Роўна 4 гады таму, 9 жніўня 2020 г., у Беларусі пачаліся масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Сёння гэты дзень беларусы па ўсім свеце адзначаюць як Дзень годнасці. Акцыі салідарнасці пройдуць у Вільні, Варшаве, Берліне, Тбілісі, Лондане, Рызе, Берліне, Стакгольме і іншых гарадах. Поўны спіс мерапрыемстваў сапраўды ўражвае.
Каб не прапусціць беларускія мерапрыемствы ў сваім горадзе, раім падпісацца на тэлеграм-бот «Будзьма разам!».
 
	 Андрэй Хадановіч
З нагоды Дня годнасці паэт Андрэй Хадановіч падзяліўся вершам, які быў напісаны два гады таму, але сваёй актуальнасці, да жалю, не згубіў, у сваім тэлеграм-канале.
 Тыя, што зьнічкамі ў жніўні гарэлі ахвярна, 
 
	кажуць: нічога ня марна, нічога ня марна, —
 
	змроку, што сонцу насуперак слаўся бяздарна,
 
	кажуць: нічога ня марна, нічога ня марна.
 Побач з ільвом пакладзецца рахманая сарна, 
 
	скажа: нічога ня марна, нічога ня марна, —
 
	хіжай гіене, што шчэрыла пашчу бяскарна,
 
	скажа: нічога ня марна, нічога ня марна.
 Толькі калючка і вышка, муры і турма 
 
	кажуць табе: ўсё дарма, чалавеча, дарма.
 
	Ды над пагаслым пажарам астылая сажа 
 
	болей нічога ня скажа, нічога ня скажа.
 То праз пажары і пашчы, калючку й муры — 
 
	зьнічкаю, сарнай ці сажай, але гавары.
  Кацярына Ваданосава
Кацярына Ваданосава
Спявачка, вядучая праграмы «Трызуб і Пагоня» на ютуб-канале Budzma Кацярына Ваданосава піша на сваёй старонцы ў Фэйсбуку з нагоды чацвёртай гадавіны фальсіфікацыі выбараў у Беларусі:
 «Мы гаворым і пішам пра добрае, каб не памнажаць бяссілле і горыч.
 
	Мы не гаворым і не пішам пра страшнае, каб не зашкодзіць блізкім і далёкім.
 
	Мы ўзважваем кожны рух і кожнае слова.
 
	Але гэта не значыць, што мы забыліся, што нам не баліць.
 
	Мы стаміліся, але мы марым, памятаем і робім.
 
	Тое, што перажыў наш народ, нельга выкрасліць з памяці, немагчыма адпусціць, не атрымаецца перакрочыць і бесклапотна рушыць далей.
 
	Дзеля ўсіх сяброў, дзеля тысяч палітзняволеных, дзеля соцень тысяч эмігрантаў і ўцекачоў, дзеля закатаваных, і дзеля памяці забітых рэжымам — мы мусім працягваць змагацца: таемна, адкрыта, ціха, гучна, пасіянарна, самаахвярна, з верай і надзеяй.
 
	Трэба гарэць, як бы пякуча не апаляліся целы і сэрцы».
 
	 Вольны хор
«Вольны хор» выпусціў песню «Зорачкі», прысвечаную падзеям 9 жніўня 2020 года і вымушанай эміграцыі.
«Тры гады мы жывем у выгнаньні. Тры гады прагнем вярнуцца дадому. Тры гады нясем беларускія песьні па сьвеце і апавядаем пра наш край. Беларусь! Мы прысьвячаем табе гэтую песьню, мы сьпяваем для цябе. Ты ў нашых думках і сэрцах. Жыве Беларусь!» — пішуць удзельнкі хора ў анатацыі да кліпа.
Песню «Зорачкі» напісаў Сяргей Новік-Пяюн, апрацоўка Галіны Казіміроўскай.