Сёння ў вандроўцы прапануем наведаць пяць старадаўніх гатычных храмаў Беларусі, якія захаваліся да нашых дзён ажно з ХV-XVI стагоддзяў. Некаторыя з іх засталіся ў аўтэнтычным выглядзе, некаторыя моцна перабудаваныя, але ўсе захавалі адмысловыя рысы, уласцівыя беларускай готыцы. Такім чынам, наведаем вёску Ішкалдзь і найбольш характэрны прыклад готыкі — Траецкі касцёл, самы старажытны гатычны храм Беларусі ва Усялюбе, абарончыя цэрквы ў Сынкавічах і Мураванцы ды гатычную бажніцу Барыса і Глеба ў Наваградку, якая за паўтысячагоддзя існавання ўвабрала ў сябе мноства стыляў, але захавала першасныя гатычныя абрысы.
Траецкі касцёл
Варта сказаць некалькі словаў пра сам архітэктурны стыль, які атрымаў свой распаўсюд на тэрыторыі Беларусі ў ХV-XVI стагоддзях. Гэта адбылося значна пазней за Заходнюю і Цэнтральную Еўропу, для якой гатычныя формы былі ўласцівыя ўжо з ХІ-ХІІ стагоддзяў. Беларуская готыка, хоць і ўвабрала ў сябе ўсе еўрапейскія тэндэнцыі пластычнасці, дынамічнасці, грацыёзных прапорцыяў, але ж стваралася вельмі адметнай. У нашых гатычных храмах немагчыма пабачыць высокіх вежаў з вострымі шпілямі, мноства спічастых вокнаў з вітражамі ды шырокіх асветленых заляў, бо ў першую чаргу будынкі мусілі выконваць абарончую функцыю, быць трывалымі, больш масіўнымі ды прыземістымі за сваіх еўрапейскіх папярэднікаў.
Траецкі касцёл
Ішкалдзь, Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць
Мясцовы Траецкі касцёл з’яўляецца адным з першых каталіцкіх храмаў, пабудаваных на тэрыторыі Беларусі і захаваных да нашых дзён. Старэйшы за яго толькі касцёл у вёсцы Усялюб на Наваградчыне, але ён неаднаразова перабудоўваўся. Бажніца ж у Ішкалдзі захавала свае гатычныя абрысы ажно з 1476 года.
Траецкі касцёл
Траецкі касцёл зведаў усе хрысціянскія канфесіі: першапачаткова быў пабудаваны на сродкі смаленскага ваяводы Мікалая Неміровіча як каталіцкі храм, у другой палове ХVI стагоддзя Мікалай Радзівіл Чорны пераўладкаваў будынак пад кальвінскі збор, у 1641 годзе бажніца вярнулася да каталікоў, за Расійскай імперыяй на пяцьдзясят гадоў была перададзена праваслаўным, а ў міжваенны час зноў вернута каталікам. За савецкім часам касцёл быў некалькі гадоў зачынены, у 1969-м яго хацелі зруйнаваць, але месцічы адстаялі сваю бажніцу. Пра тое, як гэта адбывалася, сведчыць незвычайны для храма сюжэт, які можна заўважыць на адным з вітражоў касцёла.
Храм моцна прыземісты, у ім няма высокіх вежаў ды мноства скульптурных кампазіцыяў. Але ж у форме бажніцы немагчыма знайсці ніводнай наўпроставай рысы — усё працуе на пластычнасць ды дынаміку: стромкія шчыты на тарцах будынка, нават масіўныя контрфорсы, якія мусілі б узмацняць трываласць і без таго таўшчэзных ды ўстойлівых муроў бажніцы. Унутры касцёла варта звярнуць увагу на характэрныя для гатычных храмаў зорчатыя нервюрныя скляпенні, якія дазвалялі дойлідам размяркоўваць вагу будынка не толькі на сцены, праз што можна было будаваць вышэй, шырэй ды лягчэй. Але напоўніцу ўсе гэтыя тэндэнцыі ўвасобіліся ў Беларусі значна пазней, у будынках неагатычнага стылю, які атрымаў распаўсюд у другой палове ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў.
Траецкі касцёл, скляпенні. Фота: planetabelarus.by
Касцёл Святога Казіміра
Усялюб, Наваградскі раён, Гродзенская вобласць
Касцёл Св. Казіміра вядомы з 1430 года. Ён быў узведзены на сродкі Яна Няміры, паплечніка Вітаўта. Ян Няміра быў выключнай асобай у ВКЛ, ён будаваў першыя храмы на ўласныя сродкі, што раней маглі дазволіць сабе толькі вялікі князь ці ягоная сям’я. Бажніца ва Усялюбе сталася першай. У 1576 годзе будынак быў перароблены пад кальвінскі збор, толькі ў 1642 годзе вернуты каталікам.
Касцёл Святога Казіміра, Усялюб. Фота: planetabelarus.by
Храм ва Усялюбе лічыцца самым старажытным касцёлам у Беларусі, але ён неаднаразова перабудоўваўся. Тут не захавалася спічастых (выцягнутых, завершаных вострым кутом) вокнаў галоўнай прасторы ды магутных выразных контрфорсаў. А вежа-званіца была дабудавана да асноўнага аб’ёма храма ў 1897 годзе, яна маладзейшая за асноўны будынак амаль на 500 год. Але зроблена гэта было досыць ашчадна, нават вокны на вежы не вылучаюцца з асноўнага аблічча будынка ды адпавядаюць гатычнаму стылю.
