Каго сёння здзівіць навіна аб адкрыцці выставы мастачкі, прэзентацыі рамана літаратаркі або навуковай працы даследчыцы? А 200 гадоў таму лік жанчынтворцаў вёўся на адзінкі. Пра гэтых асоб і распавядзём у нашым новым «серыяле», піша Зміцер Юркевіч для «Культура і мастацтва». А першай у пачэсным шэрагу будзе паэтка Тэафіля Глінская, што з’явілася на свет блізу возера Свіцязь на Навагрудчыне.
Адразу растлумачым. Імя, пад якім у 1785 годзе здарыўся літаратурны дэбют аўтаркі і пад якім яна ўвайшла ў гісторыю, не зусім дакладнае. Па дакументах творца — Багуміла або Багуміла-Сафія (Багуміла — славянскі адпаведнік грэчаскага імя Тэафіля). Пасля шлюбу (1790) прозвішча змянілася на Буката. Таму энцыклапедычная фармулёўка мусіць быць такой: «Багуміла-Сафія Буката (у дзявоцтве Глінская), вядомая таксама як Тэафіля Глінская». Але дзеля зручнасці станем выкарыстоўваць звыклую форму.
У «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі» (1985) матэрыял пра Тэафілю Глінскую ўкладаецца ў чатыры радкі. З іх на характарыстыку здабытку адводзіцца палова: «Аўтар апісальнай паэмы «Шчорсы» (1784), віншавальных вершаў, перакладаў. Яе творы належаць да класіцыстычнага кірунку ў шматмоўнай літаратуры Беларусі».
Менеджары паэткі
Відавочна, калі тая ці іншая гістарычная асоба трапляе ў цэнтр увагі, то першымі за папулярызацыю часцей за ўсё бяруцца землякі. Так было з Тадэвушам Рэйтанам (галоўныя «піяршчыкі» — Адам Міцкевіч, Юльян Нямцэвіч), са Станіславам Манюшкам (першы біёграф — Аляксандр Валіцкі). Не стала выключэннем і наша гераіня.
Ярошычы. Месца сядзібы Семірадскіх
Свет даведаўся пра яе талент у 1785-м праз падканцлера вялікага літоўскага Яўхіма Храптовіча, гаспадара слынных на ўсю Рэч Паспалітую Шчорсаў. Ён, дарэчы, не цураўся паэзіі (сярод літаратурнай спадчыны палітычнага дзеяча ёсць верш на беларускай мове, прысвечаны дзядам і створаны ў дзіцячыя гады). У 1806-м дадаў да біяграфіі Глінскай некалькі рыс яшчэ адзін сучаснік — Ігнат Быкоўскі, асветнік і гуманіст з Міншчыны. Пісалі пра Тэафілю і літаратуразнаўцы ў ХІХ стагоддзі, карыстаючыся, праўда, сціплымі напрацоўкамі папярэднікаў.
І вось настала ХХ стагоддзе. Яшчэ адзін наш зямляк — пісьменнік Антон Пяткевіч (псеўданім Адам Плуг) — уносіць імя паэткі ў «Вялікую сучасную ілюстраваную энцыклапедыю» (1900). Тады ж з-пад пяра Віктара Гамуліцкага выходзіць аб’ёмная праца «Тэафіля Глінская», у якой упершыню дэталёва разбіраецца літаратурная спадчына аўтаркі.
Важны крок у даследаванні яе біяграфіі зрабіў у 1950-м Тадэвуш Мікульскі, публікацыя якога да гэтага часу застаецца самым падрабязным жыццяпісам Глінскай. Мікульскаму ўдалося з дапамогай работ генеалогаў прыўзняць заслону таямніцы над радаводам Тэафілі. Так сталі вядомыя імёны яе бацькоў, мужа, дзяцей.
Апошняй назавём літаратурную энцыклапедыю Nowy Korbut, у якой багата звестак пра многіх нашых землякоў. У томе «Oswiecenie: hasla ogolne, rzeczowe i osobowe. A — H» (1966), пэўна, дзякуючы таму ж Тадэвушу Мікульскаму з’яўляюцца згадкі пра новыя адшуканыя набыткі «Глінскай (Буката) Тэафілі (Багумілы)». У Беларусі ж некаторую ўвагу ўдзяліла Глінскай паэтка, перакладчыца і даследчыца Наталля Русецкая — праўда, гаворачы пра больш знакамітых літаратараў таго часу. Прыкладам, пра Францішку Уршулю Радзівіл, якая па колькасці створанага і па ўнёску ў беларускую культуру ўпэўнена ўтрымлівае пальму першынства.
Відаць, наспеў час скласці жыццяпіс Тэафілі Глінскай, які абагульніў бы ўжо вядомае і новыя архіўныя знаходкі. Пазнаёмімся з продкамі аўтаркі.
