Пасля тэлефонных размоваў выконваючай абавязкі канцлера Германіі Ангелы Меркель з Масквой і Мінскам наконт працяглага канфлікта на мяжы Беларусі з краінамі ЕС, на яе абрынулася маса крытыкі. Пры гэтым, як з боку нямецкіх і еўрапейскіх палітыкаў, так і ад прадстаўнікоў уладаў усходне-еўрапейскіх краінаў.
У некаторых выданнях сітуацыю з тэлефоннымі размовамі ўжо паспелі параўнаць з падзеямі вакол былога канцлера Нямеччыны Герхарда Шродэра. Які ўжо больш за 15 год раз за разам праз суды вымушае палітыкаў і журналістаў выбачацца за абвінавачванні ў лабіраванні будаўніцтва расійскага газапровада ў Балтыйскім моры.
Сувязі і, як найменш, каардынацыя дзеянняў нямецкіх палітыкаў з крамлёўскімі шмат разоў разыходзіліся з дэкларацыямі ў публічнай прасторы.
Акрамя скандалаў вакол будаўніцтва газапровадаў, можна прыгадаць адмову, у выніку ціску з боку Нямеччыны, у пастаўках летальнай зброі ва Украіну падчас актыўнай фазы вайны ў 2014-2015 з боку шэрагу еўрапейскіх краінаў. А таксама не падтрымка рэзалюцыі Рады бяспекі ААН наконт вайсковай аперацыі міжнародных сілаў у Лівіі ў 2011.
Мігранты з Лівіі і «справа Сарказі і Кадафі»
Падзеі дзесяцігадовай даўніны ў Лівіі лічацца не толькі канцом праўлення Кадафі, але і пачаткам краху французскага прэзідэнта Сарказі.
Фота: amnesty.org.uk
Менавіта пасля смерці лівійскага дыктатара ягоныя былыя чыноўнікі выкрылі змову Сарказі і Кадафі. Па словах лівійцаў, у 2005 на электаральную кампанію тады яшчэ будучы французскі прэзідэнт атрымаў ад Кадафі 50 млн еўра.
Гэты інфармацыйны ўкід дорага каштаваў Сарказі, які не здолеў перамагчы на прэзідэнтскіх выбарах у 2012.
А наступныя 10 год супраць былога французскага лідара некалькі разоў распачыналі следства па падазрэнні ў розных правапарушэннях. Хаця «грошы Кадафі» ніколі не фігуравалі ў дакументах следчых, нельга выключаль верагоднасць, што менавіта за іх атрыманне і вёўся пераслед былога прэзідэнта Францыі. Пасля шматлікіх судовых пасяджэнняў зараз ужо былы кіраўнік Францыі атрымаў прысуд. Па канчатковым рашэнні суда Сарказі будзе знаходзіцца фактычна пад хатнім арыштам 1 год, хаця тэрмін і прадугледжвае знаходжанне за кратамі «за фінансавыя махінацыі падчас перадвыбарчай кампаніі».
Нельга не задацца пытаннем — навошта Каддафі фінансаваў Сарказі? А па некаторых здагадках і не толькі гэтага еўрапейскага палітыка. Адной з версій можа быць — прасоўванне праекта, звязанага з кантролем за міграцынымі плынямі ў Еўропу.
Справа ў тым, што ўвесь пачатак 2000-х расла колькасць нелегальных мігрантаў, якія з Лівіі плылі на чоўнах да італьянскіх выспаў. У выпадку затрымання памежнікамі яны траплялі ў цэнтры часовага ўтрымання.
Лівійскі рэжым неаднаразова абвінавачвалі ў спрыянні нелегальнай міграцыі і выкарыстанні гэтых плыняў дзеля шантажу ЕС.
Менавіта на фоне сталага росту колькасці нелегальных мігрантаў адбыліся некалькі знакавых візітаў Кадафі ў Францыю і Італію. У выніку якіх у 2008 годзе Берлусконі і лівійскі дыктатар падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. Па якім, у тым ліку, прадугледжвалася часовае ўтрыманне ўцекачоў у лівійскіх цэнтрах, а таксама сумесная праца памежных службаў краінаў па пытаннях міграцыі. А самае цікавае — фактычны кошт супрацоўніцтва для італьянскіх падаткаплацельшчыкаў. Гэта 5 млрд долараў, а таксама выдаткі на некалькі інфраструктурных праектаў.
