Калі ў вас ёсць толькі адзін вольны дзень для вандроўкі, прапануем рушыць да маляўнічага сядзібна-паркавага ансамбля роду Булгакаў, што месціцца ў Жылічах Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. Будынак захаваўся да нашага часу з ХІХ стагоддзя, сёння якасна адрэстаўраваны і чакае наведнікаў. Тут пабачым маштабны архітэктурны прыклад позняга класіцызму на сто пакояў, рэстаўрацыяй якога займаўся Алесь Пушкін, заночым на борце плавучай базы адпачынку ды сустрэнем па дарозе шмат іншых цікавостак.
Палац Булгакаў падчас рэстаўрацыі. Фота: wikimedia.org
Сядзібна-паркавы ансамбль Булгакаў. Гісторыя беларускага Версаля
Палац у Жылічах называюць беларускай копіяй Версаля, і гэта не выпадкова. Будынак сапраўды ўражвае сваёй архітэктурай, дэкаратыўным аздабленнем фасадаў, на свой час ён па маштабах ды выкшталцонасці дэкору пераўзыходзіў нават рэзідэнцыю Радзівілаў у Нясвіжы. У гэтым годзе архітэктурнаму помніку спаўняецца 200 год — добрая нагода сюды завітаць.
Палац Булгакаў, Жылічы. Фота: smartpress.by
Будаўніцтва сядзібна-паркавага ансамбля ў стылі позняга класіцызму на беразе ракі Добасна пачалося ў 1823 годзе па замове павятовага маршалка Ігната Булгака пад кіраўніцтвам архітэктара Караля Падчашынскага, пасля маёнтак перайшоў да малодшага сына Ігната Булгака Эдгара.
Палацава-паркавы ансамбль у Жылічах быў дабудаваны толькі ў ХХ стагоддзі. Пры ім мелася нават уласная аранжарэя, якая паводле памераў і колькасці экзотаў лічылалася найбуйнейшай на тагачаснай тэрыторыі Беларусі. Вядома, што ананасы з аранжарэі нават здавалі ў арэнду.
Сядзібна-паркавы ансамбль Булгакаў. Фота: obzoor.by
Сам будынак палаца ўражваў сваімі шыкоўнымі аздабленнямі, якія часткова захаваліся да нашага часу: дызайн кожнага са ста пакояў не паўтараўся нават у дробных дэталях. Унікальныя кесонныя столі разнастайныя па фактуры дрэва ды выкшталцона дэкараваныя і сёння з’яўляюцца візітоўкай унікальнага будынка.
Пакоі палаца былі аздоблены шыкоўнай мэбляй, мармуровымі камінамі, тут захоўвалася вялікая бібліятэка, якая налічвала 7000 выданняў, уключна са старадрукамі XVI–XVII стагоддзяў, ды буйная калекцыя прадметаў мастацтва, сярод якіх было 18 слуцкіх паясоў. Усе каштоўнасці былі вывезеныя ў Арол і знаходзяцца там па сёння.
Ян Булгак, інтэр’ер палаца Булгакаў у Жылічах. Фота: poshyk.info
Як выглядала сядзіба ў другой палове ХІХ стагоддзя, можна пабачыць на малюнках мастака Напалеона Орды, які спыняўся ў гэтых мясцінах падчас сваіх падарожжаў. Ён рабіў замалёўкі захаванай архітэктурнай спадчыны на землях колішняга Вялікага Княства Літоўскага, і Жылічы не сталіся выключэннем. А яшчэ большы ўнёсак у справу аднаўлення палаца зрабіў знакаміты фатограф Ян Булгак, які належаў да роду гаспадароў палаца. Ён зрабіў некалькі дзясяткаў здымкаў будынка, у тым ліку і ўнутраных яго аздабленняў, паводле якіх у наш час адбываецца рэстаўрацыя.
Палацава-паркавы ансамбль Булгакаў у Жылічах на малюнку Напалеона Орды
Апошні ўладальнік маёнтка пляменнік Эдгара, Эмануіл Булгак, тэолаг, выкладчык, аўтар шэрагу значных працаў па рэлігіязнаўстве, памёр у Польшчы ў міжваенны час. Пры Саветах у Жылічах у будынку сядзібы месціўся дзіцячы дом, а ў 1930-х — заатэхнічны тэхнікум. Падчас Другой сусветнай вайны была знішчана аранжарэя, сам палац выкарыстоўваўся як шпіталь, а ў парку пры ім хавалі памерлых жаўнераў. Пасля вайны будынак зноў стаў навучальнай установай, а пасля яе пераезду пачаў занепадаць. Да нашага часу апроч палаца захаваліся флігель, свіран, некалькі гаспадарчых пабудоваў і маляўнічы парк з рэдкімі відамі раслін.
