Усё можна перажыць, калі падабраць правільную песню: топ-5 беларускіх трэкаў ад Паліны Дабравольскай

08.12.2022 Музыка

Беларуская спявачка Chornabrova, актрыса, тэатральная рэжысёрка Паліна Дабравольская адмыслова для budzma.org падзялілася ўласным топам улюбёных беларускіх песень.


1.jpg
34mag.net

«Увогуле апошнія гады мне вельмі цяжка слухаць музыку. Таму што, напэўна, я не магу ўспрымаць яе як фон. Калі я слухаю музыку (любую), мой мозг не адпачывае, а наадварот пачынае яшчэ больш ствараць праекцый/карцін/сцэн, калі я слухаю музыку, я не магу працаваць, таму што мая ўвага знаходзіцца менавіта там у той момант.

Я выбрала менавіта гэтыя песні, таму што іх я не пераключаю на наступныя ў сваім плэйлісце. Увогуле, вельмі мала слухаю беларускай музыкі. Штосьці люблю, але не магу сказаць, што слухаю. Для кожнага свой перыяд у жыцці. Некаторыя групы і песні магу паслухаць 1 раз на год — мне гэтага дастаткова».

1.«Nie Chapai» — Koob Dele

Пазнаёмілася зусім нядаўна з гэтай песняй, на жаль, не даходзілі рукі. Лера — несамавітая артыстка. Вельмі шкада і ў той жа час прыемна, што яе няшмат. Бо кожная праца — настолькі якасная і разумная, чаго не сустрэнеш у большасці артыстаў. Яна дакладна ведае, што яна робіць з гукамі, нотамі, эфектамі. Гэта навука, а не проста акорды. «Не чапай» — песня, якую, пачуўшы ўпершыню, я слухала запар 5 разоў і кожны раз адкрывала для сябе яе з іншага боку.

2. «Бегчы» — AKUTE


Akute — Бегчы Прыклад песні, якую я ніколі не прапускаю ў праслухоўванні. Яна адпавядае любым маім настроям: сумным, светлым, хот&хорні, звычайным — whatever.

3. VIII — CHORNABROVA

Не магу не сказаць пра свае песні. Напэўна, таму што кожны раз іх слухаю, каб знайсці самой у сабе касякі (смяецца). Калі казаць пра сваю музыку, то, канешне, яна павінна вельмі дакладна трапіць у мой асабісты муд, калі выпадкова пачынае граць. Але песня VIII, напэўна, прыклад той, што можа цябе крыху выратаваць ад паўсядзённасці. Там шмат цеплыні. Я спрабавала так яе напоўніць, каб было трошкі лягчэй жыць.

4. «Цветок» — Петля Пристрастия

Гурт, які са мной вельмі даўно. Гурт, песні якога я ведаю на памяць, пачынаючы ад першых альбомаў. Але чаму менавіта гэтая песня? Неяк яна засталася ў маім сэрцы сваёй простасцю і наўпростасцю. Калі раней я магла б напісаць «Гомункул», напрыклад, ці «А вообще...», то сёння я абіраю «Цветок».

5. Yegor Zabeliv — Niti (album)

Вельмі паважаю і люблю музыку Ягора. Першыя гады, калі яна з’явілася ў маім жыцці, я казала, што менавіта так гучыць мая душа. Так я сябе чула. Не ведаю, ці шмат змянілася. Альбом Niti — абавязковы для праслухоўвання. Памятаю, як чакала, што ён выйдзе, а калі выйшаў — проста лягла на падлогу і праслухала ад пачатку да канца.

П.Ж. budzma.org


Глядзіце яшчэ: ТОП беларускіх песень ад беларускіх музыкаў. Песні, якія натхняюць і кранаюць беларускіх музыкаў.