Касцёл Святога Казіміра. Фота: planetabelarus.by
Касцёл Святога Казіміра, рэканструкцыя
Барысаглебская царква
Наваградак, Гродзенская вобласць
Цікавым прыкладам готыкі з’яўляецца будынак Барысаглебскай царквы, паводле знешняга выгляду якой можна прасачыць гісторыю Наваградка. Узвядзенне храма было фундавана Канстанцінам Астрожскім ў 1517-1519 гг., мяркуецца, што на падмурках больш старажытнага будынка ХІІ стагоддзя. Спачатку бажніца была ўзведзена як каталіцкая ў гатычным стылі, пасля ў 1624-1632 гг. перабудаваная ў стылі сармацкага барока, калі да гатычнага фасада было дабудавана дзве вежы, пазней будынак быў перададзены пад патрэбы базылянскага кляштара. Пасля скасавання уніі і антырасійскага паўстання 1863-1864 гг. расійскія ўлады перабудавалі царкву ў псеўдарускім стылі. А некалькі год таму да царквы былі дабудаваныя дзве пазалочаныя вежы з «цыбулінамі».
Барысаглебская царква. Фота: ldd.by
Але, нягледзячы на шматлікія перабудовы, Барысаглебская царква і сёння дае нам уяўленне пра гатычную архітэктуру ВКЛ ХVI стагоддзя. Знешне тут мы не пабачым стромкіх вежаў ды спічастых вокнаў, але варта зайсці ўнутр, і готыка адразу пазнаецца. Зорчатыя скляпенні храма былі адноўлены ўжо ў ХХ стагоддзі, што вярнула ўнутраным інтэр’ерам храма яго першапачатковыя гатычныя абрысы.
Барысаглебская царква. Фота: ldd.by
Барысаглебская царква, скляпенні. Фота: wikipedia.org
Царква Святога Міхаіла
Сынкавічы, Зэльвенскі раён, Гродзенская вобласць
Царква Святога Міхаіла ў Сынкавічах — унікальны прыклад праваслаўнай готыкі, узведзены яшчэ ў ХVI стагоддзі. Паводле меркавання некаторых даследчыкаў, храм быў пабудаваны яшчэ раней, на пачатку XV стагоддзя, самім князем Вітаўтам. Якая версія больш слушная, вырашаць спецыялістам, але дакладна можна сказаць, што Сынкавіцкая царква з’яўляецца адной з самых першых цэркваў абарончага тыпу ў ВКЛ. Падобных цэркваў на тэрыторыі Беларусі да сёння захавалася ўсяго дзве — яшчэ адна ў Мураванцы, што на Шчучыншчыне.
Царква Святога Міхаіла. Фота: planetabelarus.by
За сваё працяглае жыццё бажніца перажыла шмат перапланаванняў і перабудоваў. У 1760 годзе да храма быў дададзены бабінец, а ў 1891 годзе ля асноўнага будынка была ўзведзена званіца. Але рысы суворай беларускай готыкі нікуды не зніклі — масіўныя абарончыя вежы па бакох храма, вокны-байніцы разнастайнага памеру пад розныя віды зброі, сцены таўшчынёй паўтара метры, наяўнасць на фасадзе «ліхтарыка» — акна, праз якое сачылі за наваколлем, адкуль можа прыйсці пагроза. Унутры храма можна пабачыць ужо знаёмыя крыжовыя ды зорчатыя скляпенні.
Царква Святога Міхала, скляпенні. Фота: hawat.by
Раства-Багародзіцкая царква
Мураванка, Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць
Апошняй разгледзім «малодшую сястру» сынкавіцкай царквы — бажніцу ў вёсцы Мураванка. Яна з’яўляецца помнікам гатычнай і рэнесанснай архітэктуры адначасова. Пра час пабудовы храма даследчыкі спрачаюцца да сёння, імаверна, ён быў узведзены ў перыяд з 1516 па 1542 гг. Царква за сваю гісторыю пабыла праваслаўнай, уніяцкай, каталіцкім касцёлам. За савецкім часам была закрытая і вернутая вернікам толькі ў 1990 годзе.
Раства-Багародзіцкая царква. Фота: budzma.org
Бажніца неаднойчы перабудоўвалася, апошні раз у 1871-1872 гг., калі да яе былі надбудаваны дзве вежы са званіцамі. Частка байніц з фасадаў падчас перабудовы знікла, але і сёння іх можна пабачыць нават у алтарнай частцы будынка. Абавязкова трэба зазірнуць і ўнутр царквы, каб пабачыць складаназлучаныя зоркавыя і крыжовыя скляпенні, якія захаваліся ў выдатным стане з ХVI стагоддзя. А ў асабліва цікаўных турыстаў у Мураванцы ёсць магчымасць узняцца на адну з вежаў храма.
Раства-Багародзіцкая царква, скляпенні. Фота: 34travel.me
Язэп Вараніцкі, Budzma.org
Чытайце яшчэ: Вандроўка аднаго дня: едзем у Жылічы — беларускі Версаль на 100 пакояў