«Вырашылі не спыняць традыцыю». Як у кіеўскім «Торвальдзе» Цярэшку жанілі

16.01.2022 Замежжа

Рэканструкцыю старадаўняга беларускага абраду ўпершыню правялі ў Кіеве. У наступным годзе абяцаюць вярнуць яе ў Беларусь.


photo (1 of 16).jpg
Віктар Якубаў і Святлана Чакушка

Увечары 15 студзеня ў беларускім арт-пабе «Торвальд», які напрыканцы 2021 года адкрыўся ў Кіеве, «жанілі» Цярэшку. У рэканструкцыі абраду паўдзельнічалі некалькі дзясяткаў чалавек. Арганізатарка імпрэзы Святлана Чакушка расказала, што ў Кіеве абрад праводзяць упершыню. 

photo (2 of 16).jpg

«Гэта такі гульнявы абрад, які існаваў і існуе там, дзе раней было Полацкае княства. Полаччына, Лепельшчына. Такая рэгіянальная асаблівасць. Там захавалася гэтая гульня. У яе гулялі менавіта на Каляды. Асноўная мэта, звясці паміж сабой моладзь шлюбнага ўзросту», — расказала Святлана Чакушка.

photo (3 of 16).jpg

Як раней выглядаў гэты гульнявы абрад і наколь ён даўні, сказаць складана. Беларускай традыцыйнай культурай пачалі цікавіцца толькі ў апошнія стагоддзі. Таму даводзіцца рэканструяваць паводле тых сведчанняў, якія захаваліся зараз. Традыцыйна у гульні ўдзельнічалі нежанатыя хлопцы і незамужнія дзяўчаты. Упершыню «Жаніцьба Цярэшкі» была рэканструяваная толькі ў 90-ыя. Гульня «Жаніцьба Цярэшкі» праходзіла найчасцей у корчмах праз сваю нясціпласць і шумнасць. Таму выбар месца ў выглядзе кіеўскага «Торвальда» цалкам апраўданы і адпавядае гістарычнай праўдзе.

photo (4 of 16).jpg

Як расказала арганізатарка імпрэзы Святлана Чакушка, гэтая гульня была для вясковай моладзі нечым накшталт «Ціндэра». Дазваляла «легальна» паводзіць сябе з дзяўчатамі і хлопцамі так, як у іншы час і ў іншым месцы ніхто б сабе не дазволіў. 

«Ну так, можна сказаць, што гэта нешта накшталт "Ціндэраͧ". Адзінае, на вёсках жа ўсе ўсіх ведалі, як правіла. Гэта хутчэй дазваляла моладзі прыгледзецца адзін да аднаго. Каб паміж імі завязаліся нейкія адносіны. Стасункі з працягам. Каб, магчыма, у будучыні, праз некалькі месяцаў, гэтыя пары працягнулі знаёмства далей», — кажа Святлана. 

photo (9 of 16).jpg

Па словах жанчыны, беларусы застануцца беларусамі паўсюль і заўсёды, незалежна ад абставінаў, у якія трапілі. Таму насамрэч няважна, дзе «жаніць» Цярэшку. 

«Мне здаецца, што беларуская традыцыйная культура — гэта важная частка нашай ідэнтычнасці. Гэта тое, што адрознівае нас ад нашых суседзяў. Тое, што беларусаў робіць беларусамі. Зразумела, што ў сучаснай цывілізацыі мы не можам рэканструяваць усе звычаі, абрады. 

Большасць з нас ужо не жыве на вёсцы, і вёска зараз зусім іншая, і мы іншыя. Але некаторыя элементы традыцыйнай абрадавасці варта, на мой погляд, захоўваць для сучаснай моладзі. Гэта весела, гэта цікава, гэта адметна.

 І гэта таксама можа граць такую ж ролю, як грала колькі гадоў таму. Я не першы раз ладжу такія метапрыемствы і ўдзельнічаю ў іх. І ведаю, што былі выпадкі, калі людзі знаёміліся падчас жаніцьбы Цярэшкі і потым у іх адбываліся нейкія адносін», — кажа Святлана Чакушка. 

photo (13 of 16).jpg

Сёлета гульнявы абрад яна разам з паплечнікамі праводзіць толькі ў Кіеве. Калядны час, у які традыцыйна адбывалася жаніцьба Цярэшкі на Полаччыне, заканчваецца. Як кажа Святлана, яшчэ да Вадохрышча гульню можна праводзіць, а вось летам Цярэшку жаніць ужо не з рукі. Святлана перакананая, што ў наступным годзе будзе знаёміць маладых беларусаў між сабой ужо ў Беларусі. 

photo (14 of 16).jpg

Віталь Броўка, які адкрываў «Торвальд» у Віцебску, а зараз узнавіў яго ў Кіеве, быў адным з першых удзельнікаў адноўленага абраду яшчэ ў канцы 90-ых гадоў. Ён расказвае, што сучасны паб — самае зручнае месца для правядзення такіх гульняў. 

Чытайце па тэме: Віталь Броўка: У Кіеў мы перавезлі дух і ідэю «Торвальда» 

«Арт-паб "Торвальд" — гэта традыцыйна месца для артыстычных і культурніцкіх з’яваў. А "Жаніцьба Цярэшкі" — гэта адна з тых абрадавых гульняў, якія мы захавалі і якімі мы ганарымся. Тым, што гэта засталося і прайшло праз стагоддзі з намі. Я ўпершыню прыняў удзел у рэстаўрацыі гэтай гульні яшчэ ў 1998 годзе. І для мяне як для колішняга чальца гісторыка-культурнага клуба "Княжыч" гэта вельмі важны атрыбут абрадавага беларускага кола каляндарнага. "Жаніцьба Цярэшкі" ладзілася ў Віцебску апошнія некалькі год, я таксама прымаў у гэтым удзел. І гэты абрад, абрадавая гульня, у тым ліку і ў віцебскім "Торвальдзе". Таму мы вырашылі не спыняць традыцыю і ў Кіеве таксама», — расказаў Віталь.

photo (15 of 16).jpg

Света_і_Віктар_Якубаў.jpg


РП, budzma.org