Адны ходзяць у тэатр дзеля адпачынку пасля цяжкага працоўнага дня, другія ацэньваюць вартасць кожнай пастаноўкі як твора мастацтва. Але існуе трэцяя катэгорыя тэатралаў, якія шукаюць у спектаклях нацыянальную ідэю і патрыятычны дух. “Тутэйшыя” не ідуць у Купалаўскім ужо восем гадоў. Што паглядзець замест іх?
«Translations (Пераклады)»
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы
Калі ўбачыць: у наступным сезоне
У традыцыйнае, патрыярхальнае жыццё жыхароў ірландскага мястэчка ўмешваюцца вонкавыя абставіны: каб стварыць тапаграфічную карту, у край накіроўваюцца англійскія салдаты. Яны не ведаюць ні слова па-ірландску, тубыльцы – па-англійску, і сын мясцовага настаўніка Оўэн, які жыў у англамоўным асяроддзі, наймаецца да іх перакладчыкам. Ён яшчэ не ведае, што з дапамогай на першы погляд бяскрыўдных пераўтварэнняў англічане збіраюцца перайначыць на свой лад усе назвы, замяніць мову, свядомасць і, нарэшце, зрабіць з ірландцаў англічан. Паказальна, што англічане ў пастаноўцы размаўляюць па-руску, ірландцы – па-беларуску.
“Купала. Кругі раю”
Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі
Калі ўбачыць: у ліпені або ў наступным сезоне
“Купала. Кругі раю” – класічны прыклад “дацкай” пастаноўкі. Спектакль прымеркаваны да 130-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры. Перад гледачамі пункцірна праходзяць галоўныя падзеі з біяграфіі Янкі Купалы – яго нараджэнне, прэтэнзіі бацькі Купалы на шляхецтва, гульні будучага паэта са сваімі сябрамі, чытанне галоўным героем верша “Прарок”, спрэчкі з уладай наконт выдання газеты “Наша ніва”, вяселле з Уладзіславай Францаўнай… А ў фінале спектакля – трагічныя падзеі 1942 года, што адбыліся ў гасцініцы “Масква”. Найбольш удзячная аўдыторыя “Кругоў раю” – школьнікі. Біяграфія Янкі Купала, расказаная на старонках школьнага падручніка, часцей за ўсё выклікае ў іх нуду. А калі яна ўвасобленая на сцэне – успрымаецца зусім іначай.
“Пан Тадэвуш”
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы
Калі ўбачыць: 17 і 18 чэрвеня
Версія Мікалая Пінігіна – своеасаблівы асветніцкі праект, які знаёміць гледачоў з творам Адама Міцкевіча (яго паэтычныя радкі – самы моцны складнік спектакля) і дазваляе даведацца, што насамрэч адбывалася на беларускіх землях у 1812 годзе. Замест “Айчыннай вайны” мы бачым змаганне за незалежнасць Рэчы Паспалітай. Ксёндз Робак з роду Сапліцаў агітуе ліцвінаў да паўстання супраць расійскіх войскаў і змагання на баку Напалеона. Змрочны фінал спектакля – заклік адмовіцца ад рамантычных ілюзій. Жаўнеры, якія ўступілі ў войскі Напалеона над сваімі нацыянальнымі сімваламі, вяртаюцца дадому разбітымі. Замак, які ўвасабляў сабой сімвал дзяржаўнасці, пачынае гарэць. Дождж загасіў агонь, таму будынак застаецца ацалелым. Яго руіны нагадваюць цяперашні стан многіх беларускіх замкаў. Пытанне, ці патрэбнае змаганне, застаецца адкрытым.
“Раскіданае гняздо”
Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі
Калі ўбачыць: у ліпені або ў наступным сезоне
Яшчэ спектакль з “песімістычным” стаўленнем да змагання – “Раскіданае гняздо” ў версіі рэжысёра Аляксандра Гарцуева. У пастаноўцы РТБД Незнаёмы ператвараецца ў правакатара, які на загад Паніча забівае двух герояў. Таму Вялікі Сход – зусім не народнае веча, на якім мусіць абмяркоўвацца будучы лёс Беларусі. Заклікі да правядзення Сходу – спроба выявіць апанентаў, схільных да рашучых дзеянняў (напрыклад, Сымона), і нейтралізаваць іх. Дарэчы, падзеі спектакля адбываюцца ў сучаснасці. Паніч не выпускае з рук смартфон. А сям’я Зяблікаў жыве ў сельгаспасёлку на ўскраіне Мінска.
“Бі-Лінгвы”
Тэатральны праект Андрэя Саўчанкі і Цэнтра беларускай драматургіі
Калі ўбачыць: найбліжэйшая дата паказу не вызначаная
“Бі-лінгвы” – асобы, якія з дзяцінства размаўляюць на дзвюх мовах. Цяжка сказаць, якая з іх першая і якая родная. Класічны прыклад білінгваў – самі беларусы. Пры стварэнні спектакля рэжысёр Андрэй Саўчанка выкарыстоўваў тэхніку “вербацім” (слова “вербацім” часта выкарыстоўваюць як сінонім слова “дакументальны тэатр”): у “Бі-Лінгвах” гучаць маналогі рэальных людзей, публічныя інтэрв’ю з імі, а таксама ўнутраныя маналогі самога Саўчанкі. Напрыканцы спектакля, бадай, у кожнага гледача ўзнікае пытанне: чаму ён не размаўляе па-беларуску? Таму абмеркаванне, якое традыцыйна ладзіцца пасля паказу, часам робіцца не менш цікавым, чым сам спектакль.
