Юзэф Кавалеўскі — адзін з заснавальнікаў манголазнаўства ў Расійскай імперыі. Прынамсі, так пра яго напісана ў расійскамоўнай Вікіпедыі. У свой час улады Расійскай імперыі адзначылі Кавалеўскага вялікай колькасцю ўзнагарод за яго дасягненні ў вывучэнні Усходу і адміністраванні ўніверсітэтаў. Не згадваецца толькі, што ён, выхадзец з беларускіх земляў, патрапіў у Казань і заняўся ўсходнімі мовамі, бо яго саслалі туды за ўдзел у тайных суполках. Расказваем пра бурлівы лёс сябра Адама Міцкевіча і Яна Чачота, навукоўцы сусветнага ўзроўню, прафесара Юзэфа Кавалеўскага.
Юзэф Кавалеўскі. Крыніца: bis.nlb.by
Тайныя суполкі
Перш, чым перайсці да гісторыі Юзэфа Кавалеўскага, варта разабрацца з тымі самымі тайнымі суполкамі, з-за якіх будучага прафесара выслалі з Вільні ў далёкую Казань. Суполкамі гэтымі былі, канечне, згуртаванні філаматаў і філарэтаў.
Духам гісторыі філаматаў і філарэтаў наскрозь прасякнутая сучасная Вільня: памятныя шыльды ў старым горадзе, экскурсіі па памятных месцах і навуковыя канферэнцыі ў Віленскім універсітэце не даюць віленчукам і вілянчанкам забыцца пра слаўную мінуўшчыну таемных студэнцкіх аб’яднанняў.
Для літоўскага грамадства гісторыя філаматаў і філарэтаў — прыклад непакорнасці таленавітых і апантаных маладых навукоўцаў расійскім уладам. Таму тыя суполкі і сталі часткай канону ў літоўскай гісторыі. Якое ж месца яны займаюць у беларускім гістарычным каноне?
У падручніку па гісторыі Беларусі за 8 клас філаматам і філарэтам прысвечаныя тры невялічкія абзацы, у якіх прыгадваюцца толькі Адам Міцкевіч і Ян Чачот.
Старонка з падручніка па гісторыі Беларусі за 8 клас. Крыніца: uchebniki.by
Пры гэтым імёны чальцоў таемных суполак усё ж нельга назваць цалкам занядбанымі: у гонар нашага сённяшняга героя Юзэфа Кавалеўскага, напрыклад, названая бібліятэка ў Вялікай Бераставіцы.
Бібліятэка ў Вялікай Бераставіцы. Крыніца: berestovitsa.grodno-region.by
Па адной з версій менавіта ў Вялікай Бераставіцы ў сям’і ўніяцкага святара 9 студзеня 1801 года нарадзіўся Юзэф Кавалеўскі. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што Кавалеўскі нарадзіўся ў вёсцы Ляўкова (цяпер Stare Lewkowo, Гайнаўскі павет), якая знаходзіцца ў 50 кіламетрах ад Бераставіцы. На карысць гэтай версіі кажа тое, што ў Ляўкове была ўніяцкая царква, а ніякіх сведчанняў таго, што ўніяцкая царква калі-небудзь была ў Вялікай Бераставіцы — няма. Да таго ж менавіта Ляўкова перад высылкай у Казань наведваў Юзэф Кавалеўскі.
Так ці інакш Юзэф Кавалеўскі нарадзіўся на Падляшшы і скончыў Свіслацкую гімназію, якую заснаваў граф Вінцэнт Тышкевіч. Свіслацкая гімназія знаходзілася пад патранатам Віленскага ўніверсітэта. Прафесары ўніверсітэта стваралі для яе праграму і нават самі выкладалі мноства дысцыплінаў. З улікам таго, што граф Тышкевіч цалкам забяспечваў гімназістаў матэрыяльна і нават прадстаўляў магчымасць займацца ў ягонай бібліятэцы, а выкладчыкамі былі першыя навукоўцы краіны, адукацыя была вельмі моцнай.
Пасля сканчэння гімназіі Юзэф Кавалеўскі паступіў у Віленскі ўніверсітэт на факультэт літаратуры і свабодных мастацтваў. Яшчэ па дарозе ва ўніверсітэт Кавалеўскі выпадкова пазнаёміўся з будучым заснавальнікам таварыства філаматаў Яна Чачотам.
