Цімох Акудовіч: «Сучасныя гульні з гісторыяй з пазіцыі беларускага і расійскага рэжымаў — гэта вельмі часта спроба зрабіць штосьці незразумела што»

Калі пачынаецца гісторыя Беларусі? Навошта аўтарытарныя рэжымы, у тым ліку і рэжым Лукашэнкі, перапісваюць гісторыю? Якое месца дата 25 сакавіка 1918 года займае ў гісторыі Беларусі? Чаму беларускі рэжым не прызнае гэтую дату пачаткам беларускай дзяржаўнасці. На гэтыя пытанні ў адмысловым выпуску праекта PROSTYJA REČY адказвае гісторык, экскурсавод, папулярызатар гісторыі і грамадскі актывіст Цімох Акудовіч.


akudovic.jpg

— Калі пачынаецца гісторыя Беларусі?

— Гісторыя дзяржаўнасці Беларусі пачынаецца ў 1918 годзе з абвяшчэння БНР. Гісторыя беларускай нацыі пачынаецца на некалькі дзесяцігоддзяў раней, у другой палове дзевятнаццатага стагоддзя, калі фармуецца праект беларусаў як нацыі. Гісторыя беларускага этнасу пачынаецца, як мяркуюць навукоўцы, даследчыкі, у чатырнаццатым-пятнаццатым стагоддзі. Гісторыя тутэйшай супольнасці, людзей, якія тут жывуць шмат стагоддзяў, пачынаецца далёка да нашай эры, калі тут з’явіліся першыя людзі.

— Навошта гісторыя патрэбна людзям?

— Гісторыя патрэбная людзям па розных прычынах. Гэты прастора, дзе чалавек, па-першае, проста даведваецца пра мінулае. А гэта часам бывае важна. Нават з практычных меркаванняў. Напрыклад, гісторыя валодання зямлёй. Гэта прынцыпова важна для чалавека. Гісторыя важная з ідэалагічных прычын. Таму што гісторыя апраўдвае нашыя будучыя дзеянні вельмі часта, і таму вельмі важна разумець для людзей, на што яны абапіраюцца ў мінулым. Гісторыя навучае. З мінулага мы бачым нейкія памылкі нашых продкаў ці, наадварот, дасягненні, і таксама, зыходзячы з іх, рухаемся наперад. Гісторыя гэта важны псіхалагічны пункт. Таму што ён моцна завязаны на псіхалогіі людзей і разблытванні гэтых вузлоў мінулага важнае людзям не таму, што яны гэтага хочуць, а таму што яны без гэтага, часам, не могуць рухацца далей.

— Навошта аўтарытарныя рэжымы, у тым ліку рэжым Лукашэнкі, перапісваюць гісторыю?

— Па-першае, трэба адзначыць, што ўсё-такі кожнае наступнае пакаленне крыху мяняе сваё ўспрыняцце гісторыі. Гэта натуральны працэс. Асаблівасць аўтарытарных рэжымаў у тым, што яны робяць гэта штучна і мэтанакіравана, пад свае канкрэтныя мэты, не зыходзячы з таго, куды рухаецца грамадства, куды рухаецца чалавецтва, а зыходзячы са сваіх, часта вельмі тактычных мэтаў. Таму яны ўплываюць на гісторыю. Ім гэта трэба, бо гісторыя — гэта важны ідэалагічны чыннік. Яшчэ раз: гісторыя — гэта ідэалогія, ідэалогія — гэта тое, што апраўдвае тыя ці іншыя дзеянні дзяржаны, народа ці нацыі. І, адпаведна, аўтарытарным рэжымам трэба, каб гісторыя была максімальна адназначная і стройная, бо гэта інструмент кіравання людзьмі, для апраўдання сваіх дзеянняў і для руху ідэй, якія прасоўвае тая ці іншая аўтарытарная сістэма.

— Навошта беларускаму і расійскаму рэжымам агульны падручнік гісторыі?

