Мінск-Менск за сваю тысячагадовую гісторыю заўсёды быў у сярэдзіне чагосьці значнага, або з’яўляўся цэнтрам чагосьці важнага — княства ці ваяводства, губерні ці дзяржавы. Нават у самыя змрочныя, самыя складаныя часы Мінск не адмаўляўся ад права быць у эпіцэнтры гістарычнага і лёсавызначальнага. І адной з вонкавых праяваў гэтай «цэнтрычнасці» застаецца ягоны прыкметны сімвалізм — геральдычны, кажучы гістарычнай мовай, або, у культуралагічным сэнсе — прасторава-кодавы.
Мінчук, заціснуты стагоддзямі зняважлівых каланіяльных адзнакаў у бок роднага горада, на сёння як быццам не адчувае тых «сакрэтных кодаў» і сімвалаў, якімі насамрэч прасякнута прастора і храналогія горада. А тым часам гэтыя сімвалы былі побач, візуальна ці эмацыйна, у нашай падсвядомасці, і натхнялі зноў і зноў клапатліва адраджаць і аднаўляць свой горад...
На сёння сталіца мае свае, афіцыйна зацверджаныя, герб, сцяг, гімн. Мае і неафіцыйныя «маркеры» — адметныя будынкі і скульптуры, плошчы і вуліцы, рэкі і паркі, імёны і асобы — лёгка пазнавальныя візітоўкі горада. Але насамрэч якія яны, гістарычныя сімвалы Мінска — аднолькавыя ва ўсе часы-перыяды ці разнастайныя? Хто з іх найважнейшы, ці яны раўназначныя? Панна Марыя або Пётра і Паўла? Пагоня або Арол? Зорка ці Крыж? На якія сімвалы і коды мы забыліся ці пакінулі па-за ўвагай?
Запрашаем прайсціся зусім незвычайнымі сцежкамі сталіцы — праз стагоддзі і сімвалы, геральдычныя або прасторавыя, якія суправаджаюць і мацуюць вобраз горада ад самых першых часоў яго з’яўлення ў гісторыі...
Утроп таямніц і сімвалаў Менска Рагвалодавічаў
Вобраз Менска як цэнтра самастойнага княжання ў сістэме васальных зносінаў з Полацкам звязваюць з імем Глеба, сына Усяслава Брачыславіча. Палітычнай значнасці постаці мясцовага ўладара дадаюць знаходкі княскіх пячатак розных тыпаў, на адной з якіх змешчаны аднайменны святы, — нябесны ахоўца князя. Князь Глеб, як і ягоны бацька, працягваў канфліктаваць з кіеўскімі вялікімі князямі, а потым ягоную справу падхапілі сыны і ўнукі. Сімвалам эпохі валадарання Глебавічаў-Рагвалодавічаў сталі моцныя фартыфікацыйныя ўмацаванні на Менскім замчышчы і магутная замкавая брама шырынёй у 7 м і вышынёй да 12 м. Для стварэння такога фартыфікацыйнага комплексу патрабавалася немалая колькасць людзей, часу і высілкаў, а галоўнае — матэрыялу (лес, каменне, друз, пясок), якога ў наваколлі наўрад ці хапіла б на абарончы комплекс плошчай у 3 га.
(а) Княская пячатка Глеба Усяславіча з выявай св. Глеба Уладзіміравіча, на адвароце — надпіс «Господи помози рабоу своемоу Глебови»; (б) «Глеб Менскі» на манеце Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь (2007); (в) 3D-рэканструкцыя меркаванага выгляду ўязной брамы ў Менскі замак. Крыніца: Wikimedia
Яшчэ адным сімвалам валадарства менскіх Рагвалодавічаў можа лічыцца таямнічая недабудаваная царква, якая пакінула даследчыкам шмат пытанняў. Як заўважыла брытанская рэцэнзентка да манаграфіі прафесара Загарульскага аб летапісным Менску, стыль першай каменнай менскай царквы чамусьці не паўтарыў візантыйскія абрысы Полацкай Сафіі (ці храма падобнага стылю) — у ім заўважны раманскі ўплыў, прычым блізкі да стылю скандынаўскіх цэркваў, якія фундавалі нарвежскія конунгі ад Осла да Аранейскіх выспаў ля берагоў Шатландыі. Мяркуецца, што царкву планавалі прысвяціць Арханёлу Міхаілу.