І хаця карупцыйныя складнікі гэтай і іншых падобных дамоваў не даведзеныя ў судах, зразумела, што выпадкова на такога кшталту супрацоўніцтва з тым, каго яшчэ ўчора называлі міжнародным тэрарыстам, палітыкі наўрадці пагаджаюцца.
Фота: ichef.bbci.co.uk
Цалкам верагодна, што на працэсы легітымацыі і перамоваў Берлусконі і Кадафі ўплываў таксама і Сарказі, які неаднаразова сустракаўся з лівійцам, у тым ліку і ў Афрыцы. Нельга выключаць, што Трыпалі мог «скупаць» і іншых еўрапейскіх палітыкаў па «схеме Сарказі».
Тое што міграцыйныя крызісы сталі сталым механізмам уплыву на еўрапейцаў, а шантаж можа добра акупацца, чарговы раз прадэманстравалі падзеі 2015-2016 года. Калі па некаторых звестках больш за 1 млн уцекачоў трапілі у Еўропу праз Турцыю.
Тады ініцыятыву ўзяла на сябе канцлер Нямеччыны Меркель. І без узгаднення з еўрапейскімі партнёрамі дамовілася з турэцкім прэзідэнтам наконт фарматаў пераадолення крызісу. Тэхнічныя дэталі абмяркоўваліся ўжо пасля ў Бруселі. З пагаднення вынікала, што Турцыя атрымае каля 20 млрд еўра на пабудову цэнтраў утрымання і іншыя выдаткі на ўцекачоў.
Наколькі схема непразрыстая і карупцыйная? Ёсць упэўненасць, што яшчэ больш, чым лівійская.
Мінск-Масква-Берлін
Рэха тых падзеяў дакацілася і да Беларусі, у 2017 годзе, калі адна з вядомых нямецкіх газетаў паведаміла аб таемным пагадненні еўрапейцаў з Мінскам. Называлася сума ў 7 млрд еўра на разбудову сеткі цэнтраў для ўцекачоў, якіх высылалі з Еўропы, ці якія меліся прасіць у ЕС палітычнага прытулку.
Фота: bilder.bild.de
Здаецца, у 2021 Меркель і Ко паспрабавалі рэаніміраваць гэты праект. А менавіта так выглядаюць падзеі, якія разгарнуліся вакол памежнага крызіса ў Беларусі. Маем:
— некалькі тэлефонных размоваў на лініі Берлін-Масква-Мінск,
— заява Лаўрова з прапановай для ЕС плаціць Беларусі за стрымліванне мігрантаў,
— шоў са «штурмам» у Брузгах пад тэлекамеры,
— і ў выніку рашэнне Еўракамісіі аб выдаткаванні 700 тыс. еўра на забеспячэнне мігрантаў на беларуска-польскай мяжы і заява аб «мабілізацыі» 3,5 мільёна еўра для добраахвотнага вяртання мігрантаў з Беларусі ў свае краіны.
Усё гэта больш падобна на этапы нейкага сцэнарыя, чым на выпадковы збег абставінаў.
Відавочна, што Меркель пакіне далейшае вырашэнне праблем на мяжы ЕС і Беларусі свайму наступніку. Але гульню з дамовамі і непразрыстым фінансаваннем распачала менавіта яна.
Чым не легітымацыя і шлях да далейшага супрацоўніцтва з Мінскам? Якія не будуць мець для ўжо былой нямецкай канцлеркі палітычных наступстваў.
Пагадзіцеся, сцэнарый вельмі падобны на сыход з нямецкай палітыкі Герхарда Шродэра, які ўсё яшчэ працуе на высокіх пастах у расійскай газа-нафтавай сферы і паспяхова адбіваецца ад абвінавачванняў у прэсе.
Але ці не стане прэцэдэнтам для Нямеччыны пераслед і судовыя разбіральніцтвы па справах Сарказі і Берлусконі? Магчыма, другому канцлеру запар судовая сістэма не прабачыць брудныя гульні?
Альбо сістэма еўрапейскай палітыкі канчаткова страціць давер не толькі з боку ўсходне-еўрапейцаў, але і ўласных выбарцаў.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org
Загалоўнае фота: economist.com