«Так, былі ў цэнтры горада могілкі, у тым ліку і вайсковыя, але іх знішчылі», — казалі мясцовыя. Праз нейкі час мне патэлефанаваў мой сябра, гісторык і фалерыст Андрэй Аралін, і сказаў, што непадалёк ад чыгуначнай станцыі «Маладзечна» былі вялікія вайсковыя пахаванні, дзе былі магілы жаўнераў рускага імператарскага, кайзераўскага і польскага войска. «Там шмат польскіх жаўнераў, якія загінулі ў перыяд польска-бальшавіцкай вайны, было пахавана. Але зараз няма нічога. Можа што ведаеш?» — запытаў калега.
На той момант інфармацыі, акрамя ўспамінаў мясцовых жыхароў, не было. І вось днямі іншы мой знаёмы Вадзім Прэўрацкі знайшоў у віленскім архіве дакументы, звязаныя з даваеннымі вайсковымі могілкамі ў Маладзечна. «Магчыма, у 52-га пошукавага батальёна будзе шмат працы», — кажа ён.
Дык якая ж гісторыя была ў маладзечанскіх вайсковых могілак?
Уратавалі польскія ўлады
Падчас Вялікай вайны 1914–1918 гадоў Маладзечна, па сутнасці, быў прыфрантавым горадам. Пад Смаргонню і Нараччу ішлі жорсткія баі, у выніку якіх рускае войска несла цяжкія страты. У горадзе знаходзіўся лазарэт, куды прывозілі параненых і атручаных. Ахвяр той вайны хавалі на некалькіх могілках. Адны з іх былі ля чыгуначнай станцыі «Маладзечна».
Пра іх ва ўспамінах згадваў генерал Рускага імператарскага войска Алі-Ага Шыхлінскі: «Да 11 гадзінаў я вярнуўся да нашага цягніка, які стаяў на запасным шляху на станцыі Маладзечна, каля штаба 10-й арміі, і далажыў галоўнакамандуючаму аб дзеяннях артылерыі. Дзянікін прасіў і яго туды павезці. Паехалі. Калі селі ў аўтамабіль, ён мне сказаў: «Правей дарогі ёсць невялікія могілкі. Там сярод крыжоў вы ўбачыце прыгожую спаласаваную дошку, звярніце на яе ўвагу». Убачыўшы дошку, я спытаўся: у чым справа?
Ён сказаў: «Там ваш адзінаверац пахаваны. Сядзелі ў акопах, раптам з боку немцаў падзьмуў вецер, і яны пусцілі атрутны газ. Усе надзелі адгазнікі, а ў афіцэра яго не аказалася, тады адзін казанскі татарын сарваў з сябе адгазнік і надзеў на афіцэра: «Надзеньце, вам больш патрэбны. Сам ён загінуў, атручаны. Мы яго пахавалі ўрачыста, з пашанаю». І ў іншых месцах у Маладзечне былі могілкі Першай сусветнай вайны.
У 1917 годзе імперыя Раманавых сканала. Потым горад занялі кайзераўскія войскі. У 1919 годзе пачалася польска-бальшавіцкая вайна, у выніку якой Маладзечна засталося за палякамі. Улады Другой Рэчы Паспалітай узгадалі пра маладзечанскія жаўнерскія пахаванні ў пачатку 1930-х гадоў.
Вось што адзначалася ў лісце, дасланым 29 кастрычніка 1930 года на імя віленскага ваяводы ад павятовага маладзечанскага старасты: «На тэрыторыі горада Маладзечна, на адлегласці каля 3-х кіламетраў ад цэнтра, ля тэрыторыі дзяржаўнага ляснога масіву знаходзяцца даволі вялікія вайсковыя могілкі з часоў сусветнай вайны і польска-бальшавіцкай.
Гэтыя могілкі зусім занядбаныя, не маюць ніякай агароджы, і там пастаянна пасвяцца хатнія жывёлы, якія знішчаюць магілы. З-за адсутнасці матэрыяльных сродкаў магістрат Маладзечна не можа абараніць могілкі ад далейшага знішчэння. Таму звяртаюся да пана ваяводы па распараджэнне на ўпарадкаванне гэтых могілак і пабудову агароджы».
Ужо 12 лістапада 1930 года ў маладзечанскім старостве атрымалі ліст з Вільні, у якім загадвалася прыцягваць да адказнасці тых, хто пасвіць жывёлаў на могілках, і падкрэслівалася, што могілкі… рамантаваліся ў 1927 годзе (быў выкапаны роў, пастаўленыя новыя крыжы і агульны помнік). Аднак маладзечанскі страста не супакоіўся, і зноў накіраваў ваяводзе ліст з просьбай аб вылучэнні грошай на ўпарадкаванне вайсковых могілак.
Урэшце было прынята рашэнне эксгумаваць парэшткі пахаваных жаўнераў усіх трох войскаў і перапахаваць іх на могілках, якія знаходзіліся на поўначы ад чыгуначнай станцыі «Маладзечна», у накірунку вёскі Цывідаўка. У канцы 1934 года працы былі скончаныя. Хутка адказныя за гэтую справу адрапартавалі, што эксгумацыя парэшткаў тых, хто быў пахаваны на месцы спартовай пляцоўкі (стадыёна), а таксама на плацы Тышкевіча была скончаная.