З гэтай акалічнасцю звязана яшча адна загадка Менскага княства — асоба княжны Сафіі, «Менскай і Полацкай» (к. 1140–1198), жонкі Вальдэмара І, конунга Даніі, нанова «адкрытай» адносна нядаўна даследчыкам Андрэем Катлерчуком. Пра Сафію («Суфія», «Сіфія») некалькі разоў узгадваюць заходнееўрапейскія хронікі і скандынаўскія крыніцы, але чамусьці маўчаць усходнеславянскія летапісы. Сафія (імаверна — дачка Валадара Глебавіча, унучка Глеба) пахавана ў каралеўскім некропалі ў горадзе Рынгстэд, у саборы Св. Бента, яе парэшткі даследаваны, маюцца рэканструцыі аблічча па захаваным чэрапе, а наяўнасць косткавага матэрыялу разам з нядаўняй знаходкай парэшткаў Еўфрасінні Полацкай дазваляюць правесці ў будучым працу па выяўленні і параўнанні ДНК Рагвалодвічаў.
(а) Рэканструкцыя аблічча дацкай каралевы-кансорт Сафіі па знойдзеным чэрапе; (б) Брактэат (сярэбраная аднабаковая манета тыпу дынарыя), біты ў гонар шлюбу паміж Вальдэмарам і Сафіяй (1157); (в) «Крыж каралевы Дагмар» (адваротны бок) — эмаліраваны праваслаўны крыж-энкалпіён ХІІ ст., знойдзены ў склепах дацкіх манархаў; (г) 3D-рэканструкцыя меркаванага выгляду першай каменнай царквы Менска. Крыніца: Wikimedia
З імем Сафіі, верагодна, звязана і дэтэктыўная гісторыя г. зв. «крыжа Дагмар» — праваслаўнага эмаліраванага крыжа-энкалпіёна (крыж-хованка з часцінкай мошчаў ці крыжа), выкананага ў класічным візантыйскім стылі. Дагмар-Драгаміра была дачкой багемскага князя Пржэмыслава Атакара (і, адпаведна, паходзіла з каталіцкай сям’і) і жонкай караля Вальдэмара ІІ, сына Сафіі і Вальдэмара І. У XVII ст., падчас перапахаванняў дацкіх манархаў, пастар прыходу паразбіваў суседнія склепы, змяшаўшы косткі і артэфакты паміж сабой — так праваслаўны крыж апынуўся блізу вельмі паважанай у Даніі каралевы Дагмар, з якой яго і атаясамілі...
Менск летапісны: вобраз ваяўнічны ці рэлігійна-дыпламатычны? У калажы выкарыстаны фрагмент аркуша Радзівілаўскага летапісу, здымак падмуркаў першай царквы, ускрыты падчас пасляваенных раскопак, знаходкі наканечча дзіды і 12-канцовага крыжыка з раскопак у Верхнім горадзе (ХІ—ХІІ стст.). Крыніца: Wikimedia
Менск летапісных часоў усё яшчэ застаецца «зямлёй невядомай»: так, ён не прыгадваецца ў падзеях сярэдзіны ХІІІ ст., звязаных з утварэннем Вялікага Княства Літоўскага, але вядома, што Менскае княства існавала яшчэ ў 1-й чвэрці XIV стагоддзя.
У канцы гэтай часткі падарожжа застаецца задаць пытанне: якім жа быў сімвалізм Менска княскага перыяду — мужчынскім, у вобразе святога ваяра-валадара і фартыфікацыйнай брамы, ці больш жаночым — з атрыбутамі хрысціянства і шлюбнай дыпламатыяй? Канчатковы адказ мы пакідаем за нашым чытачом.
