Паэтка і перакладчыца Ганна Комар піша трэці ліст да мамы. У гэтым лісце Ганна прыгадвае сваю даўнюю сустрэчу з Леанідам Мараковым — пляменнікам расстралянага паэта Валера Маракова і распавядае пра тое, як прайшла ў Лондане імпрэза пад назвай «Ноч паэтаў і ДЗЯЎЧАТЫ». Менавіта так — і дзяўчаты, бо так падпісваліся ў зборніках пасля імёнаў паэтаў-мужчын рэпрэсаваныя паэткі, пра якіх размаўлялі падчас мерапрыемства ў Лондане.
Прывітанне, мамка,
Хачу пачаць сённяшні ліст з паэтычных радкоў:
«Калі жыць і не бачыць прыгожага, Лепш прыгожа й раптоўна згарэць...»
Іх напісала беларуская паэтка Ганна Брэская ў 1927 годзе. А ў 1936-м звесткі пра яе губляюцца, пасля таго як быў арыштаваны яе муж — паўторна. Яна «раптоўна згарэла», і нам засталося ад яе трынаццаць вершаў, сабраных у кнігу «Настурцыі» дзякуючы дапамозе Леаніда Маракова.
Вокладка зборніка «Настурцы». Фота: kamunikat.org
Кожны раз, калі ўзгадваецца імя Леанід Маракоў, я думаю пра адзін выпадак. У красавіку 2016-га я праводзіла М. у Мінскім аэрапорце і вярталася ў горад аўтобусам. Побач са мной сядзеў мужчына, мы разгаварыліся, ён прадставіўся пляменнікам рэпрэсаванага беларускага паэта і пачаў распавядаць, што піша кнігу пра свайго дзядзьку — пра рэпрэсіі, расстрэлы, пераслед, творчасць... Мая галава была занятая каханнем, якому я толькі што сказала «да сустрэчы» ў аэрапорце, я не ведала гісторыю, пра якую апавядаў гэты мужчына, і я амаль не слухала.
Той мужчына быў Леанід Маракоў — пляменнік беларускага паэта Валера Маракова, расстралянага НКУС у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, разам з больш як сотняй іншых беларускіх навукоўцаў, культурных і дзяржаўных дзеячаў. Сярод іх было 22 літаратары. Ноч з 29 на 30 кастрычніка адзначаецца намі як «Ноч паэтаў» — паэты зрабіліся галасамі ўсіх, каго прымусілі замаўчаць, не толькі ў тую ноч, але цягам 1920-х — 1930-х, падчас маштабных рэпрэсій супраць нашай нацыянальнай інтэлігенцыі. Увесну 2018-га, у аўтобусе з аэрапорта ў Мінск, я глядзела на Леаніда Маракова як на дзівака. Радкі, якія паэтка Наста Кудасава напісала восенню 2020-га: «мы не верылі ў трыццаць сёмы — / і да нас пагрукаў дваццаты», — былі пра мяне. На шчасце, людзі здольныя адукоўвацца і разумнець.
Леанід Маракоў. Фота: Наша Ніва
Увосень 2019-га я напісала верш, у якім уяўляла, што калі б цяпер быў 37-мы, мяне б таксама расстралялі. Увосень 2021-га ў Беларускай царкве ў Лондане мы чыталі вершы паэтаў, расстраляных у 37-м, і вершы сучасных палітзняволеных паэтаў. Сёння я адмяніла спатканне, каб напісаць табе ліст пра тое, як мы ўшанавалі «Ноч паэтаў» у Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане. Дакладней, «Ноч паэтак»: Яніна Германовіч, Ганна Брэская, Валянціна Казлоўская, Наталля Вішнеўская і Яўгенія Пфляўмбаўм. Мы дакладна ведаем, што з іх усіх Сталінскія чысткі не перажыла Валянціна Казлоўская; лёс Ганны Брэскай невядомы.