З глыбінь гербоўнікаў
На заранку ХІХ стагоддзя, калі ўсе землі Вялікага Княства Літоўскага ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі, пачаліся разборы шляхты. Адстойвалі годнасць нават тыя роды, якія здаўна адыгрывалі важную ролю ў палітычным жыцці і ў шляхецтве якіх ніхто ніколі не сумняваўся. Дзякуючы такім разборам з цягам часу ў архівах назапасілася шмат тоўстых дваранскіх спраў, у якіх нароўні з арыгінальнымі было багата фальсіфікаваных дакументаў. Над іх стварэннем працавала вялікая колькасць зацікаўленых. І выяўляць, дзе праўда, дзе не, сёння даводзіцца даследчыкам.
Антон Пяткевіч. Станіслаў Віткевіч, 1888
У «Гербоўніку наваградскай шляхты» (1997) гаворыцца, што пачынальнікам фаміліі Глінскія назвалі нейкага Крыштафа. Ён за «мужнасць у бітвах з паганцамі» атрымаў у 1000-м «ад польскага князя Мечыслава герб «Ястраб» (ці «Ястрабец»)». Паводле іншых дакументаў, у радавод складна ўплятаўся знакаміты гетман польны літоўскі Міхал Глінскі, што ў 1506-м разбіў татараў у бітве пад Клецкам. Калі верыць некаторым даследчыкам, Міхал Глінскі паходзіў ад Мамая, беклярбека і цемніка Залатой Арды (герб Глінскіх сапраўды выглядае як татарская тамга або як перавернуты герб «Калюмны», адзін з галоўных сімвалаў ВКЛ). Але адсунем убок глыбокую даўніну і перанясёмся ў свет рэальных падзей.
Прадзед паэткі, Крыштаф Глінскі, як і амаль усе яе іншыя продкі, належаў да кальвінісцкай шляхты Рэчы Паспалітай. Ён быў прафесійным вайскоўцам і, пакінуўшы ратныя справы, у 1670-м вярнуўся на Навагрудчыну. У 1689-м ажаніўся з цёткай будучага першага рымска-каталіцкага мітрапаліта Расіі — арцыбіскупа Магілёўскага Станіслава Богуш-Сестранцэвіча.
Дзед Феліцыян Глінскі — кальвініст. У Паўночную вайну служыў у расійскім войску, быў сяржантам Праабражэнскага палка (да 1722 года). Вярнуўшыся, атрымаў ад вялікага гетмана літоўскага Міхала Вішнявецкага патэнт на чын капітана драгунскага палка. Кар’еру завяршыў у 1751-м у чыне генерал-ад’ютанта з рангам обершт-лейтэнанта войскаў ВКЛ. У 1728-м Феліцыян узяў у арэнду некалькі маёнтачкаў на Навагрудчыне (Падлужжа, Бердаўка, Косічы — у апошнім прыйшла на свет паэтка), ажаніўся з Тэафіляй Алендскай (стары род герба «Равіч» з Ваўкавышчыны) і атрымаў 10 000 талераў бітых пасагу.
Алендская, якая нарадзілася ў 1713-м, — дачка Багуслава, сына ваўкавыскага маршалка (палкоўніка райтарскага), і Зоф’і з Незабытоўскіх. Бацька Зоф’і Станіслаў Незабытоўскі, ураджэнец і гаспадар маёнтка Ятра (па суседстве з Косічамі), доўга быў адміністратарам Слуцкага княства і ў тыя часы вёў дзённік. У ім старанна апісаны дзень за днём самыя розныя падзеі з жыцця Навагрудчыны і Случчыны ў 1695–1700 гады. Гэтая каштоўная крыніца захавалася і была перавыдадзена ў 1998-м. Незабытоўскія валодалі і слыннай Валеўкай, якую яшчэ згадаем.
Нарэшце, мы падышлі да Крыштафа Глінскага, бацькі нашай гераіні. Як і продкі, быў вайскоўцам. З 1763-га — гаспадар Вялікіх Косічаў, што дасталіся яму ад сваякоў Дамаслаўскіх. Кар’ера Крыштафа выглядае так: харунжы (1752), паручнік, капітан коннай гвардыі вялікалітоўскага войска (1758), обершт-лейтэнант (1777), падпалкоўнік (1785), а з 1792-га згадваецца як палкоўнік (праўда, з 1786-га ён у адстаўцы).
Царква Св. Пятра і Паўла, Валеўка
Давялося Крыштафу Глінскаму паўдзельнічаць і ў значнай палітычнай гульні. У сакавіку 1767 года абіраецца сакратаром Слуцкай канфедэрацыі — палітычнага саюза праваслаўнай, кальвінісцкай і лютэранскай шляхты Вялікага Княства Літоўскага, якая дамагалася роўных з каталікамі правоў (і дабілася на сейме ў 1768-м). Да гэтай канфедэрацыі далучыліся і продкі Адама Міцкевіча, бабуля якога была кальвіністкай.
