайшоў на рускую мову. Пасля абодвух адвезлі ў Цэнтральны РАУС.
У 2015 пасля канцэрту музыкі пайшлі ў бар на чыгуначным вакзале папіць піва. Калі іх стаяла пустая пляшка з-пад гарэлкі. Заўважыўшы гэтую пляшку, да іх падышоў патруль. Хлопцы адказалі, што гэта не іх пляшка, што яны тут нядаўна і прыйшлі выпіць піва. На што ім было сказана, што ўсе беларускамоўныя — адмарозкі. Хлопцы нешта адказвалі, іх скруцілі і завалаклі ў пастарунак. У пастарунку прапанавалі па-руску размаўляць, а беларускую мову „засунь себе в жопу“. У выніку ў аднаго з хлопцаў білі некалькі чалавек да сіне-чырвонага стану. Пасля далі штраф і вызвалілі. Хлопец не змог устаць, аказалася, што нага зламана.
Гэтыя гісторыі здарыліся да 2020 года, а колькі іх было пасля. Калі за беларускую мову затрымлівалі на вуліцы, калі не аказвалі меддапамогу, калі збівалі. Некалькі такіх гісторый увайшлі ў кнігу МОВА 404, але дзясяткі падобных гісторый вы там не ўбачыце, бо не ўсе гатовыя адкрыцца, не ўсе гатовыя апублічваць свой боль.
Такія гісторыі здараюцца таму, што мы дазваляем моўнай дыскрымінацыі быць. Калі ты сёння пагаджаешся запоўніць па-руску бланк, калі не патрабуеш адукацыю па-беларуску, калі набываеш тавары без беларускай мовы на ўпакоўцы, то няма чаго здзіўляцца, што заўтра за беларускую мову кагосьці могуць затрымаць ці пабіць. У нашай краіне трэба абараняць свае правы. Асабліва права на беларускую мову, бо гісторыя паказвае, што без яе не будзе свабоды».