Пра гэтых паэтак нам распавядала Лена Зінскі — беларуска-амерыканская паэтка і перакладчыца, якая робіць магістарскае даследаванне ў NYU. Паралельна з напісаннем уласных вершаў яна перакладае на ангельскую расстраляных паэтаў, а таксама рэпрэсаваных паэтак. Для Лены пачаткам гісторыі стала тое, што яна даведалася, калі пачала даследаваць гісторыю сваёй сям’і: многія чальцы былі расстраляныя, і большасць былі з Беларусі... Да гэтага Лена лічыла сябе рускай паэткай, але той момант адкрыцця стаў пераломным. Яе задума ў тым, каб не проста перакласці, але адаптаваць гэтыя вершы для англамоўнай аўдыторыі.
Лена Зінскі. Фота аўтаркі
Сярод згаданых паэтак я адразу пазнаю імя Наталлі Вішнеўскай, таму што чытала кнігу «Неба мнагавокае», надрукаваную жаночым выдавецтвам «Пфляўмбаўм». Найбольш мяне зацікавіла яе эпісталярная спадчына, з якой мы даведваемся не толькі пра яе цяперашняе і мінулае, але і пра характар, сфармаваны складаным лёсам.
У 1927-м Наталля Вішнеўская выйшла замуж за паэта Алеся Дудара, які быў арыштаваны ў 1929-м і высланы ў Смаленск, а пазней расстраляны ў ноч 29 кастрычніка. Пасля яго арышту ў Наталлі ўзніклі праблемы з навучаннем у БДУ, працаўладкаваннем і публікацыямі, бо яна была жонкай «ворага народа». Яе прымусілі скасаваць іх шлюб. Другім мужам Наталлі стаў паэт Алесь Звонак, які ў 37-м таксама быў арыштаваны як «вораг народа». Яна вымушана з’ехала з Беларусі ў Ленінград і там праз некаторы час пабралася шлюбам з яшчэ адным паэтам, Янкам Бобрыкам. Ён загінуў у блакадным Ленінградзе.
Словамі Наталлі, у яе «гэтая паласа няшчасця пачалася ў [19]29 годзе і цягнулася да [19]53-га. Усе гады „пад калпаком“».
Кніга Наталлі Вішнеўскай «Неба мнагавокае»
Падзялюся з табой яе вельмі энергічным, натхняльным вершам:
ДА ДНЯ ЖАНЧЫНЫ
Гэй, ляці, мая першая песня,
У кужэльную, шэрую вёску.
Гэй, туды, дзе у хаце курнай
Тчэ жанчына схіліўшыся кросны!
Ды напомні, што час падняволля
Знік у тхляні шэра-туманнай,
Што праменнямі новае сонца
Напрадвесні ёй ззяе загнанай…
Што у цемры мінуўшчыны шэрай
Адышла жнейка вечна прыгонная,
І на месцы яе ў ззянні новым жыцця
Ўстала сонца свабодных загонаў.
Ўжо ад хатніх турбот векавечных,
Ад жніва, ад калыскі дзіцяці
Яе клічуць у сабе усяўладна —
Яе кліча вялікая праца,
Што на росквіце дзён светазорная
З віру бур, завірух, навальніцаў
Яна ўстала магутная, смелая,
Яснай долі сваёй будаўніца.
Дык ляці, мая першая песня,
У кужэльную, шэрую вёску.
Гэй, туды, дзе ў гарачае лета
Вецер спелым гуляе калоссем.
Сакавік 1925 г.
Актыўны перыяд літаратурнай працы Наталлі Вішнеўскай абмежаваўся 1920-мі. З кнігі «Неба мнагавокае» зразумела, што яна спыніла пісаць не толькі праз «абставіны», якія «зламалі», як яна сама піша ў лісце беларускаму паэту і пісьменніку Сяргею Грахоўскаму ў 1981 годзе: «Доўгія гады работы з ранку да ночы, адарванасць ад літаратурнага жыцця, 1952 год і інш.» — але і праз калегаў мужчын, і, што самае крыўднае, сярод іх быў яе другі муж Алесь Звонак: «Да таго ж гадоў 20 з лішкам таму назад наш агульны прыяцель З[вонак] сказаў, што пачынаць мне ўжо позна, і зусім адбіў ахвоту брацца за пяро».
Вішнеўская распавядае і пра Яўгенію Пфляўмбаўм, якая таксама замаўчала на паўстагоддзя. Яна была замужам за рэпрэсаваным паэтам Максімам Лужаніным і паехала за ім у ссылку. Вішнеўская піша пра Пфляўмбаўм у лісце Сяргею Грахоўскаму ад 13 снежня 1987 года:
«А наогул Жэня дурная з дурных. Даўно магла мець сваё імя. Мне нехта гаварыў, што яна часам пісала за яго...»
