"Трымайце дыстанцыю бяспекі", цяпер гэта не надпіс на гарадскім аўтобусе. І не заходзіць за абмежавальную лінію мы цяпер можам паўсюль, а не толькі ў метро, пра што нам настойліва раілі праз гучную сувязь. Сэнс, дарэчы, такі самы — два метры, якія дапамогуць захаваць здароўе (не тое каб стоадсоткавы метад, але ўсё ж).
Насамрэч, пытанне дыстанцыі паміж людзьмі яшчэ зусім нядаўна намі не разглядалася ўвогуле, за выключэннем зусім ужо інтравертных асобаў. Тым часам мы знайшлі для вас цікавае даследванне, апублікаванае ў The Washington Post яшчэ ў 2017 годзе, калі слова "каранавірус" ведалі толькі адмыслоўцы ў медыцыне.
Пра тое, што асабістая прастора ў рознных краінах розная мы здагадваліся, але не звярталі ўвагі: за нас увагу звярталі саццыёлагі, якія знайшлі залежнасць "блізкасці" ад клімата, полу і ўзросту.
Паводле даследчыкаў наш свет дзеліцца на "культуру кантактаў" і "бескантактную культуру". Да першай адносіцца Паўднёвая Амерыка, Блізкі Усход і Паўднёвая Еўропа — хто правёў крыху болей за дзесяць хвілін у любым італьянскім грамадскім месцы, бачыў сам.
Да другой культуры — Паўночная Амерыка, Азія і Паўночная Еўропа.
У 2017 даследчыкі апыталі 9000 чалавек у 42 краінах, каб зразумець, як яны вызначаюць асабістую прастору.
Вось маем першы графік. Рэспандэнт мусіць уявіць, што ён "персона А" і адказаць на пытанне: як блізка да яго мусіць знаходзіцца "персона Б". А калі яна блізкі сябар альбо калега?
А вось і вынікі.
«Выявілася, што людзі ў Аргенціне і іншых краінах Паўднёвай Амерыкі патрабуюць менш асабістай прасторы, чым жыхары Азіі. У некаторых месцах незнаёмых людзей прасілі трымацца далей, але блізкіх падпускалі бліжэй. — піша The Washington Post. — Напрыклад, у Румыніі незнаёмым людзям варта трымацца на адлегласці. Але сябры могуць падыйсці бліжэй. У Саудаўскай Аравіі людзі стаяць далей ад сваіх сяброў, чым аргентынцы ад незнёмых людзей. Венгры хочуць бачыць і блізкіх, і незнаёмых людзей на адлегласці "зброі", прынамсі, 75 сантыметраў.
Але ёсць і агульнае.
Жанчыны аддавалі перавагу большай асабістай прасторы ад незнаёмых людзей, чым мужчыны амаль ва ўсіх краінах. Людзі, якія жывуць у цёплых месцах, як правіла, трымаюць меншую дыстанцыю, чым тыя, хто жыве ў халодных раёнах. І чым старэйшы чалавек, ты далей ён будзе трымацца ад суразмоўцы».
Цяпер пандэмія каранавіруса змяняе гэтыя правілы, і адлегласць у два метры робіцца нашай паўсядзённасцю. Таму мы заклікаем вас, нават калі ў вашай душы жыве сапраўдны аргентынец, троху пачакаць, пакуль пандэмія скончыцца. А пасля зажывем як прывыклі.