Топ-5 беларускіх песень ад фронтмэна гурта «Dzieciuki» Алеся Дзянісава

26.10.2021 Музыка

Гродзенскі музыка, стваральнік гуртоў «КальЯн», «Людзі на балоце» і «Dzieciuki» Алесь Дзянісаў для Budzma.org склаў топ-5 лепшых, на яго думку, беларускіх песень. 


Дзянісаў.jpg

«Насамрэч выбраць было і лёгка і адначасова цяжка. Па-першае, я не так ужо добра разбіраюся ў белмузыцы. Напэўна, штосьці не чуў. Па-другое, я абмежаваны сваім суб’ектыўным густам. Па-трэцяе, у спіс не ўвайшло шмат песень, якія б маглі ўвайсці. У нейкім сэнсе гэта знакавыя песні не толькі для мяне», — адзначыў музыка. 

1. «Малітва» гурта Песняры

Першае месца займае «Малітва» гурта Песняры: «"Малітва" — самая моцная, на мой погляд, аўтарская беларуская песня», — рэзюмаваў Алесь.


2. «Дым» гурта «Pomidoroff»


3. «Груз» гурта «Петля Пристрастия»

Другое месца належыць песні гурта «Pomidoroff», кампазіцыя «Дым», трэцяе — «Петля Пристрастия» з песняю «Груз». Алесь адзначае: «"Дым" і "Груз" — проста мае любімыя песні. Заўсёды ў маім плэй лісце. Гэта проста мае фаварыты».


4. «Чужы» Лявона Вольскага 

На чацвёртае месца Дзянісаў паставіў кампазіцыю Лявона Вольскага «Чужы» з альбома «Грамадазнаўства»: «Лявона Вольскага можна было б яшчэ з 2 дзясяткі песень напісаць, але я выбраў, можа, не самую папулярную, але вельмі любімую. Мне наогул страшэнна падабаюцца ўсе ягоныя песні з альбома "Грамадазнаўства". І так. Мае вельмі асабістыя рэчы. Фактычна песня пра маё жыццё сёння». 

5. «Грай» гурта «Ляпис Трубецкой» 

Пятае месца за гуртом «Ляпис Трубецкой» і песняй «Грай»: «Што датычыцца Міхалка, то гэта хутчэй даніна павагі ягонаму ўкладу ў белмузыку. Не магу сказаць, што гэта найбольш любімая ягоная песня. Але яна, імхо, самая знакавая і моцная. А так лічу, што лепшае, што ён зрабіў за сваё жыццё — гэта праект "Саша и Сирожа". Калі б запісаў у спіс "Лагер" ці "Калыханку", магчыма, б мяне не зразумелі (смяецца), таму там "Грай"». 


Алесь шкадуе, што спіс кароткі, але звяртае ўвагу ў дадатак на песню гурта Палац «Кола грукатала», а таксама зазначае, што не менш важная творчасць для яго гродзенцаў Жэні Кучмэйна (.К), Вані Пачывалава ці «Deviation», мінчука Сяргея Башлыкевіча і Ганны Хітрык, якая зараз жыве ў Ізраіле. «Але выбар абмежаваны, таму паставім кропку», — падсумоўвае размову Алесь Дзянісаў.

Алесь Масевіч, Budzma.org