— Мне падаецца, што сучасныя гульні з гісторыяй з пазіцыі беларускага і расійскага рэжымаў гэта вельмі часта спроба зрабіць штосьці незразумела што. Паўтаруся, відавочна, што гісторыя — гэта моцны інструмент. Таму, напрыклад, для Расіі важна абапірацца на імперскую частку гісторыі. Для сістэмы цяперашняй Лукашэнкаўскай вельмі важна абапірацца на гісторыю БССР, на гісторыю агульнага аўтарытарнага мінулага. Але калі мы кажам пра далейшыя нейкія дзеянні, то далей ідзе гульня ў крыху незразумелых пазіцыях. Мне падаецца самім гэтым сістэмам не да канца ясна, чаго яны хочуць. І ідэя агульнага падручніка — гэта проста ідэя зрабіць штосьці агульнае там, дзе няма канфліктаў. І вось агульны падручнік, так як большасць гэтых рэжымаў ставіцца да гісторыі досыць паблажліва як да навукі, гэта саступка, якую можна зрабіць з абодвух бакоў, нібыта нічога не пашкодзіўшы. То бок не трэба ўводзіць адзіных законаў, адзінай валюты — сур’ёзных рэчаў. Можна проста ўвесці агульны падручнік і нібыта ўсіх гэта на пэўны час задаволіць у справе гэтага яднання народаў.

— Якое значэнне гісторыя мае для беларускага грамадства?

— Калі мы кажам пра значэнне гісторыі ў беларускім грамадства, то яно хутчэй якраз меншае, чым у суседзяў. Проста таму што ў нас аб’ектыўна крыху больш запозненае нацыянальнае развіццё і фармаванне. Відавочна, што ў палякаў, літоўцаў, украінцаў гісторыя ўжо адыграла ролю нацыятвочую цягам дваццатага стагоддзя. І гэта значна мацней, чым у нас, праявілася на самім грамадстве. Мы ў даганяючай пазіцыі тут, таму можна казаць, што ў нас крыху слабейшая цікавасць да гісторыі з боку грамадства. Пры гэтым, за апошнія дваццаць год відавочна назіраецца вялікі рост зацікаўленасці беларускага грамадства да гісторыі. Мы спрабуем дагнаць суседзяў у гэтым пытанні.

— Наконт гісторыі Беларусі існуюць розныя спрэчкі. Напрыклад, наконт гістарычнай спадчыны ВКЛ ці нацыянальнай ідэнтычнасці. Чаму так адбываецца і што з гэтым рабіць?

— Пытанне супастаўлення розных нацыянальных гісторый суседніх народаў — гэта натуральны канфліктны працэс. Гэта праходзілі ўсе нацыі, якія ўтвараліся цягам XIX-XX ст. Гэта цалкам натуральна, што мы з розных пазіцый глядзім на тыя ж гістарычныя падзеі. Для адных адныя гістарычныя асобы героі, для другіх зладзеі — і тут атрымліваецца канфлікт. У Беларусі ўсё спыняецца як мінімум двума фактарамі. Па-першае нашай запаздаласцю гэтых працэсаў, мы ў іх толькі зараз актыўна ўваходзім, у той час, як шмат якія суседзі з гэтымі пытаннямі разабраліся яшчэ ў дваццатым стагоддзі. Другая праблема Беларусі ў тым, што наша дзяржаўнасць на працягу шматлікіх стагоддзяў была расфакусаваная па ўсім рэгіёне. Напрыклад, Полацкае княства — гэта частка Вялікай Русі, але, адпаведна, Русь займае значна большую тэрыторыю, чым Беларусь. ВКЛ — тое ж самае. Тут ёсць гісторыя Літвы, Польшчы, Украіны таксама, а нам зараз гэта трэба дзяліць, і гэта вельмі складана. Нават гісторыя БССР у гэтым сэнсе выклікае свае пытанні. Нам цяжка схапіць, дзе дакладна наша, а дзе дакладна не наша. І гэта моцна трыгерыць нашых суседзяў. Асабліва зараз канфлікт з літоўскім грамадствам. Гэта па-свойму натуральны канфлікты, і адзінае з іх выйсце — гэта пачаць нармальна гаварыць пра гэта, абмяркоўваць, дыскутаваць, ствараць агульнае бачанне гісторыі, таму што яно відавочна ёсць, проста трэба ў гэтым кірунку працаваць.

— Падзеі, якія адбыліся ў Беларусі ў 2020 годзе, шмат хто называе гістарычнымі. А як вы бачыце 2020 год з пазіцыі гісторыка?

— Мне падаецца, што на падзе дваццатага года яшчэ цяжкавата глядзець з пазіцыі гісторыка: вельмі мала часу прайшло. Але, на маю асабістую думку як грамадзяніна, гэты год зойме пачэснае месца сярод такіх дат, як 1918 год, 1991 год і вось 2020. Бо гэты год абазначыў пэўны этап заканчэння фармавання беларускай нацыі, пачатковы. Вось гэтыя сотні тысяч чалавек паказалі, што яны нацыі. Раней немагчыма было гэта дзесьці паказаць. З іншага боку гэты год даў пачатак новаму этапу фармавання нацыі, у якім мы вымушаныя змагацца за сваю дзяржаўнасць, нібыта яе маючы. Такая класічная беларуская праблема. І мы зараз жывем у гэтым этапе. Але мне падаецца, што дваццаты год вельмі прынцыпова ўвойдзе ў падручнікі як адзін з ключавых гадоў развіцця беларускай нацыі.

