15 траўня ў мінскай школе №12 адбылася сустрэча з Андрэем Хадановічам у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Літаратар чытаў шасцікласнікам вершы з кнігі “Дэжа вю: перавыбранае”, спяваў ім свае песні й пераклады, задаваў – і сам атрымліваў – пытанні, узнагароджваў самых актыўных сваімі кніжкамі й дыскамі, а таксама прызамі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Вучні спачатку трохі пабойваліся беларускамоўнага дзядзьку, а потым закідалі пісьменніка сваімі пытаннямі. Літаратар шчыра цешыўся размовай, асабліва ўзрадаваўся, пазнаўшы ў настаўніцы беларускай мовы сваю былую студэнтку-завочніцу.
“Варта было ехаць у не самую блізкую школу – на апошнюю станцыю метро й нават трохі далей! Сустрэча выйшла нязмушанай, прыемнай і карыснай. Прынамсі для аўтара. Трэба было спраўдзіць, ці ёсць жыццё за Каменнай горкай. Выявілася, што ёсць. І нават літаратурнае”.