Прысядзібны парк у Жылічах. Фота: orda.of.by
Як праходзяць экскурсіі і на што звярнуць увагу
Рэстаўрацыя маёнтка Булгакаў у Жылічах распачалася ў 2009 годзе, сёння адноўлены палац ужо прымае наведнікаў, хоць у ім яшчэ працягваюцца рамонтныя працы. Пакоі напаўняюць антыкварнай мэбляй і сучаснымі рэплікамі, стылізаванымі пад ХІХ стагоддзе, карцінамі, аднаўляюць страчаную аранжарэю і капліцу. У планах аднаўленне парку і воднай сістэмы.
Фота: smartpress.by Палац Булгакаў у Жылічах, інтэр’ер
Фота: smartpress.by Палац Булгакаў у Жылічах, інтэр’ер
Для турыстаў сёння адчынены другі паверх, тут ужо праводзяць экскурсіі. Наведнікам выдаюць бахілы, бо падлога ў пакоях таксама экспанат, зроблены з 5 розных гатункаў драўніны, праводзяць па адноўленых залях палаца ды распавядаюць пра гісторыю і цікавосткі будынка. У адным з пакояў можна пабачыць нават аб’ёмную 3D-падлогу.
Фота: vbobruisk.by Унутраннае аздабленне палаца Булгакаў у Жылічах
На сценах і столі сядзібы варта звярнуць увагу на адрэстаўраваную ляпніну: менш яскравыя кавалкі — гэта арыгінал, што захоўваўся пад слоем фарбы за савецкім часам. Дзякуючы такой ахайнай рэстаўрацыі можна ўявіць, у якіх арыгінальных колерах былі выкананыя інтэр’еры палаца. Аднаўленнем будынка займаўся беларускі мастак Алесь Пушкін, затрыманне якога 30 сакавіка 2021 года адбылося непасрэдна на працы, падчас аздаблення маёнтка Булгакаў.
Фота: smartpress.by Унутраннае аздабленне палаца Булгакаў у Жылічах
Працягласць экскурсіі каля паўгадзіны, адбываюцца яны па выходных ад 9:30 па 17:30, пакуль у палацы можна знаходзіцца толькі з экскурсіяй. Уваходныя квіткі для дарослых каштуюць 10 BYN, дзіцячыя — 5 BYN. Аплата магчымая як наяўнымі, так і карткай.
Унутраннае аздабленне палаца Булгакаў у Жылічах. Фота: vbobruisk.by
У тых, хто захоча павандраваць па палацы віртуальна, таксама ёсць такая магчымасць, якую ўвасобіла ў жыццё Магілёўская абласная бібліятэка. Раздзел «Жыліцкі Версаль» прысвечаны дадзенаму палацава-паркаваму комплексу, тут можна прачытаць і пра род Булгакаў, і пра гісторыю будаўніцтва палаца, і пра мясцовыя легенды ды шмат іншых цікавостак.
Фота: smartpress.by Унутраннае аздабленне палаца Булгакаў у Жылічах
Дзе паесці
У Жылічах няма ўстановаў грамадскага харчавання, толькі крама, якая працуе да 21-й гадзіны. Калі паедзеце ночыць у суседнія Вялікія Бортнікі, там побач з гасцініцай таксама знаходзяцца некалькі крамаў. Калі хочацца падсілкавацца гарачай ежай, можна вярнуцца ў Бабруйск ці далей рушыць у Рагачоў, пра які мы пісалі мінулы раз.
Дзе заночыць
Гатэль «Ола»
У саміх Жылічах пакуль няма дзе спыніцца, але ў дванаццаці кіламетрах ад палацава-паркавага ансамбля Булгакаў у вёсцы Вялікія Бортнікі знаходзіцца гасцініца «Ола» на 20 месцаў. Двухмесны нумар тут будзе каштаваць ад 26 BYN з чалавека. Нумары маюць свежы рамонт, уласны душ і ўсё неабходнае для камфортнага адпачынку.
Нумар гатэля «Ола»
База адпачынку «Дзебаркадзер»
Калі звычайная гасцініца не пасуе, а хочацца пераночыць бліжэй да прыроды, можна спыніцца літаральна на Дняпры на борце «Дзебаркадзера» — адзінага ў Беларусі карабля-гатэля. Ён знаходзіцца ў 40 км ад Жылічаў і ў 9 км ад Рагачова. Тут вам прапануюць утульныя каюты, агулам на 39 чалавек, па кошце 32 BYN з чалавека за ноч, калі застанецеся на даўжэйшы тэрмін і для дзяцей прадугледжаны зніжкі.
Тут жа можна арандаваць альтанку з мангалам, вуды, дровы і іншае. Падрабязна пра паслугі можна даведацца тут.
Карабель-гатэль. Фота: people.onliner.by
Язэп Вараніцкі, budzma.org
Чытайце яшчэ: Што паглядзець на Піншчыне: маршрут на выходныя