— Якое месца дата 25 сакавіка 1918 года займае ў гісторыі Беларусі? Ці можа яна аб’яднаць беларусаў і беларусак?

— 25 сакавіка 1918 года несумненна вельмі важная дата ў гісторыі Беларусі. Гэта дата пачатку беларускай дзяржаўнасці, пачатку фармавання беларускай нацыі як нацыі з дзяржаўнымі прэтэнзіямі. Гэта па сутнасці пачатак фармавання беларускай дзяржавы. Пры гэтым наколькі гэта дата стане пунктам яднання для ўсіх беларусаў пакажа гісторыя. На працягу ста апошніх гадоў 25 сакавіка было датай яднання часткі беларускага грамадства ў замежжы, унутры Беларусі. Наколькі яна зможа стаць датай яднання для ўсіх беларусаў пакажа час. Магчыма, давядзецца выбраць нейкую больш кампрамісную дату, у нас як бы ёсць варыянты ў дваццатым стагоддзі. Але дакладна ў любым спісе гэтых дат на выбар 25 сакавіка сто працэнтаў будзе стаяць на першым месцы.

— Якое месца дата 25 сакавіка 1918 года займае ў гісторыі Беларусі? Ці можа яна аб’яднаць беларусаў і беларусак?

— 25 сакавіка 1918 года несумненна вельмі важная дата ў гісторыі Беларусі. Гэта дата пачатку беларускай дзяржаўнасці, пачатку фармавання беларускай нацыі як нацыі з дзяржаўнымі прэтэнзіямі. Гэта па сутнасці пачатак фармавання беларускай дзяржавы. Пры гэтым наколькі гэта дата стане пунктам яднання для ўсіх беларусаў пакажа гісторыя. На працягу ста апошніх гадоў 25 сакавіка было датай яднання часткі беларускага грамадства ў замежжы, унутры Беларусі. Наколькі яна зможа стаць датай яднання для ўсіх беларусаў пакажа час. Магчыма, давядзецца выбраць нейкую больш кампрамісную дату, у нас як бы ёсць варыянты ў дваццатым стагоддзі. Але дакладна ў любым спісе гэтых дат на выбар 25 сакавіка сто працэнтаў будзе стаяць на першым месцы.

— Чаму беларускі рэжым не прызнае гэтую дату пачаткам беларускай дзяржаўнасці?

— Я думаю што тут дзве прычыны. Першая — таму што цяперашняя ідэалогія беларускага рэжыму выйшла з савецкай, а ў савецкай ідэалогіі 25 сакавіка ўяўлялася як варожая дата. Хаця на самой справе абвесцілі 25 сакавіка сацыялісты досыць блізкія шмат у чым па ідэях да сацыялістаў савецкай Расіі. Другая прычына ў тым, што гэту дату ўзяла на шчыт беларуская апазіцыя. І тут усё вельмі проста: тое, што бярэ сабе апазіцыя, тое ганіць дзяржаўная сістэма.

— Якое месца гісторыя як навука зойме ў Беларусі будучыні?

