Мінулым разам мы вандравалі па неафіцыйнай культурнай сталіцы нашай краіны, горадзе каралёў — Гродна. Гэтым разам прапануем выправіцца ў падарожжа на выходныя па Гродзеншчыне і паглядзець топ самых цікавых гістарычных аб’ектаў па версіі budzma.org. Маршрут працягласцю крыху больш за 260 кіламетраў ад Гродна да апошняй кропкі можна лёгка праехаць за светлавы дзень на аўтамабілі.
Наступным прыпынкам пасля каралеўскага горада з’яўляецца царква Раства Багародзіцы ў Мураванцы, а ў народзе храм так і называюць, як вёску — Мураванка. Праваслаўны храм з’яўляецца помнікам абарончага тыпу гатычна-рэнесанснага стылю, пабудаваным у першай палове ХVI стагоддзя, паміж 1516 і 1542 гадамі. Мясцовасць мае такую назву, бо першапачаткова тут знаходзілася мураваная абарончая вежа, потым яе перабудавалі ў храм.
Мураванка, Маламажэйкаўская (S. Zabaroŭski, 1909)
У час Паўночнай вайны царкву абстралялі з гарматаў войскі шведскага караля Карла ХІІ, у выніку абстрэлу храм моцна пацярпеў і да першай трэці ХІХ стагоддзя быў занядбаны. Будынак быў адноўлены і далей дзейнічаў як храм да пачатку 1950-х гадоў, за савецкім часам царкву зачынілі і вярнулі вернікам толькі на пачатку 1990-х.
Сучасны выгляда храма. Аўтар: aphonua
Унікальнасць гэтага храма ў тым, што гэта адно з самых старажытных збудаванняў на тэрыторыі Беларусі падобнага тыпу. Да таго ж, храм выдатна захаваўся да нашых дзён. Турысты могуць там набыць сувеніры і нават падняцца на вежу.
Далей выпраўляемся ў Ліду, дзе знаходзіцца абарончы замак, пабудаваны ў першай трэці XIV стагоддзя паводле загаду князя Гедыміна. Гэты замак з’яўляецца адным з шэрагу ўмацаванняў абарончай лініі ВКЛ «Наваградак — Крэва — Меднікі — Трокі».
Замак шмат разоў штурмавалі і бралі ў аблогу. У тыя часы Гедымін актыўна ваяваў з крыжакамі. У 1384 годзе замак быў заняты і часткова разбураны заходнімі ворагамі, штурмавалі замак нават рыцары з англійскіх і французскіх земляў.
Сучасны выгляд замка. Аўтар: Alexxx Malev
У 1422 годзе тут адзначаўся шлюб польскага караля Ягайлы з яго чацвёртай па ліку жонкай — Сафіяй Гальшанскай. А ўжо ў 1433 годзе замак адбіваўся ад былога князя Літвы — брата таго ж самага Ягайлы — Свідрыгайлы.
У 1659 годзе замак-кастэль быў захоплены войскамі Маскоўскага княства, а падчас Паўночнай вайны 1700–1721 гадоў замак быў двойчы захоплены і разбураны шведскімі войскамі, якія ўзарвалі вежы. Апошняя абарона замка адбылася ў 1794 годзе, калі паўстанцы-касцюшкаўцы адбіваліся ад жаўнераў Расійскай імперыі. А ў 1892 годзе, пасля моцнага пажару ў горадзе, тагачасныя ўлады ўвогуле пачалі разбіраць замак на будматэрыялы.
Н. Орда. Ліда над ракой Лідзеяй, 2-я пал. XIX стагоддзя
Зараз замак адноўлены, хоць працы па аднаўленні і прымушаюць жадаць лепшага. Частка пабудоваў — навароб з сучаснай цэглы, што цяжка не заўважыць. Тым не менш такім чынам замак захаваецца для нашчадкаў. Зараз ён адчынены для турыстаў, праводзяцца фестывалі рэканструктараў. Побач з замкам ёсць шэраг кавярняў, дзе можна падсілкавацца. А калі маеце вольны час, то зазірніце і ў музей лідскага бровара.
Чытайце яшчэ: Напой, які пілі яшчэ старажытныя шумеры. У Лідзе адкрылі музей гісторыі мясцовага піваварэння
Наступны прыпынак — славутае мястэчка Гальшаны, дзе знаходзіцца Гальшанскі замак. Яго заклаў з дрэва над ракой Карабель міфічны персанаж Гальша ў ХІІІ стагоддзі. Ад імя легендарнага князя і пайшла назва паселішча — Гальшаны. З часам драўлянае ўмацаванне стала непрыдатным для жыцця і ўладары мястэчка пабудавалі новы, ужо мураваны замак у ХVI стагоддзі. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя замак пачалі разбіраць на матэрыялы, ацалелая частка замка была ператворана ў жылыя карпусы.
Цяпер замак актыўна аднаўляецца, у ім працуе невялічкі, але інфарматыўны музей, які можна наведаць за сімвалічную суму. Каля замка ёсць зручная паркоўка і пры ёй усе патрэбныя зручнасці для падарожнікаў.
