Усяго тры мінскія вуліцы названыя ў гонар беларускіх несавецкіх дзяржаўных дзеячаў і палітыкаў — прычым вядуцца размовы аб магчымым перайменаванні адной з іх. Pozirk.online піша пра даследаванне, вынікі якога прадставілі ў Варшаве: ягоныя вынікі вас здзівяць.
Аўтары даследавання прааналізавалі назвы 1316 тапанімічных аб’ектаў Мінска па стане на 2024 год: вуліц, плошчаў, станцый метро і не толькі. І знайшлі ўсяго тры вуліцы ў гонар беларусаў, не звязаных з Савецкім Саюзам: Кастуся Каліноўскага, Льва Сапегі і Браніслава Тарашкевіча (гэта яе думаюць перайменаваць).
У той жа час было выяўлена больш за 500 аб’ектаў з назвамі, якія, на думку аўтараў справаздачы, «нясуць варожы для Беларусі прапагандысцкі савецкі або расійскі каланіяльны характар», а таксама 29 помнікаў з падобнымі назвамі.
Даследчыкі лічаць неабходным перайменаваць 123 тапанімічных аб’екта (гэта 9% ад агульнай колькасці), названых у гонар найбольш адыёзных прадстаўнікоў гэтай эпохі. А назвы 59% аб’ектаў вызначаюць як «палітычна нейтральныя, якія не патрабуюць змен».
Дарэчы, яны прывялі і спіс варыянтаў для новых назваў аб’ектаў сталіцы. У спісе наступныя імёны: Алесь Адамовіч, Антон Луцкевіч, Васіль Быкаў, вялікія князі Вітаўт, Гедымін, Міндоўг і Ягайла, князі Рагвалод і Усяслаў Полацкі, Іван Луцкевіч, Ларыса Геніюш і многія іншыя.
У справаздачы таксама адзначана, што ў постсавецкай Беларусі працэс перайменавання аб’ектаў практычна не пачынаўся.