«Горад Панны Марыі»? Гербы і сімвалы Менска вялікалітоўскага
Акалічнасці і дакладны час уваходжання Менскай зямлі ў ВКЛ не вызначаныя, але ў 1345 г. Менскае княства складала частку «Віленскай паловы» (дамен вялікага князя Альгерда). Горад заўважна пацярпеў у Грамадзянскую вайну 1430-х гг., але ўжо напачатку 1440-х гг. прывілей Казіміра Ягелончыка адзначае яго як адзін з найбуйнешых гандлёвых цэнтраў краіны, прывабны для дзейнасці віленскіх купцоў. З пераходам у рукі Гедзімінавічаў княства ператварылася ў намесніцтва, але, як паказваюць знаходкі пячатак, ягоная геральдычна-сфрагістычныя традыцыя набліжалася да Полацкай: на дарэформенай пячатцы ў шчыце-картушы меўся кірылічны надпіс па колу, але без якой-небудзь выявы. Менскія намеснікі працягвалі зацвярджаць граматы асабістымі пячаткамі, з прыватнымі, а не агульнакняскімі, гербамі.
Усё змянілася напрыканцы XV стагоддзя: у 1499 г. Менск атрымаў, з ласкавага дазволу вялікага князя, прывілей на самакіраванне. Гарадская адміністрацыя стала выбарнай, давала прысягу месцічам дзейнічаць у інтарэсах менчукоў і весці справаздачы аб эканамічным стане горада.
Копія прывілея на самакіраванне горада, «Пячатка месцкая» 1542 г. з тарчам пад герб, але пакуль яшчэ без звыклай нам выявы (Крыніца: Архіварыус, вып. 15, 2017), вобраз Багародзіцы з Крупецкай цудатворнай іконы (манета Нацыянальнага банка) — асновы і перадумовы стварэння сімволікі «горада Панны Марыі». Крыніца: Wikimedia
Ужо ў наступным, XVІ ст., Менск зрабіўся адным з самых буйных і лічыўся адным з найбольш шматлюдных гарадоў ВКЛ. Хаця прывілей на «права майдэборскае» ўзгадваў, што горад мае мець ратушу і «знаменье местское», але ні апісанне, ні выгляд герба нам невядомыя — падчас пажару ў Менскім замку згарэў архіў, і месцічы былі вымушаны прасіць манарха нанова зацвердзіць «герб на печать местскую» (1591) — ад гэтага моманту афіцыйна адлічваецца гісторыя герба Менска «Унебаўзяцце Багародзіцы». На выбар тэматыцы гербу, найбольш верагодна, наклаў адбітак культ цудатворнага абраза Маці Божай Менскай, які з’явіўся на берагах Свіслачы ў жніўні 1500 г. і быў змешчаны ў замкавай царкве Раства Багародзіцы, зрабіўшыся заступнікам места і ягоных жыхароў. Менскі герб — адлюстраванне папулярнага і ў каталіцкай плыні (15 жніўня святкуюць Унебаўзяцце Панны Марыі) культу Маці Божай — у часы Контррэфармацыі сюжэт зрабіўся адным з самых улюбёных у каталіцкай іканаграфіі.
Мескія ўлады Менска за перыяд з XVI па XVIII стст. карысталіся не менш як пяццю рознымі пячаткамі, на чатырох з якіх ужываўся мескі герб. Стыль і сэнс выявы мескага гербу, ягоная мова і змест надпісаў на пячатках залежалі ад палітычных фактараў, сама ж ідэя гербу і ягоны змест заставаліся без зменаў. Вядомыя тыпы гербу адрозніваліся па канфесійным чынніку: яны крыліся ў выкананні вобраза Панны Марыі. Выява на першапачатковым варыянце гербу (1591) больш адпавядала традыцыйнаму праваслаўнаму вобразу Багародзіцы, у 1697 г. з’явіўся новы варыянт гербу: Панна Марыя была апранутая накшталт каталіцкай манашкі. У 1730-я гг. ізноў вярнуўся «праваслаўны» варыянт, аднак з 1770 г. з’явілася каталіцка-ўніяцкая рэдакцыя менскага гербу. Вось некаторыя прыклады: злева направа (а) адбітак з месцкай пячаткі, які прыкладалі да дакументаў 1593–1693 гг.; (б) прамалёўка гербу на пячатцы XVІ—XVІІ стст.; (в) на пячатцы 1791–1792 гг. Багародзіца на воблаку не стаіць, а велічна сядзіць, пад ёй жа герб ВКЛ, імператарская карона, сцягі і артылерыйскія гарматы; (г) на дакументах, датаваных 1770–1791 гг., ёсць пячаткі з выявай Святой Тройцы над Дзевай Марыяй замест анёлаў і херувімаў. Крыніца: Wikimedia
Адміністрацыйная рэформа 1566–1567 гг. надала гораду яшчэ два важныя статусы — зрабіла яго цэнтрам аднайменнага павета і аднайменнага ваяводства, надаўшы правы мець адпаведныя пячаткі з дзяржаўным гербам «Пагоняй» і харугву — ваенны сцяг «паспалітага рушання» (тагачаснай тэрытарыяльнай абароны) у часы «спецаперацый» з боку неспакойнага ўсходняга суседа. З другой паловы XVI ст. горад стаўся месцам збору павятовых соймікаў шляхты, тут рэгулярна (тры разы на год) праводзіліся паседжанні земскага суда, а з 1581 г. па 1775 г. — раз у два гады паседжанні Галоўнага Трыбунала ВКЛ (найвышэйшага суда краіны).
