Тартар, як у іўеўскіх татар. Гатуем закуску разам з «Будзьма!»

Незвычайная закуска, якой можна здзівіць блізкіх і сяброў, паходзіць з Іўя! Сырая ялавічына цалкам прыдатная для ўжывання, калі яе правільна прыгатаваць. «Будзьма!» расказвае рэцэпт татарскай закускі, якая можа ўпрыгожыць стол як на святы, так і ў звычайны дзень.


Тартар гатавалі і елі татары з даўніх часоў. Князь Вітаўт запрасіў татар жыць на беларускай зямлі і ваяваць з крыжакамі пад Грунвальдам, тады гэтая страва стала звыклай для нашых продкаў. Памылкова лічыцца, што тартар — французская страва. Насамрэч страва патрапіла туды у сярэдзіне XVII стагоддзя. Французскі ваенны інжынер-картограф Гіём дэ Боплан прывёз рэцэпт тартару з Рэчы Паспалітай у Францыю, і мясцовым жыхарам рэцэпт прыйшоўся даспадобы.

У гэты час страва стала вельмі папулярнай у казакоў войска Запарожскага. Яны выразалі дужыя кавалкі філе ялавічыны таўшчынёй на два пальцы і, пасаліўшы і папярчыўшы, з дадаткам салёнага агурка елі гэтае мяса.

Цяпер гэтая страва ў Еўропе называецца татарскім біфштэксам.

Як гатаваць тартар?

Спачатку трэба ялавічыну нарэзаць саломкай і дробна парубіць, у нарублены фарш дадаць соль і перац, страву пакінуць на гадзіну. Пакуль тартар марынуецца, нарэжам чырвоную цыбулю, а потым дробна пасячэм. Марынаваны агурок не будзе лішнім — ён падкрэсліць смак мяса і дадасць пікантнасці ў тартар. Агурок нарэзаць саломкай і дробна парубіць, дадаць у страву.

Перамяшаць тартар і пакінуць на гадзіну, каб інгрэдыенты абмяняліся смакамі. Для падачы нарэзаць хлеб ці багет, прамазаць яго алеем і абсмажыць да коркі. Каб страва была смачней, дадаць жаўток з яйка перапёлкі. Тартар пасыпаць зелянінай, пакласці на падсмажаны хлеб фарш і па смаку можна дасаліць.

Смачна есці!

Нам спатрэбяцца:

Выразка ялавічны — 300 грамаў

Чырвоная цыбуля — 50 грамаў

Марынаваны агурок — 50 грамаў

Яйка перапёлкі — адно

Соль і перац па смаку