«Светлыя, светлыя...» Ціхан Чарнякевіч пра Святлану Курс

«Яна і рэалізоўвалася як аўтарка, адначасова прысутная ў жыцці тысяч людзей — не кнігамі, а самой сабой, яркай, свабоднай, прынцыповай». Літаратуразнаўца Ціхан Чарнякевіч дзеліцца сваімі ўспамінамі пра Святлану Курс.

У лютым, на віленскім кніжным кірмашы: «Мне стала значна лягчэй жыць, калі доктарка паведаміла, што ў мяне сіндром дэфіцыту ўвагі». «Генералізаваны трывожны разлад, рады знаёмству», — адказаў я. Мы паціснулі адно аднаму рукі і заржалі, як коні.


Святлана Курс. Фота: KANAPLEV+LEIDIK

Насамрэч пазнаёміліся мы хіба трохі раней, у Пінску, у тыя першыя гады новага стагоддзя, калі я з «інфармаванымі» сябручкамі-аднагодкамі перажываў траўму выбараў 2001 года, а Святлана і яе пінскія прыяцелькі былі для нас у нейкім сэнсе апірышчам, бо перажылі ўжо 1990-ыя, чортавы рэферэндумы, шарэцкіх і іншыя разваленыя надзеі, але спачувалі зялёнай моладзі і з цікавасцю ў яе ўглядаліся. Мабыць, годзе ў 2002-м з’явілася яна ў офісе-кватэры на Завальнай, на нейкіх душэўных пасядзелках, дзе шмат гаварылася і смяялася, а пра што — цяпер ці ўспомніш ужо.

Ні хвіліны не памятаю яе рускамоўнай, а беларуская ў нас тады была на вагу золата, і Святлана прыцягвала нейкім бездакорным вымаўленнем, гумарам, стылем адзення, унутранай свабодай і пагружанасцю ў менскія справы.

Такія нібыта далёкія і нетутэйшыя справы, вецер жаданай Еўропы, эталон (тады б я сказаў, канечне, «Эўропы» і «эталён»). На паліцы ў офісе засталіся пару нумароў «Архэ» з яркімі вокладкамі і апавяданнямі Святланы — такімі ж жвавымі, эпатажнымі і раздзяўбайскімі, як яна сама. Пры нейкай чарговай сустрэчы я сказаў ёй, што буду паступаць на беларускую мову і журналістыку ў Мінск і ці не магла б яна напісаць мне рэкамендацыйны ліст — чамусьці мець яго мне здавалася неабходным, хаця ў пераліку дакументаў ён і не значыўся. Курс напісала добрыя словы і перадала на бланку часопіса «Чалавек» Беларускага Хельсінкскага Камітэту. Убачыўшы яго, добрыя людзі ў прыёмнай камісіі, якія яшчэ не забылі вольніцы 1990-х, па-прыяцельску параілі мне схаваць яго і нікому не паказваць.

Разам з лістом, з’явіўся ў маім нататніку і нумар тэлефона з адрасам, схемай праезду і штрыхпункцірнай схемай праходу. Трапіўшы ўжо на вучобу і засяліўшыся ў «бурапенны» інтэрнат, праз пару тыдняў я нейкім чынам апынуўся а другой гадзіне ночы пад бетоннымі шатамі гандлёвага дома «На Нямізе», транспарт ужо не хадзіў, увогуле горад быў мёртвы, як Ленін, а інтэрнат быў зачынены і начаваць не было дзе. Тады я ўспомніў пра тэлефон і адрас у нататніку. З нейкай дурной надзеяй падышоў да тэлефоннай будкі і праз хвіліну атрымаў шчырае запрашэнне прыехаць. Праз хвіліну ex nihilo, бо наваколле выглядала, як пасля выбуху нейтроннай бомбы, выехала старажытнае таксі, і грошай акурат хапіла.

Святлана жыла тады ў нетрах Розачка-Грушаўкі, нешта ў раёне вуліц Краснадонскай і Фаніпальскай, у «хрушчах» за драўлянымі помнікамі архітэктуры 1-га і 2-га Землямерных завулкаў, якія, зрэшты, без мастацтвазнаўчай павагі менавала «шалманамі». На дзіва, раён жыў яшчэ поўным жыццём, у прыватнасці суседзі, мяркуючы па гуку, білі адно аднаго тупымі прадметамі, якія і сталі прадметам нашага абмеркавання ў часе сустрэчы, з абавязковым на той час выхадам на раман Станкевіча «Любіць ноч — права пацукоў». Застаецца толькі дадаць, што плюсы і мінусы рамана яна адзначала, падымаючы ці апускаючы мудрагеліста-гравіраваны савецкі келіх з віном, апранутая ва ўсё джынсавае. Паверх джынсаў былі адзетыя майткі.

Вакол стаялі і ляжалі кнігі, відэакасеты, музыка, паперы, часопісы. Да кніжак я моцна прыліп, і гаварылі пра іх. Што там было — Кафка, Джойс, Борхес, Картасар, Багдановіч, Сапач, Вольскі ў ТВЛ-аўскім выданні, Быкаў, хтосьці з рэжысёраў (Альмадовар?). На відэа Слава Корань засяроджана пілаваў уступ да песні «Падарожжа» (дзеля праўды, я больш ні разу і не бачыў той запіс, толькі тады ўвечары). Карацей, быў гэта рай нябесны і берагі кісельныя, але слізгалася па берагах ужо ў сон, куды я і быў адпраўлены на кушэтачку ў гасцёўні. І сніўся мне Корань як вершнік Пагоні і ўсе прывіды Розачкі.