Як бачым, сваякі паэткі па мячы — людзі няпростыя. А што па кудзелі? Галухоўскія герба «Ляліва» таксама належалі да кальвінісцкай шляхты Вялікага Княства Літоўскага. Капітан Яго Каралеўскай Мосці Габрыэль-Юзаф Галухоўскі (дзед літаратаркі) 7 студзеня 1727 года ўзяў шлюб з Багумілай-Тарэзай Дамаслаўскай у Слуцкім кальвінскім зборы. У іх нарадзілася 10 дзяцей. Маці паэткі Ядвіга-Тэафіля з’явілася на свет у Далматаўшчыне 13 верасня 1743 года адной з апошніх. Далматаўшчына — маёнтак з гісторыяй. З 1751-га да 1939-га ім валодаў род Вярбоўскіх (браты Вярбоўскія ўваходзілі ў слыннае Таварыства філарэтаў). Некаторы час пасля вяртання на радзіму тут у сяброў па Віленскім універсітэце жылі Ян Чачот і Тамаш Зан. На жаль, ад маёнтка анічога не засталося, акрамя маляўнічых краявідаў.
Да Глінскіх у Вялікія Косічы
Некалькі гадоў таму мне давялося пабываць у тых мясцінах. Знаёмыя мастакі параілі пабачыць вядомую на ўсю Навагрудчыну крыніцу з жывой і мёртвай вадой. «Кіпятак» сапраўды аказаўся надзвычайным (з дзвюх адтулін білі моцныя струмені, якія адрозніваліся тэмпературай) і папулярным, бо стаяла велізарная чарга ахвотных набраць вады. Але ці мог я ўявіць, што праз час вярнуся туды ў віртуальнай вандроўцы? Як высветлілася, ад крыніцы да маёнтка, дзе нарадзілася паэтка, некалькі сотняў метраў, а значыць, гэтае месца памятнае! Аўтарка, што правяла ў Косічах усё жыццё, бывала ля крыніцы штодня.
І гэта яшчэ не ўсе цікавінкі. Калі ад Косічаў рухацца на ўсход, то не абмінуць колішні маёнтак Семірадскіх Ярошычы. Тут нарадзіўся Іпаліт, бацька сусветна вядомага мастака Генрыха Семірадскага. Дзед творцы, навагрудскі земскі суддзя Элеўтэрый, таксама заслугоўвае нашай увагі. Па-першае, ён сябраваў з заснавальнікам Віленскай мастацкай школы Янам Рустэмам (і быў у 1796-м на хросце дачкі жывапісца ў Дзятлаўскім палацы). Па-другое, камунікаваў з Глінскімі, нават быў запрошаны ў Косічы асістэнтам на хрост адной з дачок паэткі ў 1792-м. І па-трэцяе, род Элеўтэрыя апекаваўся над знакамітым касцёльчыкам (сёння праваслаўная царква) у Валеўцы. Там, імаверна, бралі шлюб бацькі Адама Міцкевіча. Блізу храма Элеўтэрыя і пахавалі.
Калі ж з Ярошыцаў падняцца на поўнач, то праз два кіламетры будзе слынная Радагошча (вёска і маляўнічае гарадзішча, якое некаторыя даследчыкі лічаць бацькам Навагрудка). Побач месціўся маёнтак Чомбраў, вядомы ўсім міцкевічазнаўцам. Спярша ім валодалі Семірадскія, потым Узлоўскія. Эканомам пры Узлоўскіх працаваў дзед Адама Міцкевіча па маці Мацей Маеўскі, а яго дачка Барбара — ахмістрыняй. Пэўна, у Чомбраве пасля вянчання ў касцёле (Валеўка) на вяселлі ў Міцкевічаў гуляла ваколічная шляхта. Дык вось і Узлоўскія добра ведалі Глінскіх. І самае галоўнае. Ад Косічаў праз Ярошычы прамой лясной дарогай (каля кіламетра) можна выйсці да легендарнага возера Свіцязь.
Засталіся хвасты
У гісторыі сям’і Глінскіх-Галухоўскіх ёсць дзве таямніцы — пакуль без разгадак. У метрычных кнігах няма звестак пра шлюб бацькоў паэткі і яе хрост. Наконт першага можна сказаць: на 1760 год яны ўжо былі жанатыя. Што да часу нараджэння літаратаркі, то яна прыйшла на свет у 1762-м або ў 1763-м.
На сёння гэта ўсё. А ў наступнай частцы мы распавядзём пра паэтычны дэбют Тэафілі Глінскай, пра тое, якую ролю ў ім адыграў падканцлер вялікі літоўскі Яўхім Храптовіч, і пра іншыя цікавінкі.
Фота аўтара