Лета — найлепшы час для вандровак. Для самых заўзятых ды апантаных валацугаў, што цікавяцца гісторыяй і прыродай свайго краю, прапануем топ-5 аб’ектаў Шчучыншчыны, да якіх дабіраецца не кожны турыст.
Вялікае Мажэйкава, сядзібна-паркавы комплекс Хадкевічаў
Фота: @kudapolezz
Фота: poshyk.info
У Вялікім Мажэйкаве варта звярнуць увагу на рэшткі гаспадарчых пабудоваў, што засталіся ад колішняй сядзібы Хадкевічаў і часткова захаваны прысядзібны парк.
Сам палац, пабудаваны напрыканцы ХVIІІ стагоддзя, згарэў у 1915 годзе. Апошнім гаспадаром быў Міхал Верашчака. Сёння найбольшую цікавасць для наведнікаў уяўляюць дом для служак, бровар, свіран і лямус.
Фота: @kudapolezz
Фота: poshyk.info
Лямус выкананы ў традыцыях драўлянага дойлідства. Гэта двухпавярховы, квадратны ў плане будынак, першы паверх якога мураваны, другі — драўляны. Аздоблены вонкавай драўлянай галерэяй на ўзроўні другога паверха.
Фота: @kudapolezz
Фота: budzma.org
Фота: budzma.org
Апроч лямуса, вартыя ўвагі дом для служкаў з калонамі, які сам выглядае як маленькі палацык, мураваны свіран ды ўязная брама з агароджай. З прыродных аб’ектаў тут у добрым стане захаваўся прысядзібны парк, які сёння з’яўляецца прыродным помнікам рэспубліканскага значэння і некалькі сажалак.
Фота: poshyk.info
Фота: poshyk.info
Ішчална, касцёл Найсвяцейшай Тройцы, сонечны гадзіннік
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы, які можам пабачыць сёння ў Ішчалне, пабудаваны ў 1755–1758 гадах па фундацыі гарадзенскага харунжага Язэпа Вала. Каменны храм узвялі на тым жа месцы, дзе стаяў драўляны 1515 года пабудовы. Больш за тое, новы касцёл мае прыкладна такія ж памеры і сістэму алтароў, як і ранейшы.
Будынак касцёла — прыклад позняга барока, звонку сціплы, а ўнутры буяе ракако. У інтэр’еры варта звярнуць увагу на тры алтары, драўляны амбон і неарэнесансны арган 1909 года працы Вацлава Бярнадскага. Унутранае аздабленне касцёла захавалася ў адносна добрым стане, бо ён быў дзейны нават за савецкім часам.
Фота: planetabelarus.by
Фота: radzima.org
Перад уваходам у касцёл пакладзеныя дзве надмагільныя пліты. Мясцовыя распавядаюць, што надта ганарлівы мясцовы шляхціц, пераасэнсаваўшы сваё жыццё, загадаў пасля смерці пахаваць яго перад уваходам, каб кожны, хто туды прыходзіў, таптаў ягоную прыжыццёвую ганарлівасць.
Падчас паўстання 1863 года ў касцёле служыў вядомы ксёндз Адам Фалькоўскі. Тут ён агучыў вернікам паўстанцкі маніфест, пасля чаго быў арыштаваны расійскім урадам. Яго расстралялі ў Лідзе 25 чэрвеня 1863 года.
Фота: radzima.org
Яшчэ ў двары касцёла варта звярнуць увагу на адзіны ў Беларусі сонечны гадзіннік, зроблены майстрам Янам Малецкім у Вільні акурат пад адкрыццё храма ў ХVIIІ стагоддзі. Такі гадзіннік у Беларусі толькі адзін.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Новы Двор, касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, каб пабачыць які варта заехаць у Новы Двор, датуецца 1749 годам і з’яўляецца адным з нешматлікіх помнікаў драўлянага дойлідства Беларусі, якія захаваліся ў першасным выглядзе ажно з ХVIII стагоддзя. Званіца дабудаваная ўжо ў 1852-м.
Фота: planetabelarus.by
У храме размешчаны 3 алтары, выкананыя ў стылі ракако, якія ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Аздоблены яны, адпаведна стылю, вялікай колькасцю разбяных драўляных скульптур ХVIII стагоддзя, дробных дэталяў, пазалотай. У алтарах размешчаны іконы сярэдзіны ХVIII стагоддзя «Каранацыя Багародзіцы», «Узнясенне».
Фота: planetabelarus.by
Васілішкі, касцёл Св. Яна Хрысціцеля
Асноўную турыстычную цікавасць у Васілішках мае касцёл св. Яна Хрысціцеля 1769 года пабудовы. Касцёл быў узведзены пры кляштары дамініканаў. У 1868 годзе храм быў аддадзены праваслаўным, вернуты каталікам у міжваенны час. З 1922 па 1928 год быў рэканструяваны і з таго часу мае сучасны выгляд.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
У знешнім выглядзе касцёла Св. Яна прасочваюцца і рысы віленскага барока. У першую чаргу за кошт вежаў, што ўпрыгожваюць фасад разам з паўкруглым франтонам. Унутранае аздабленне храма выкананае ў стылі ракако, алтары ўпрыгожаныя пазалочанай ляпнінай і элементамі, што імітуюць ружовы і блакітны мармур.
Фота: planetabelarus.by
Галавічполе, сядзіба Іваноўскіх
У вёсцы Галавічполе варты ўвагі палац роду Іваноўскіх, які месцічы называюць Лябёдка.
Сёння тут месціцца Васілішкаўскі дом-інтэрнат, таму на тэрыторыю палаца турыстам трапіць складана. Сядзіба ў Лябёдцы пабудаваная ў стылі мадэрн з элементамі неаготыкі больш за сто дзесяць гадоў таму. Тут захаваліся і рэшткі старога парку.
Фота: planetabelarus.by
Сям’я Іваноўскіх адметная тым, што дала выбітных дзеячаў адразу чатыром народам. Гаспадаром Лябёдкі ў пачатку ХХ стагоддзя быў Леанард Іваноўскі — інжынер, выбітны гаспадарчы і грамадскі дзеяч у Расійскай імперыі. З пяці дзяцей Леанарда тры сыны — Вацлаў, Ежы і Тадэвуш — сталі знакавымі асобамі для трох іншых краінаў. Вацлаў Іваноўскі быў беларускім палітычным і грамадскім дзеячам, Тадэвуш Іваноўскі стаў Тадасам Іванаўскасам — літоўскім навукоўцам-біёлагам, а Ежы Іваноўскі — польскім палітыкам і грамадскім дзеячам.
Фота: planetabelarus.by
Вандруйце разам з «Будзьма!». ПЖ