Дзяржаўны герб «Пагоня» займеў настолькі шырокі побыт, што польскі складальнік гербоўнікаў і геральдычных трактатаў Барташ Папроцкі (1578, 1584), пры даволі дакладным апісанні выяваў на гербах і харугвах адміністрацыйных адзінак ВКЛ, упэўнена запісаў «(і ў) места Менск (герб) — тэж Пагоня». Калі прыгледзецца да малюнка, то можна заўважыць, што рыцар на «гербе Менска» мае пусты тарч, без крыжа. Крыніца: polona.pl
Наступнае стагоддзе ўнесла новыя змены ў сімвалічныя абліччы публічнай прасторы Менска: Замчышча, як паказала 5-гадовая акупацыя маскавіцкамі войскамі горада, цалкам страціла сваё фартыфікацыйнае значэнне, а з ім — і шматстагоддзевы сімвалізм: гарадскія валы існавалі, але замак не адыгрываў аніякай стратэгічнай ролі, выконваў толькі адміністрацыйныя функцыі, пра што сведчыць узвядзенне на мяжы XVI і XVII стст. на яго тэрыторыі будынка земскага суда, дзе перыядычна адбываліся сесіі Літоўскага трыбуналу.
Дзяржаўная сімволіка стала неад’емнай часткай Менска вялікалітоўскага — важнага адміністрацыйнага і эканамічнага цэнтра ВКЛ. Задні фон калажа — Менск і герб Менскага ваяводства на мапе 1714 г. французскага картографа Анры Абраама Шатэлена (Carte De Pologne, Avec La Chronologie Des Rois Et Des Ducs De Lithuanie...) — крыніца: imago.by. Пячаткі на фоне мапы: павятовая 1565 г. і Менскага земскага суду, 1713 г. (крыніца: Цітоў А. Геральдыка Беларусі, 2010). Ніжні радок — прамалёўка трох земскіх пячатак XVII ст. (крыніца). Дзве крайнія пячаткі па-за межамі мапы — пячатка Вайсковай камісіі ВКЛ у Менскім ваяводстве, канец XVIII ст., і пячатка менскага ваяводы Юзафа Мікалая Радзівіла (1736–1813) (крыніца: Літоўскі мастацкі музей, limis.lt)
Аўтэнтычныя харугвы Менскага ваяводства ці павета да нас не дайшлі. Найбольш вядомыя харугвы заходніх ваяводстваў і паветаў у асноўным створаныя за часам каралявання Вазаў (канец XVI–XVII стст.) і пазней.
У верхнім радку — спробы рэканструкцыі выгляду ваяводскай харугвы (крыніца: Wikimedia), хаця нават дакладнага тэкставага апісання яе не маем: вялікакняскі дакумент часоў рэформы адзначае, што «хоругов гвоздиковая в белом полю герб», а ў польскіх геральдыстаў таго часу «ваяводства Менскае таксама носіць Пагоню ў белым полі, харугва сама цялістага колеру, аб двух рогах». Таксама застаецца адкрытым пытанне аб выяве на адваротным баку Менскай харугвы; верагодна, параноўваючы з традыцыямі іншых ваяводстваў, на ім магла быць выява Багародзіцы. Аднак прыватныя атрады шляхты мелі зусім іншыя сімвалы на харугвах: унізе — штандар Стэфана Русецкага, кашталяна менскага (1663–1671) (крыніца: cyfrowe.mnw.art.pl). Яшчэ ажна цікавая акалічнасць: пяхотнікі ІІІ-га рэгімента польнай булавы рэфармаванага войска ВКЛ (1713–1793) мелі строй мундуровы ў колерах, блізкіх да гербавых Менска — горада, дзе яны квартавалі (малюнак з кнігі: Raspe, Gabriel Nikolaus. Accurate Vorstellung der Königlich Pohlnischen Armee nach der auf dem in Jahre 1775...)