«Едучы першы раз у Віленскі ўніверсітэт на габрэйскай фурманцы на двух колах, на паўдарозе я сустрэў Яна Чачота, — успамінаў Кавалеўскі. — Ён вяртаўся ў Вільню ад сваёй маці з Навагрудка на невялікай брычцы разам з татарынам з тых мясцін. Мы былі маладыя, амаль роўныя па ўзросце, і вельмі хутка пазнаёміліся. Гэта быў пачатак сяброўскіх адносін, якім мы засталіся верныя назаўжды. Падчас двухдзённай вандроўкі я меў магчымасць паслухаць аповед пра сучасны стан Навагрудскай школы, пра жыццё віленскіх студэнтаў, пра літаратурны факультэт (куды прывяла мяне цяга да навукі, прывітая маімі свіслацкімі настаўнікамі), і пра тое, што адзіны спосаб выжыць у дарагой сталіцы — гэта даваць прыватныя ўрокі, якія да таго ж было цяжка атрымаць беднаму маладому хлопчыку без знаёмых.
За 3 мілі перад Вільняй я быў вымушаны спыніцца на час шабату ў карчме, а мой калега разам са сваім татарскім таварышам спяшаўся ў Вільню.
Пазней у Вільні мы сустрэліся на вуліцы, а потым на кватэры аднаго з нашых таварышаў, на гэты раз як добрыя сябры. Мы сталі філаматамі і філарэтамі, разам працавалі і весяліліся».
Ян Чачот. Крыніца: wikipedia.org
Першыя гады навучання ва ўніверсітэце сапраўды былі складаныя для маладога Юзэфа Кавалеўскага: даводзілася сумяшчаць вучобу, прыватныя ўрокі і актыўнасць у арганізацыі філаматаў. Кавалеўскі вывучаў лацінскую і грэцкую мовы пад кіраўніцтвам прафесара Гроддэка. Гроддэк праз два гады парэкамендаваў Кавалеўскага ў штат Віленскага педагагічнага інстытута, які працаваў пры Віленскім універсітэце. Кавалеўскі атрымаў стыпендыю і жытло пры ўніверсітэце, што моцна спрашчала яго фінансавую сітуацыю.
Віленскі ўніверсітэт. Крыніца: static.prsa.pl
Тым часам Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Ян Чачот і іншыя студэнты Віленскага ўніверсітэта заснавалі гурток філаматаў — таварыства, якое аб’ядноўвала студэнтаў, зацікаўленых літаратурай, філасофіяй і іншымі навукамі. Філаматы ставілі сабе за мэту ўдасканальвацца ў розных галінах ведаў, каб потым сумленна працаваць на карысць Радзіме. Радзімай філаматы лічылі, канечне, не Расійскую імперыю, а землі былога Вялікага Княства Літоўскага. Юзэф Кавалеўскі ў таварыстве заняў месца сакратара аддзялення літаратуры і маральных дысцыплін.
Згодна з правіламі супольнасці, кожны філамат мусіў рэгулярна прадстаўляць свае навуковыя ці літаратурныя працы. Дакладна вядома, што Юзэф Кавалеўскі на паседжаннях філаматаў прадстаўляў свае працы «Аб эпапеі» і «Аб важнасці вынаходжання друкарскага станка».
Пакрысе дзейнасць суполкі змянялася. Калі ад пачатку філаматы казалі толькі пра ўдасканальванне сваіх уласных ведаў, то ў 1818 годзе вырашылі накіраваць сваю дзейнасць і на асвету шырокіх колаў насельніцтва. Хутка маладыя людзі зразумелі, што прывабіць «шырокія колы» адной толькі навукай не атрымаецца. Так у 1820 годзе ўзнікла таварыства філарэтаў — аматараў дабрачыннасці. Наваўтвораная суполка таксама лічыла набыццё ведаў каштоўнасцю, але акрамя таго рабіла вялікі акцэнт на патрыятызме і ўзаемападтрымцы. Кіраўнік аднаго з філарэцкіх гурткоў Ян Чачот імкнуўся рабіць усё, каб моладзі было менавіта весела і цікава праводзіць час у такой суполцы.
Намаганні Чачота і паплечнікаў мелі поспех: арганізацыя хутка разрасталася. Па гімназіях беларускіх земляў распаўсюджваліся «філіялы» і гурткі філаматаў. Да 1823 года арганізацыя мела некалькі соцень удзельнікаў.
Тым часам Юзэф Кавалеўскі, не адыходзячы ад арганізацыі, меў сярод паплечнікаў рэпутацыю «кніжнага чарвяка». Хаця ўсе філаматы ад пачатку мелі на мэце інтэлектуальнае самаразвіццё, пэўна, ніхто так не імкнуўся да ведаў як Кавалеўскі. Як чалец аб’яднання філарэтаў Кавалеўскі быў лідарам аднаго з аддзелаў, які займаўся навуковай і культурнай дзейнасцю маладых гісторыкаў і філолагаў. Паралельна з гэтым Кавалеўскі пачаў выкладаць у Віленскай гімназіі і займацца навуковым перакладам антычнай літаратуры.