Дапамагала мужу часам і сама Наталля. Напрыклад, яна апісвае выпадак, як аднойчы Бобрык і Звонак мусілі напісаць кароткі тэкст песні пад гатовую музыку для фільма. Усю ноч яны «пыхцелі», але нічога не атрымлівалася. Тады Наталля, якая хацела спаць, напісала ім словы песні. А пасля яшчэ адной — тэкст пайшоў за імем Звонака. Колькі такіх гісторый могуць распавесці жанчыны таго часу...
Я вельмі чакаю, калі змагу прачытаць выбраную паэзію Яўгеніі Пфляўмбаўм «Сонца», якую ўклала Аксана Данільчык і надрукавала выдавецтва «Пфляўмбаўм». А пакуль што адчыняю выпадковую старонку і дзялюся з табой вершам, які мне адгукаецца:
ДОМА
След думкі вандроўнай вядзе да айчыны,
Пад водарным веццем чакае дамок,
Што даць наўзамен белай фарбы каліны,
Калі яна гэтак усцешыла зрок?
Аддзячыць ёй чым? А хіба вымагае?
Лясная вясна не гандлюе дабром,
Таму і цаны твайго роднага краю
Не выспяваць песняй, не скласці пяром.
Кніга Яўгеніі Пфляўмбаўм «Сонца»
На імпрэзе Лена распавядае пра кожную паэтку, пасля мы чытаем іх вершы. Усе прысутныя могуць выбраць, які беларускі верш з падрыхтаванай Ленай нізкі хацелі б прачытаць — такія калектыўныя чытанні зрабіліся традыцыяй для лонданскай «Ночы паэтаў». Пасля Лена чытае свой ангельскі пераклад гэтых вершаў. У аўдыторыі ёсць англамоўныя слухачы, якія нічога не ведалі пра «Ноч паэтаў» раней, і дзякуючы таму, што лекцыя і вершы чытаюцца па-ангельску, у нас атрымліваецца іх зацікавіць. Хтосьці зачытвае «Настурцыі» Ганны Брэскай, і я шкадую, што не выбрала гэты верш.
НАСТУРЦЫІ, I
У лахмоццях лістоў вецер туліцца,
Плача вуліца гулам калёс.
А на вогнішчы сочных настурцый
Паразлёгся брадзяга мароз.
І не шкода. Няхай упіваецца
Недацвёўшай апошняй красой.
Лепш загінуць пунсоваю раніцай,
Чым па кроплі губляць жыццё.
Я не знаю, чаго плача вуліца,
Што так вецер мінорам звініць.
…Было лета. Цвілі настурцыі,
Ды завялі ў імглістую стынь.
І мароз галаву сівалосую
На гарачых пялёстках пагрэў.
Калі жыць і не бачыць прыгожага,
Лепш прыгожа й раптоўна згарэць.
Ганна Брэская. Фота: зборнік «Настурцыі» (Полацкае ляда, 1999)
Мне так хочацца чытаць іх кнігі, лісты, ведаць, пра што яны думалі, чым жылі. Чамусьці думаецца, што мы паразумеліся б. Хаця б таму што любім Беларусь і дзелім жаночую долю... А можа быць, наадварот, спрачаліся б пра фемінізм і месца жанчыны. Калі гляджу на фотаздымак Валянціны Казлоўскай, з’яўляецца адчуванне, што мы знаёмыя. Што наша сустрэча была б адной з тых, калі не можаш нагаварыцца... Валянціна была арыштаваная ў снежні 1937 года і расстраляная 31 сакавіка 1938 года па абвінавачанні ў шпіянажы на карысць латышскай выведкі, бо нарадзілася ў Рызе. Ёй быў 31 год.
Валянціна Казлоўская. Фота: bkc. daugavpils. lv
На імпрэзе Лена сказала, што гэты верш Валянціны Казлоўскай ёй падаўся вельмі актуальным і цяпер, улічваючы жахі, якія адбываюцца ў свеце.
***
Над соннай зямлёю з нябеснай высі,
Скрозь маркотныя хмаркі начныя,
Зорка сумна на гора-няпраўду глядзіць,
Што заліла абшары зямныя.
