Яўген Змушка — беларускі музыка, фронтмэн гурта «Мутнаевока» адмыслова для budzma.org падзяліўся ўласным «топам» улюбёных беларускіх песняў.
Фота: iDphota
Я. Зм.: Вох, нялёгка было вызначыць толькі 5 песень пяці айчынных выканаўцаў. Спектр вельмі шырокі, а годных прадстаўнікоў было і ёсць нямала. Але тым не менш паспрабуем прыпыніцца на пяцёрцы. Гэта не значыць, што яны лепшыя за астатнія, але можа, для кагось стануць адкрыццём і нават троху дапамогуць пашырыць уяўленне аб беларускім андэрграўндзе.
1. Куклы — «Хлопчык»
У недалёкай мінуўшчыне харошы хард-кор бэнд. У сярэдзіне нулявых выдатна фармаваў вулічную субкультуру, гучна рвалі пляцоўкі, так што сёння і ўявіць цяжка.
2. Голая манашка — «Радыёактыўны фон»
Па-мастацку напісаны тэкст, музыка не перабольшвае цяжкасцю гучання, улічваючы панк-карані гурта. Падыходзіць як для прыватнага праслухоўвання, так і для публічнага ўзнаўлення.
3. Akute — «Іголкі»
Ахінае і нясе ў далеч змененай свядомасці. Нешматакордны запамінальны матыў. Не сумна, не весела. Тое што трэба.
4. Танграм — «Лицо»
Харошы малады андэрграўндны праект з дзвух удзельнікаў. Дынамічны і з сучасным падыходам.
5. Мутнаевока — «Метро»
Сучасная споведзь ад першай асобы. Выпраўляе ў патаемныя вандроўкі заблукалай душы. Ты адзін у метро, у ягоных тунелях, нават калі наўкола натоўп.
ПЖ, budzma.org