Святлана Курс. Фота: "Салідарнасць"

А што там было далей? Офіс «Радыё Свабода» ў «Журавінцы», і Святлана за кампом у шумным антуражы, як на міжбанкаўскай валютнай біржы. Інтэрв’ю для ейнай перадачы на прыступках Дома літаратараў, пасля нейкай шараговай імпрэзы, чалавек на 300-400. Рэдкія сустрэчы ў горадзе, смех і анекдоты пра знаёмых і незнаёмых, урэшце інтэрнэт-камунікацыя пасля ейнага ад’езду.

Яна любіла ўсё брытанскае — фільмы, прозу, Чэстэртана, П. Г. Вудхаўза. Яна любіла верш Багдановіча «Агата». Любіла нью-ёркаўскі цыкл Федэрыка Гарсія Лоркі. 

Яна любіла жыццё і ў літаратуры была таксама жыццятворкай, як даўнія рамантыкі, што лічылі пражыванне і будаванне сваёй уласнай біяграфіі не менш, а мо і больш важнымі за напісанне кніг.

Пасля «архэшных» і «нашаніўскіх» аповедаў мы недзе дваццаць гадоў чакалі на «Воўчу», бо і прынцыпы ў яе былі даволі жорсткія, і тым большае, я б сказаў, самаедства (якое з’ела ўжо процьму беларускіх паэтаў і празаікаў). Яе тэкст ператвараўся ў тэкст самога жыцця, якое каментавалася, апісвалася, адчувалася ёю да дробна-драбніц і сінестэтычных візіяў. І ў гэты каментар да жыцця яна ўкладалася з поўнай самаадданасцю, але не самазабыццём,

бо ў гэтым яна і рэалізоўвалася як аўтарка, адначасова прысутная ў жыцці тысяч людзей — не кнігамі, а самой сабой, яркай, свабоднай, прынцыповай.

Гэтая прынцыповасць і самакрытычнасць адбілася і на «Воўчы». Помню, пару гадоў таму мы раптоўна знайшліся на лавачцы гданьскага вакзалу ў чаканні варшаўскага цягніка, пасля чарговага Гедройця, і тады загаварылі пра кнігу, і я помню, што яна казала пра сотні выкасаваных старонак. Без перабольшання — сотні, кніга была ў разы большай за канчатковы варыянт. Дзеля праўды, я прызнаўся ёй тады, што адчуваю гэта, і стыль такога ўзроўню не збядніў бы літаратуру, каб застаўся ў большым аб’ёме. І што мне здаецца гэта стратай. Але ў Святланы меркаванне было, як і заўсёды, цвёрдае: стала лепш, і гары яно ўсё гарам.

Цалкам магчыма, што гэтая кампактнасць і сталася зарукаю поспеху «Воўчы». Пераклады выходзілі адзін за адным у самых розных краінах. І Курс захапляла. Сёлета ў Вільні, выступаючы на сцэне кніжнага кірмашу, разам з літаратуразнаўцай Віргініяй Кульвінскайце і перакладчыцай «Воўчы» Юргітай Яспаніце, яна так захапіла стомленых звычайна ад бясконцага слоўнага наратыву валанцёраў літоўскага кірмашу ў сініх форменных майках, што яны пачалі пераміргвацца, а тады пабралі навушнікі, дзе перакладалася беларуская прамова Святланы, і ўрэшце выбухалі рогатам і пляскалі ад душы, а потым выбудаваліся ў калейку па аўтограф на стэндзе «Пфляўмбаўм», бо нават і ў перакладзе Святлана за некалькі хвілін знайшла да іх ключы, да зусім незнаёмых з ёю людзей.


Святлана Курс на фестывалі Прадмова-2023

Вестка пра смяротную хваробу ўдарыла, як камень у грудзі. Як прагна ў такія моманты спадзяешся на цуды медыцыны, як не хочаш верыць, што цуды здараюцца крайне рэдка. Святлана, падаецца, з таго часу старалася выказацца яшчэ больш ёмка, дайсці да кожнага са сваёй думкай пра важнасць беларускай мовы, пра важнасць перамогі Украіны, пра ўсе падставовыя рэчы для творчасці і жыцця. Пісала запавет для іншых і змагалася за сваё жыццё, усё гэтак жа іранічна, імпазантна і гжэчна, як раней. Сёлета на Стральцоўскі фэст у Варшаве яна прыйшла ў чорнай бальнай сукенцы, урачыстая, як каралева ў часе жалобы, але чорная сукня была лёгкай, як іронія з уласнага лёсу.

Мы назаўжды развіталіся ў Вільні; прызямліліся былі пасля кніжнага кірмашу ва ўзбецкай рэстарацыі «Бек» на Завальнай, каля «Павільёна». Уваліўшыся туды ў невялікай, але бардзо пажонднай кампаніі, я раптам зразумеў, што гэта ж тое самае месца, дзе некалькі месяцаў таму мы апошні раз бачыліся з Раманам Цымберавым, і паспяшаўся абраць іншы столік. Але размова пра Рамана ўсё роўна зайшла. Святлана расказвала пра сустрэчы з ім, як пра нешта вельмі дарагое і блізкае, і ў смешнае ўрывалася трагічнае, у трагічнае — дзіўнае і абсурднае. І ўставаў са мною побач Раман, а цяпер устае яна,

Святлана, далёкая і блізкая, адкрытая і замкнёная. 

Светлая, светлая.

Ціхан Чарнякевіч, Budzma.org

Аповесць «Па што ідзеш, воўча?» можна паслухаць на Castbox, Apple Podcasts, Беларуская Палічка, Spotify Podcasts, Google Play Books, Spotify Audiobooks.