А падрабязней пра гісторыю замка і страшныя міфы, звязаныя з ёй, чытайце тут. Калі будзеце чытаць тэкст уважліва, то даведаецеся, дзе ў замку можна ўбачыць прывідаў.
Далей шлях ляжыць у Крэва. Менавіта тут быў пабудаваны першы мураваны абарончы замак на беларускай зямлі. У 1260 годзе крэўскія землі далучыліся да ВКЛ, аднак будаваць замак, па некаторых версіях, скончылі пры Гедыміне, які перадаў гэтыя ўладанні свайму сыну — Альгерду, а той потым свайму — Ягайлу.
Альгерд і Кейстут былі братамі, і адносіны ў іх былі добрыя, аднак калі не стала Альгерда, яго малодшы брат захацеў падпарадкаваць пляменніка, што вылілася ў сапраўдную грамадзянскую вайну. Праз некаторы час, каб яе завяршыць, Ягайлам на перамовы былі запрошаныя Кейстут і яго сын Вітаўт. У выніку іх схапілі і адвезлі ў Крэўскі замак.
Крэўскі замак. Рэканструкцыя Сяргея Прышчэпы
15 жніўня 1382 года Кейстута знайшлі задушаным, а яго жонку Біруту, што была ў гэты час у Берасці, утапілі ягайлавы каты ў рацэ. У смерці абаіх прыхільнікі Кейстута абвінавацілі Ягайлу, той усё адмаўляў і нават арганізаваў пачэснае пахаванне свайго дзядзькі ў Вільні, згодна з язычніцкімі абрадамі. У 1385 годзе тут была падпісаная Крэўская унія — саюз Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы пад уладай вялікага князя Ягайлы.
Кейстут і Вітаўт. В. Герсон
Сам замак-кастэль яшчэ ў XVIII стагоддзі быў у добрым стане, пазней пачалося разбурэнне, якое завершылі падзеі Першай сусветнай вайны. Праз мястэчка праходзіла франтавалі лінія, і цягам некалькіх год тут вяліся баі. Замак быў заняты кайзераўскімі войскамі, якія стварылі тут умацаванні. Па іх вяліся пастаянныя абстрэлы, што ў выніку і сталай прычынай знішчэння вежы і паўднёвай сцяны.
Закансервавалі замак толькі ў 1929 годзе польскія рэстаўратары. За апошнія гады спецыялісты правялі археалагічныя, кансервацыйныя і некаторыя рэстаўрацыйныя работы. Згодна з праектам, плануецца аднаўленне замкавага комплекса і стварэнне музея.
Крэва. Закансерваваная вежа замка. Аўтар: zzuka
Далей рухаемся да фінальнай кропкі нашай вандроўкі — у Залессе. Фальварак згадваюць упершыню ў XVI стагоддзі, і меў тады ён назву — Дэрбыш. А ўжо з XVIII стагоддзя маёнткам валодалі прадстаўнікі магнацкага роду Агінскіх. Вось яны і змянілі назву фальварка на Залессе. Тады мясцовая сядзіба была яшчэ драўлянай і праз некалькі пакаленняў стала належаць графу Міхаілу Клеафасу Агінскаму. Ён прымаў актыўны ўдзел у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі ў 1794 годзе і быў вымушаны доўга жыць у эміграцыі. Пазней Суворавым яму было прапанавана вярнуцца на Радзіму, і ў 1801 годзе Агінскі ўсё ж вяртаецца.
Міхал Клеафас Агінскі (F. Fabre, 1805)
Селіцца ў Залессі са сваёй другой жонкай, праз пэўны час перабудоўвае сядзібу, дабудоўвае парк, звярынец, масткі праз раку і некалькі альтанак. Тут ён актыўна займаецца творчай дзейнасцю, піша 20 паланэзаў, 4 маршы, 4 вальсы, 3 мазуркі і шмат іншых музычных твораў. Так-так, менавіта тут быў напісаны славуты паланэз Агінскага «Развітанне з Радзімай».
У 1823 годзе па прычынах слабага здароўя граф разам з сям’ёй выехаў у Італію, дзе праз 10 год яго не стала.
У 1920 годзе ў сядзібе быў створаны пансіянат, які працаваў да пачатку Другой сусветнай вайны. Пасля заняцця Залесся немцамі ў будынку быў арганізаваны штаб, а пасля вайны тут месціўся дом састарэлых, пакуль у 1980-я гады сядзіба не прыйшла ў заняпад.
Сядзібна-паркавы комплекс пачалі аднаўляць з 2011 года. Зараз ён знаходзіцца ў выдатным стане, тут можна наведаць музей у гонар Міхала Клеафаса Агінскага, аранжарэю, выставачную залу, адноўленую капліцу і пагуляць пад мелодыю паланэза Агінскага па парку.
Сядзіба Агінскіх у Залессі. Аўтар: Міхаіл Суднік
Спазнавайце Радзіму разам з «Будзьма!».
АМ, budzma.org