“Пінская шляхта”
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы
Калі ўбачыць: 26 мая, 14 і 24 чэрвеня
“Пінская шляхта” – без перабольшання, адзін з шэдэўраў позняга Мікалая Пінігіна. На першы погляд, перад намі ўсяго толькі бліскучы і гамерычна смешны фарс-вадэвіль пра правінцыйныя сваркі ў глушы Пінскага павета. Толькі пісар Кручкоў (непараўнальны Віктар Манаеў) здольны навесці там парадак. Але сатырычная гісторыя, расказаная Дуніным-Марцінкевічам, пакрысе ператвараецца ў трагедыю. Пінігін паказвае дэградацыю шляхты, бесперспектыўнасць і немагчымасць яе змагання за былыя правы. Менавіта таму ў авангард беларускага нацыянальнага руху неўзабаве выйдуць сялянства і інтэлігенцыя.
“Вітаўт”
Нацыянальны тэатр оперы і балета
Калі ўбачыць: 7 кастрычніка, 25 лістапада
Калі быць шчырым, галоўны рухавік падзей у “Вітаўту” зусім не палітыка з гісторыяй, а каханне. Прыгажосць Ганны выклікае канфлікт паміж Ягайлам і Вітаўтам; пакрыўджаны выбарам дзяўчыны, якая абрала Вітаўта, Ягайла нападае на сям’ю стрыечнага брата, забівае яго бацьку і свайго дзядзьку Кейстута. Акцэнт на ролі жанчын спрашчае гісторыю і не дае выканаўцам мужчынскіх партый раскрыць характары сваіх герояў і паказаць іх ролю ў развіцці краіны. Але іншых нацыянальных балетаў, прысвечаных гісторыі, у Беларусі няма. Ды і наўрад ці яны з’явяцца ў найбліжэйшы час.
“Ладдзя Роспачы”
Беларускі дзяржаўны тэатр лялек
Калі ўбачыць: у наступным сезоне
Легендарную навелу Уладзіміра Караткевіча на сцэне сталічнага лялечнага тэатра ўвасобіў Аляксей Ляляўскі. Галоўны герой Гервасій Выліваха ўспрымаецца ў спектаклі не як выключны прадстаўнік народа, а яго неад’емная частка. Таму не дзіўна, што з “Ладдзі” цалкам знікае любоўная лінія. Першую шахматную партыю, вырашаную ў гераічна-шляхецкім стылі, Гервасій прайграе цалкам. А вось у другой, падчас якой карыстаецца падказкамі іншых пасажыраў ладдзі, выйграе. Прычым у якасці фігур тут выступаюць кілішкі і гранёныя шклянкі. Міжволі ўзнікае думка, што Выліваха мог… падпаіць нават Смерць. Яго перамога – дасціпная спроба абдурыць праціўніка.
“Сівая легенда”
Нацыянальны тэатр оперы і балета
Калі ўбачыць: 13 кастрычніка, 1 снежня
“Сівая легенда” – адзіная беларускамоўная пастаноўка ў рэпертуары сталічнага Опернага. Ды яшчэ і з лібрэта Уладзіміра Караткевіча. Згодна з сюжэтам, нобіль Раман кахае халопку Ірыну. Але Кізгайла, гаспадар апошняй, адмаўляецца вызваліць дзяўчыну. Гэта робіцца апошняй кропляй, пасля якой заканчваецца цярпенне людзей. Асабістая драма героя робіцца сімвалам змагання і барацьбы за справядлівасць. Для аб’ектыўнасці, сацыяльныя матывы ў оперы апушчаныя. Ды і змаганне паміж змрочным “замкам” і светлым “храмам” выглядае не заўсёды апраўданым. Зрэшты, пастаноўка досыць відовішчная, а арыя Кізгайлы ў выкананні Станіслава Трыфанава (“Зямля, не пакідай мяне”) прабірае да дрыжыкаў.
“Дзяды”
Тэатр Ч.
Калі ўбачыць: 8 і 9 чэрвеня (Гародня), 15 чэрвеня (Мінск)
Паэма Адама Міцкевіча цяпер ідзе адразу ў двух сталічных тэатрах: лялечным і прыватным тэатры Ч. Але нацыянальнай ідэі найбольш адпавядае менавіта прадукт апошняга. Асабліва другая дзея. Калі ў цэнтры першай знаходзіцца старажытны памінальны абрад Дзяды, дык пасля антракту мы бачым адлюстраванне рэальных падзей. У 1823 годзе Адам Міцкевіч разам з сябрамі па таварыстве філаматаў быў кінуты ў вязніцу. Нездарма рамантычны паэт Густаў (Раман Падаляка), які сумуе па няспраўджаным каханні, пераўвасабляецца ў Конрада, змагара за незалежнасць Бацькаўшчыны. Маналогі ў выкананні Падалякі – найвышэйшы эмацыйны пункт спектакля.
фота kupalauski.by, bolshoibelarus.by, rtbd.by