Як працуюць найноўшыя вынаходніцтвы? Што такое «крыпта» і навошта яна патрэбная? Ужо існуе паралельным віртуальны сусвет? Пра ўсё гэта і шмат што іншае вы дазнаецеся ў новым відэапраекце ад «Будзьма беларусамі!» — «Пра тэхналогіі і не толькі», дзе вядомы журналіст Аляксей Шота простымі словамі і па-беларуску распавядае, чаго чакаць ад тэхнічнага прагрэсу ў найбліжэйшай будучыні.
Ці ведаеце вы, як працуе электрарухавік і што прымушае рухацца электрамабіль? А чулі, што прыдумалі такія аўтамабілі больш за 100 гадоў таму? Чым выгадныя электрасамаходы і чаму іх яшчэ так мала на дарогах? Якія электракары самыя танныя, а якія — самыя прасунутыя? Калі вас цікавяць адказы на гэтыя пытанні, то запрашаем да прагляду новага відэа «Пра тэхналогіі і не толькі». Вядоўца Аляксей Шота гэтым разам прыадчыняе дзверцы ў свет электрамабіляў.
Сучасны свет вельмі хутка развіваецца ў тэхналагічным плане. Бывае, звычайны чалавек не паспявае сачыць за навінкамі гэтай індустрыі і не можа зразумець, як працуе тое ці іншае вынаходніцтва, як яно можа спрасціць жыццё асобе і грамадству і ашчадзіць час і сілы.
«„Пра тэхналогіі і не толькі“ — гэта праграма пра актуальныя трэнды, цікавыя навінкі і карысныя вынаходніцтвы. Усё, што трэба ведаць пра развіццё тэхналогій і іх уплыў на нашае жыццё. Праграма дапаможа ўтрымацца на тонкай мяжы рэальнасці і віртуальнасці, выбраць, як і чым апгрэйдзіць сваё жыццё, а можа нават будзе карыснай для выжывання ў час паўстання машын», — кажа аўтар і вядоўца праграмы.
Глядзіце яшчэ:
Першы выпуск «Пра тэхналогіі і не толькі: Што такое NFT?»