— Мне падаецца, калі мы кажам пра вялікія грамадскія працэсы, сацыякультурныя, не зусім правільна казаць пра гісторыю толькі як пра навуку. Гісторыя — гэта сфера жыцця чалавека. У ёй навукоўцы адыгрываюць вельмі важную ролю. Яны здабываюць каштоўныя камяні для гісторыі. Вось факты, даты, нейкія сутнасныя рэчы. Але далей гісторыя развіваецца праз шмат якія каналы: праз школьных настаўнікаў, праз фільмы, праз кнігі, праз дыскусіі і абмеркаванні, палітычныя партыі і так далей. То-бок гісторыя пашыраецца праз цэлую сферу гістарычную, у якой працуе вельмі шмат розных людзей — гэта вельмі важны момант. Калі мы кажам пра значэнні гісторыі, нашага ўспрыняцца грамадствам гісторыі, чаму гэта важна, то, мне падаецца, тут вельмі добра тлумачыць сэнс з’явы такі прыклад з геаметрыі: мы, вось, у геаметрыі часта малявалі, здаецца, прамень гэта называлася, калі ты малюеш, ставіш на паперы дзве кропкі і праз іх праводзіш лінію ад першай кропкі праз другую і ў бясконцасць. Дык вось, у гэтай метафары першая кропка — гэта гісторыя, гэта наша мінулае; другая кропка — гэта мы; трэцяя кропка — гэта будучыня, у сэнсе адсутнасць кропкі, гэта тое, куды мы ідзем. І наш кірунак у будучыню залежыць у тым ліку ад таго, дзе мы ставім кропку мінулага, на што мы абапіраемся. На дэмакратычную спадчыну ВКЛ, на дэмакратычную спадчыну Русі, на аўтарытарную спадчыну БССР ці на цалкам адсутную суб’ектнасць Расійскай Імперыі. Ад таго, дзе мы ставім кропку адліку, як гэта не дзіўна, хаця гэта можа падаецца нейкай лірыкай, але гэта працуе. Вельмі моцна залежыць куды мы ідзем у будучыню. Бо гэта мінулае праходзіць праз нас цяпер і далей вельмі моцна ўплывае на тое, куды мы хочам ісці далей. Таму вельмі важна дзе мы ставім вось гэты вось акцэнт, гэту кропку ў нашым мінулым. Кожнае пакаленне крыху змяняе гэту кропку, мы маем магчымасць гэта зрабіць мінулым. Вось, і вельмі важна зразумець дзе мы зараз проста хочам паставіць гэту кропку, ад гэтага залежыць куды мы хочам пайсці далей.

— Ці расце зараз цікаўнасць беларусаў і беларусак да сваёй гісторыі?

— Як экскурсавод апошнія 20 год я бачу паступовы актыўны рост зацікаўленасць беларусаў сваёй гісторый. Шмат людзей ездзілі па розных мясцінах, наведвалі розныя аб’екты і вельмі часта скардзіліся як мала мы ведалі пра сваю гісторыю. Дваццаты год яшчэ мацней зацікавіў беларусаў, там проста выбух быў цікаўнасці да беларускай гісторыі. У цяперашняй сітуацыі, напэўна, гэта крыху згасла. Ну проста з-за сітуацыі рэпрэсіі немагчыма адкрыта цікавіцца гісторыяй, вельмі складана, і я думаю, што гэтыя працэсы сталі, зацікаўленасць да гісторыі стала крыху палітызаванай і гэта зменшыла цікаўнасць людзей. Але ўсё адно ў параўнанні, калі мы бяром параўноўваць не з 20 годам, а з 10, зараз беларускае грамадства значна больш зацікаўленае да гісторыі. І, відавочна, гэты працэс трэба працягваць, трэба пашыраць цікаўнасць, трэба пашыраць веды пра беларускую гісторыю, ствараць прасторы для дыскусій, бо гісторыя — гэта не тое, што недзе ў мінулым на камені вырублена і мы проста мы мусім гэта паказаць людзям. Гісторыя — гэта тое, што трэба прапусціць праз сябе і зрабіць высновы, гэта месца для дыскусій унутры грамадства як паказвае проста практыка. І па-за межамі беларускага грамадства трэба дыскутаваць з суседзямі. Толькі праз гэта мы знойдзем вось гэтыя пункты агульнай апоры. Таму гэта вельмі важная частка працы сучаснага белар3ускага грамадства — вывучаць сябе праз гісторыю.

— Мне падаецца, што зараз у беларускай прасторы, не гледзячы на ўсе праблемы з’яўляюцца шмат цікавых прадуктаў, звязаных з гісторыяй. Растуць роўныя YouTube-каналы, якія вельмі па-рознаму расказваюць пра гісторыю, з’яўляюцца перыядычна кнігі, пераклады, звязаныя з беларускай гісторыяй, агулам з гісторыяй, і гісторыя — гэта працэс. Вельмі няправільна шукаць у гісторыі адзінай праўды. Гісторыя — гэта развіццё, гэта крыху як хадзіць у трэнажорны зал, вось: трэба сачыць за целам, трэба сачыць за духам. Развіццё духу — гэта ў тым ліку змагацца са сваімі разуменнямі гісторыі, развіваць іх, быць гатовым часам да балючых адкрыццяў для сябе ў мінулым, бо не заўсёды гісторыя адпавядае нашым пажаданням, і праз гэта развіваць свае разуменні сябе, сябе ў сучасным свеце, бо сучасны свет — гэта так ці інакш крыху адлюстраванне мінулага.