Цёмна, сумна і страшна наўкол.
Месяц гдзесьці за хмаркі схаваўся.
Ясных зорак нямы карагод
Згінуў у небе, бы цемры спужаўся.
Яніна Германовіч таксама была замужам за паэтам, які ўвойдзе ў дванаццатку расстраляных у трагічную ноч 37-га. Як жонку «здрадніка радзімы» яе таксама арыштавалі і асудзілі да васьмі гадоў выпраўленча-працоўных работ у Акмолінскім лагеры жонак здраднікаў Радзімы («Алжыр»). Пасля яна зноў была арыштаваная ў канцы 1940-х — пачатку 1950-х і вызваленая канчаткова ў 1955 годзе. Пражыла яна ўсяго 49 гадоў, моцна хварэла... Мая Кляшторная, дачка Яніны Германовіч і Тодара Кляшторнага, якая правяла пяць гадоў у Акмолінскім лагеры, пасля шэсць — у дзіцячым спецпрыёмніку НКУС, а пасля гэтага яшчэ сем — у ссылцы ў Сібіры, разам з маці, распавядала, што Яніна працягвала пісаць нават у ссылцы, але тыя тэксты не захаваліся.
Яніна Германовіч. Фота: svaboda. org
Я знайшла толькі адзін яе верш — напісаны ў 1929 годзе.
Надзеі
Надзеі, мілыя надзеі!
Надзеі, сэрца летуценні…
Я вас у сэрцы вечна грэю;
Не дружны з вамі чорны цені.
Як гора ці ўцеха нахлынуць
Магутнай хваляй у грудзі юнацкія —
Слёзы змываюць горкую муць
І родзяць песні ваяцкія.
Песні бадзёрыя вецер
Падхопіць на ўлонне свавольна,
Праспявае шумна веццем
Ці траўкай у стэпах прывольных…
А песні шчырыя з сэрца
Адчуюць напэўна і людзі;
Заўтораць з ветрам ад сэрца —
І песня вечна жыць будзе!..
Ах, песні! Песні-надзеі…
І колькі ў тонах чуць веры!
Якой не ўкрадуць зладзеі —
Буры, нягоды не разувераць!
Надзеі, вечныя надзеі!..
Надзеі, сэрца парыванні…
Я вамі сэрца вечна грэю —
Іду ў прасторы, што прывабны.
Пра гэтых паэтак мы гаварылі і іх мы чыталі на імпрэзе, якая называлася «Ноч паэтаў і "ДЗЯЎЧАТЫ"». Лена патлумачыла, што менавіта так — «І дзяўчаты» — падпісваліся паэткі ў зборніках, пасля пераліку імёнаў паэтаў мужчын... Але гэта не ўсе паэткі, чые імёны вядомыя нам. На старонцы executed_poetry у Інстаграме, прысвечанай беларускім і ўкраінскім паэтам і паэткам, якія прайшлі праз сталінскія рэпрэсіі ці былі забітыя падчас іх, я знайшла інфармацыю пра Ядвігу Бяганскую, якая таксама публікавала вершы ў 1920-х, чый муж — паэт — быў расстраляны. Яна сама была арыштаваная ў 1937-м і асуджаная на дзесяць гадоў лагераў на Калыме. Ядвіга, бадай, адзіная з пералічаных аўтарак, хто працягвала літаратурную працу — праўда, як празаік і перакладніца.
Ядвіга Бяганская. Фота: adzharaj-kut
Хочацца чытаць, даследаваць і распавядаць табе гісторыі гэтых жанчын, мамка, бо ты, як і большасць людзей у Беларусі, ніколі пра іх не чулі, як не чула калісьці і я. Можа быць, ты не зразумееш усё, пра што я напісала ў гэтым лісце, як не разумела калісьці я, але мы, людзі, маем здольнасць да трансфармацый і росту. З надзеяй на лепшае заканчваю свой ліст.
Абдымаю, Твая дачушка
Чытайце яшчэ:
«Мне тут добра, мамка. Але цягне сэрца ў родны кут...» Другі ліст да мамы з Лондана
«Знайсці ўнутры сябе шчаслівае, бяспечнае месца». Першы ліст да мамы