У 1569 г. менчукі атрымалі дазвол збудаваць гасціны двор — кажучы па-мадэрноваму — буйны гандлёвы комплекс. Мінск заняў паважнае месца ў дарожна-паштовай сістэме Рэчы Паспалітай, зрабіўся адным з цэнтраў эканамічнай актыўнасці краіны, а таксама — амаль што абавязковым пунктам праезду і адпачынку іншаземных вандроўнікаў і амбасадараў на шляху паміж Варшавай і Масквой. У другой палове XVII — першай палове XVIII стст. айчынная гісторыя зазнала перыяд моцнага эканамічнага заняпаду, прычынамі якога былі зацятыя войны са шведамі, маскавітамі, казакамі. Не абмінулі тыя наступствы і Менск вялікалітоўскі... Тым не менш на 1790-я гг. зафіксавана, што горад меў 89 крамаў на блізу 5800 чал., штогод праводзіліся два кірмашы, якія цягнуліся каля двух тыдняў.
Сімваламі публічнай прасторы горада, ягонага еўрапейскага кірунку развіцця, акром будынка земскага суда, дзе праходзілі паседжанні вышэйшай судовай установы ВКЛ — Літоўскага Трыбунала (здымак 1920-х гг.), сталі ратуша з гадзіннікам (фрагмент акварэлі Ю. Пешкі, к. 1800) — увасабленне гарадской вольнасці, і комплекс езуіцкага калегіума 1713 г. (фрагмент малюнка Ж.-Л.-Б. Сабацье да кнігі падарожжаў Б. Лавэрня, 1840) — прэтэнзія на акадэмічны ўзровень мясцовай адукацыі, блізкай да ўніверсітэцкай. Крыніца: Wikimedia
Царкоўная унія паспрыяла дамінаванню каталіцкіх і ўніяцкіх храмаў у горадзе, пакінуўшы толькі адзіны канфесійна нязменным — праваслаўны сабор Апосталаў Пятра і Паўла, пры гэтым цалкам упісаўшы яго ў агульны барочны стыль гарадской архітэктуры.
Барочны стыль менскіх храмаў, злева направа: (а) Касцёл св. Іосіфа і кляштар бернардынцаў з мапы XVIII ст.; (б) Царква Святога Духа (і манастыр базыльян) да перабудовы, графічная рэканструкцыя па амберах; (в) сабор Святых Апосталаў Пятра і Паўла з малюнка Д. М. Струкава (1864–1867). Крыніца: Wikimedia
Апосталам было наканавана стаць яшчэ адным сімвалам тагачаснага Менска — з дазволам на аб’яднанне рамеснікаў у цэхі ў 1569 г. (як тое было прынята ў Заходняй Еўропе), пачаўся працэс фармавання цэхавых брацтваў, а побач з імі, апасля Брэсцкай уніі, — царкоўных брацтваў. Так, Уладзіслаў IV Ваза ў 1633 г. выдаў прывілей брацтву ў гонар св. Пятра і Паўла, у адпаведнасці з якім яно кіравала сваёй школай, друкарняй, трыма цэрквамі, мужчынскім і жаночым манастырамі.