Жаўнеры трох армій
У віленскім архіве захоўваецца падрабязны спіс усіх перапахаваных напачатку 1930-х гадоў на старых царскіх вайсковых могілках ля вёскі Цывідаўка. Перш за ўсё, гаворка ідзе пра польскіх жаўнераў, якія загінулі ў баях супраць бальшавікоў у 1919–1920 годзе. Уланы, пяхотнікі, артылерысты, інтэнданты, медыкі — дзясяткі людзей назаўсёды засталіся ў маладзечанскай зямлі. Калі казаць пра вайсковыя злучэнні, то ў спісе пахаваных, сярод іншых, згадваюцца жаўнеры 21, 24, 29, 30, 33, 36, 47, 60, 68 пяхотных палкоў; 1, 2, 3, 4, 5, 6, 8, 9 палкоў пяхоты легіёнаў; 7 і 10 палкоў уланаў, 2-я кавалерыйская брыгада і 1-ы полк швалежэраў; 8-ы полк палявой артылерыі; супрацоўнікі палявых шпіталяў №4 і 294; харцэры, якія загінулі пры абароне Маладзечна ў 1920 годзе.
У спісе можна сустрэць шарагоўца Франца Гакала, які быў жаўнерам «беларускага пяхотнага палка». Таксама было эксгумавана шмат парэшткаў невядомых жаўнераў польскага войска. Сярод іншых з магілы, што знаходзілася побач з Маладзечна на могілкі ў Цывідаўцы, былі перанесеныя парэшткі невядомага польскага ўлана, які загінуў у 1919 годзе. Яго цела было перапахавана ў магіле №54.
Апроч жаўнераў Войска Польскага, службы, якія праводзілі эксгумацыю і перапахаванне парэшткаў, апісалі і пахаванні рускіх жаўнераў. Усяго, паводле іх дадзеных, на могілкі ля Цывідаўкі было прывезена больш за 200 царскіх ваяроў. У спісе жаўнераў Рускага імператарскага войска большасць складалі «невядомыя», аднак ёсць і прозвішчы: Самсонаў, Соскін, Вішнеўскі (267 Духаўшчынскі пяхотны полк, які прымаў удзел у Віленскай і Нарачанскай аперацыях), Рыгор Сідоркін (219-ты Кацельніцкі пяхотны полк), Кузьма Сергеенка (253-га Перакопскага палка) і іншыя. Даты смерці: 1915, 1916 гады. Ёсць там і жаўнеры 378-й Мінскай дружыны. Сярод пахаваных былі і жанчыны. Напрыклад, Елізавета Станіславаўна Мышкевіч, сястра міласэрнасці з 26-га рэзервовага палявога шпіталя.
Пахаванні жаўнераў нямецкага войска, якія загінулі падчас Першай сусветнай вайны і былі пахаваныя ў Маладзечне, датуюцца, у асноўным, лістападам-снежнем 1918 года. Хаім Ота, Гайслер Эміль, Бергер Фрыц, Вансэдлер Ота… і яшчэ дзясяткі кайзераўцаў знайшлі свой супакой на нашай зямлі. Нарэшце, сярод перапахаваных у Цывідаўцы былі палонныя чырвонаармейцы (Кузняцоў, Францаў і іншыя), якія памерлі ў 1920 годзе, польскія вайскоўцы, пахаваныя ў 1921 годзе, і жаўнеры «невядомага войска». Усяго на гэтых могілках, па дадзеных польскіх чыноўнікаў на 1934 год, было перапахавана каля 1100 (!) чалавек.
Дзе ж могілкі?
«Зараз там нічога няма. Тыя пахаванні знаходзяцца паміж сённяшнімі вуліцамі Лясная і Шаранговіча. Мой бацька ўзгадваў, што ў цэнтры там стаяў вялікі крыж і белая мармуровая пліта, на якой пасля вайны дзеці ў класікі гулялі. Дарэчы, ён казаў, што там было некалькі пахаванняў чырвонаармейцаў з 1944 года, на якіх віселі… медалі «За адвагу». У 1960-я гады могілкі цалкам знішчылі. Чаму? Пытанне рытарычнае. Магчыма, таму, што ў гэтым раёне пасля вайны сялілася шмат былых хутаран, якіх зганялі ў вёскі і гарады. Былі там былыя «андэрсаўцы», і іншыя так званыя «антысавецкія элементы». Мне здаецца, што знішчэнне польскай брамы ў Гелянова і жаўнерскіх могілак ля Цывідаўкі — гэта адна справа. Нехта не жадаў бачыць у Маладзечне сімвалы «панскай Польшчы». Тых, хто знішчаў могілкі, не спыніла, што там і царскія жаўнеры ляжалі. Для іх яны былі «белыя». Цікава, што сталася з пахаваннямі чырвонаармейцаў, якія загінулі тут у 1944-м? Няўжо таксама пайшлі пад бульдозер?!» — разважае Андрэй Аралін.
Будзем спадзявацца, што ўсё ж атрымаецца паставіць на месцы, дзе былі вайсковыя могілкі ў Маладзечна, мемарыяльны знак. Магчыма, гэта будуць каталіцкі і праваслаўны крыж, а магчыма — і простая дошка, на якой будзе пазначана, што на гэтым месцы пахаваныя парэшткі соцень польскіх, расійскіх і нямецкіх жаўнераў, сярод якіх напэўна былі і беларусы. Уласна кажучы, гэта і не важна, кім былі тыя ваяры па нацыянальнасці. Іх лёс — частка беларускай гісторыі, якую варта памятаць і шанаваць.
Аўтар выказвае шчырую падзяку за дапамогу ў напісанні гэтага артыкула Вадзіму Прэўрацкаму і Андрэю Араліну.