Ток-шоу “Магілёў – культурная сталіца СНД: Ініцыятыва зверху ці знізу?” адбудзецца 21 лістапада

19.11.2012

21 лістапада ў Магілёве распачнецца серыя ток-шоу і публічных прэзентацый пад агульнай назвай “Культура паляпшае жыццё!”, якія ладзіць па ўсіх рэгіёнах краіны кампанія “Будзьма беларусамі!”. Мерапрыемствы будуць прысвечаныя пытанням актуальнай нацыянальнай культуры, той культуры, з якой мы сутыкаемся кожны дзень у прыватнай, публічнай і медыя- прасторы, якая нас вызначае і якую мы можам фармаваць самі. Сустрэча ў Магілёве стане лагічным працягам ранейшых імпрэзаў кампаніі, якія адбыліся ўвосень 2011 г. у Магілёве, Горадні і Берасці.

Нагодай для дыскусійнай сустрэчы

Так праходзіла першае ток-шоў у Магілёве.

ў Магілёве стала наданне гораду статусу культурнай сталіцы СНД у блізкім ужо 2013 годзе. Цяпер, калі першапачатковая хваля грамадскай цікавасці да падзеі ідзе на спад, патрабуе высвятлення і грамадскага абмеркавання  шэраг актуальных пытанняў:

–          Як адбіваецца такі высокі статус на рэальным культурным жыцці горада?

–          Ці паўторыць Магілёў сцэнар Гомеля (уладальніка статусу культурнай сталіцы СНД у 2011 годзе), жыхары якога практычна не памятаюць гэтай падзеі?

–          Якія культурныя мерапрыемствы варта ўключыць у план на год: ці ёсць у традыцыйных гарадскіх святах месца для прапановаў ад актыўных гараджан?

Пошукі адказаў і гарачая (і, спадзяемся, плённая) дыскусія будзе весціся прадстаўнікамі гарадской адміністрацыі, дзеячамі культуры і мастацтва, грамадскімі актывістамі, а таксама прадстаўнікамі сферы турызму і бізнэсоўцамі.

Чытаць падрабязнасці і глядзець фота з першага ток-шоў у Магілёве