Яшчэ студэнтам Кавалеўскі выдаў сваю працу «Звесткі пра жыццё і лісты Лонгіна» ў часопісе «Dziennik Wileński». Пазней ён апублікаваў пераклад на польскую мову трактата Лонгіна «Аб узвышаным» і і крытычнае выданне першых шасці кніг «Метамарфоз» Авідзія.
Так, Юзэф Кавалеўскі паступова рабіў сваю навуковую кар’еру, а таварыства філарэтаў прыцягвала ўсё больш і больш чальцоў. Аднак такая ідылія не магла доўгі час існаваць у Расійскай імперыі: у 1822 годзе выйшаў указ, які забараняў дзейнасць тайных суполак.
Разгром тайных суполак
3 мая 1823 года вучань віленскай гімназіі напісаў на дошцы: «Няхай жыве Канстытуцыя 3 мая!». Мелася на ўвазе Канстытуцыя Рэчы Паспалітай. Справа дайшла да Пецярбурга, і хутка ў Вільні пачалося расследаванне: шукалі таемныя студэнцкія арганізацыі. Юзэфа Кавалеўскага арыштавалі 16 лістапада і абвінавацілі ў прыналежнасці да падпольных арганізацый. У затачэнні Кавалеўскі апынуўся разам з Адамам Міцкевічам. Кавалеўскі нават стаў прататыпам аднаго з лірычных герояў будучай паэмы «Дзяды», у якой Міцкевіч апісваў гэты турэмны досвед. Героя паэмы завуць так жа, як і Кавалеўскага — Юзэф.
У зняволенні Кавалеўскі прабыў да красавіка 1824 годза. У красавіку новы рэктар Віленскага ўніверсітэта хадайнічаў за вызваленне сваіх выкладчыкаў. 28 чалавек разам з Юзэфам Кавалеўскім улады адпусцілі пад дагляд паліцыі. Што цікава, ужо 30 красавіка вызвалены Кавалеўскі ўзяў некалькі кніг у бібліятэцы ўніверсітэта. Пэўна, не дарма паплечнікі лічылі яго «кніжным чарвяком».
Прысуд для Кавалеўскага таксама быў вынесены адносна мяккі: яго разам з некаторымі калегамі выслалі ў Казань без права вяртання на Радзіму. У Казані прафесійныя філолагі мусілі вывучаць усходнія мовы, якімі карысталіся народы, заваяваныя Расійскай імперыяй.
Кавалеўскі ў высылцы
Калі Юзэф Кавалеўскі прыехаў у Казань, за ім усталявалі жорсткі паліцэйскі нагляд з праверкай усёй карэспандэнцыі і штодзённай справаздачай пра паводзіны. Нягледзячы на псіхалагічны ціск, Кавалеўскі паступіў на працу ў Казанскі ўніверсітэт і пачаў вывучаць новыя для сябе мовы: татарскую, арабскую і персідскую. Ягонымі настаўнікамі былі выкладчыкі мясцовага ўніверсітэта, адныя з найлепшыя спецыялістаў па тых мовах свайго часу. Кавалеўскага захапіла татарская культура: ён пачаў складаць татарскі слоўнік і збіраць матэрыялы па гісторыі Казанскага ханства. Аднак яму не давялося больш паглыбіцца ў татаразнаўства. Улады прынялі рашэнне адкрыць кафедру мангольскай славеснасці ў Казанскім універсітэце і адправіць Кавалеўскага ў навуковую камандзіроўку. Разам з калегам Аляксандрам Паповым Юзэф Кавалеўскі накіраваўся ў Іркуцк на цэлыя чатыры гады.
Кавалеўскі і Папоў пачалі рабіць першыя крокі ў вывучэнні мангольскай мовы і шмат падарожнічалі па Манголіі і Забайкаллі. Экспедыцыя зацягнулася. Навукоўцы вывучалі мангольскую і тыбецкую мовы, гісторыю і звычаі, і скончылі вялікую працу толькі ў 1833 годзе. З той працяглай камандзіроўкі Кавалеўскі прывёз у Казань «Мангольскую граматыку», мангольска-рускі слоўнік і 189 мангольскіх і тыбецкіх трактатаў.
«Мангольская граматыка» Юзэфа Кавалеўскага. Крыніца: knpam.rusneb.ru
З багатымі напрацоўкамі Кавалеўскі мусіў ехаць у Пецярбург, каб трымаць экзамен у Акадэміі навук. Паколькі Кавалеўскі лічыўся палітычным злачынцам, нават для такой мэты ён мусіў атрымаць дазвол на наведванне сталіцы ад імператара. Мікалай I дазвол даў, але пакінуў Кавалеўскага пад наглядам паліцыі.