Постаці апосталаў Пятра і Паўла гралі ледзь не адну з ключавых роляў у фармавані сімвалаў Менска вялікалітоўскага. (а) Тэкставая пячатка манастыра Св. Пятра і Паўла ў Мінску (1688); (б) Пячатка з імаверным выглядам манастыра св Пятра і Паўла (1763-1764); (в) Герб Петрапаўлаўскага брацтва пачатку XVII ст.; (г) Герб кушнерска-капялюшнага цэха (1672)
Герб і сцяг менскага цэха краўцоў, якія абралі сваімі нябеснымі ахоўнікамі святых Казьму і Дзям’яна. Хаця гэтыя геральдычныя прыклады даволі познія — гербавая выява адносіцца да канца XVIII ст., а сцяг датуецца 1830 г., важным з’яўляецца тое, што палотнішча выканана ў геральдычных колерах Менскага герба — белым і блакітным
У Фарным касцёле Найсвяцейшай Дзевы Марыі захоўваліся мошчы галоўнага каталіцкага святога горада — Феліцыяна (іх з Рыму ў 1700 г. прывёз мінскі стараста і ваявода Крыштаф Завіша). Вуліца Камсамольская да сярэдзіны ХІХ ст. называлася Феліцыянаўскай.
6 лютага 1772 г. першы раз адзначаўся Дзень горада, звязаны з асобай святога Феліцыяна як апекуна Менска — ладзіліся кірмашы, гулянні і забавы. Першы мінскі біскуп ад Мінскай рымска-каталіцкай дыяцэзіі (1798) Якуб Дадэрка разгарнуў актыўную дзейнасць, у тым ліку і ў самім горадзе — дзякуючы яму былы езуіцкі касцёл стаў Архікафедральным, падвысіўся і статус капліцы.
На сітуацыйным плане ХІХ ст. (крыніца) Архікафедральнага касцёла Панны Марыі літарай Б пазначана капліца св. Феліцыяна. Сёння, калі зайсці да храма з адваротнага боку, то, нягледзячы на былыя перабудовы, пад драўлянай вежачкай можна заўважыць месца капліцы (фота злева). З’яўленне культа св. Феліцыяна — заслуга старасты і ваяводы менскага Крыштафа Станіслава Завішы (на гравюры 1862 г., унізе справа). Першы біскуп ад Мінскай дыяцэзіі Якуб Дадэрка пакінуў інскрыпцыю ў капліцы (унізе, злева)
У XVII ст, а яшчэ больш прыкметней — у XVIII ст. у жыцці горада стаў заўважны іншы этнічна-рэлігійны складнік: больш актывізавалася мусульманскае насельніцтва Татарскай слабады і кварталы габрэяў-юдзяў, аднак візуалізацыя, дастасаванне свайго коду да сімволікі і публічнай прасторы Мінска адбылася заўважна толькі ў ХІХ ст. — і пра гэты складнік мінскіх сімвалаў мы яшчэ пагаворым у другой частцы артыкула.
Нягледзячы на цяжкасці і складанасці як палітычнага, так і эканамічнага кшталту, горад рос і развіваўся — так, як тое дазвалялі абставіны. У 1783 г. з’явіўся першы план забудовы места (план замкавых юрыдык). Згодна з пастановай магістрату 1786 г., на ўсіх будынках павінны быць усталяваны нумары. У 1791 г. адкрыўся шпіталь войска ВКЛ. У канцы XVIII ст. пачалі выступаць прафесійныя тэатральныя калектывы. Рабіліся захады па адкрыцці аптэк і лякарняў, школаў і гімназій, пажарных службаў і шмат чаго іншага. Умяшанне расійскіх імператараў ува ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай (сярод іншага — пад блюзнерскім лозунгам «абароны праваслаўных»), ганебныя падзелы дзяржавы, разрыванне ВКЛ на часткі, прынеслі адмоўны вынік у гісторыю Мінска канца XVIII ст. Новая, імперская сістэма прынесла з сабою і новыя коды і сімвалы. Але пра геральдычна-сімвалічнае аблічча Мінска ў ХІX ст. і далей мы распавядзем у наступных частках.
Асноўныя крыніцы тэкстаў і неадзначаных выяваў:
Однороженко О. Українська земельна геральдика XVI–XVIII ст. за сфрагістичними джерелами (2004). — http://resource.history.org.ua/publ/sid_2004_11_1_147 minsk-old-new.com
Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (1998)
Цітоў А. Геральдыка Беларусі (2010)
Цітоў А. Краіна майстроў. Рамесныя цэхі Беларусі: XVI — канец XVIII стст. (2013)
Цітоў А. Менск — места майстроў: Рамесныя цэхі XVI–XVIII стст. (2002)
Цітоў А. Сімвалы горада і Менскага ваяводства: Пячаткі і герб // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. (2001)