У выніку Акадэмія навук высока ацаніла працу Кавалеўскага. Юзэф Кавалеўскі ўзначаліў кафедру мангольскай мовы ў Казанскім універсітэце.
З гэтага моманту акадэмічнай кар’ера Кавалеўскага развівалася бурліва. Па матэрыялах сваіх даследаванняў ён пісаў новыя і новыя працы і стаў чальцом-карэспандэнтам Акадэміі навук. Стаць сапраўдным чальцом не давалі расійскія ўлады: на Кавалеўскім усё яшчэ была пячатка палітычнага злачынцы. У 1837 годзе Кавалеўскі быў абраны дэканам першага аддзялення філасофскага факультэта Казанскага ўніверсітэта. У 1855 годзе Кавалеўскі заняў пасаду рэктара.
Аднак такі давер ад расійскіх уладаў былы палітычны злачынца не апраўдаў. У 1860 годзе імператар Аляксандр II загадаў зняць з пасады Юзэфа Кавалеўскага, які «не даў рады са студэнцкімі хваляваннямі».
Варшава, паўстанне і газета «Русский мир»
Пасля зняцця з пасады Кавалеўскі збіраўся вярнуцца ў Вільню — у гэты час расійскія ўлады ўжо маглі дазволіць такое былому філамату. Аднак ад тых жа ўладаў раптам паступіла іншая прапанова: узначаліць гісторыка-філалагічны факультэт у Галоўнай Школе, якую адчынялі ў Варшаве. Кавалеўскі на такой пасадзе быў кампраміснай фігурай: з аднаго боку, ён даказаў сваю лаяльнасць расійскім уладам, з іншага — меў рэпутацыю сябра Міцкевіча і навукоўцы сусветнага ўзроўню.
Падчас паўстання 1863–1864 гадоў значную частку архіва Юзэфа Кавалеўскага знішчылі расійскія салдаты. Прычым адбылося гэта амаль выпадкова. На расійскага вайскоўца Фёдара фон Берга, які займаў пасаду намесніка Царства Польскага, быў здзейснены замах. Стрэлілі ў фон Берга якраз з таго дома, у якім жыў Юзэф Кавалеўскі. Кавалеўскага ў той момант не было дома, што зняло з яго падазрэнні, аднак салдаты ў запале выкінулі частку архіва прафесара на вуліцу і спалілі. Тады загінула 11 з 14 экспедыцыйных дзённікаў Кавалеўскага.
Нягледзячы нават на гэты выпадак, былы філамат Кавалеўскі захаваў вернасць расійскім уладам, за што яго ўзнагародзілі медалём «За ўціхамірванне польскага мяцяжу» і Ордэнам святога Станіслава I ступені. Філамацкае мінулае шасцідзесяцічатырохгадовага прафесара ўрэшце было выкраслена са службовага фармуляра.
Аднак такую здраду не магла дараваць варшаўская інтэлігенцыя. Да прафесара пачалі ставіцца з непрыязнасцю, а студэнты выказваліся, што прафесар «ужо не той», і лекцыі яго нецікавыя. Апошнія гады жыцця прафесара прайшлі спакойна і без вялікіх узрушэнняў: ён рэгулярна пераабіраўся дэканам факультэта, ад часу да часу атрымліваў узнагароды ад царскага ўрада і нават не прымаў удзел у канферэнцыях па ўсходніх студыях.
Юзэф Кавалеўскі памёр проста на працоўным месцы. Перад лекцыяй прафесар зайшоў у бібліятэку азнаёміцца са свежай прэсай. Там яго і знайшлі мёртвым з газетай «Русский мир». Падчас пахавання прафесара не было аніякай вялікай цырымоніі. Кавалеўскі не карыстаўся асаблівай папулярнасцю ані ў студэнцкіх колах, а ні ў колах інтэлігенцыі.
Надмагільны помнік Юзэфа Кавалеўскага. Крыніца: wikipedia.org
Праз 5 гадоў удава Кавалеўскага перадала ўсе ягоныя паперы і запісы ў бібліятэку Віленскага ўніверсітэта. З дзённікаў Юзэфа Кавалеўскага, напісаных падчас жыцця ў Варшаве, вынікае, што ён рэгулярна чытаў рэвалюцыйную газету «Званы» і перапісваў сабе ліст Бялінскага Гогалю ды іншыя забароненыя тэксты.
Дар’я Гардзейчык, budzma.org