Імкліва надыходзіць вясна, а значыць — самы час, каб распачаць новы вандроўны сезон. «Будзьма!» дапаможа спланаваць падарожжа. Гэтым разам прапануем завітаць у Іўеўскі раён і пабачыць найбольш адметныя з захаваных тут сведак мінуўшчыны. Сёння наведаем адзін з самых старажытных з захаваных драўляных касцёлаў у Беларусі, храм, збудаваны з разабранага старадаўняга замка ВКЛ, копію варшаўскага каралеўскага палаца Лазенкі і шмат іншых цікавых будынкаў.
Дуды
Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі
Фота: planetabelarus.by
Асноўнай славутасцю вёскі Дуды з’яўляецца драўляны барочны касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі 1772 года пабудовы. Гэты храм унікальны, бо вайсховыя ліхалецці абышлі яго бокам, і ён ад часу ўзнікнення ніколі істотна не перабудоўваўся, сёння ўбачыць яго можна бадай ў першасным выглядзе. За савецкім часам касцёл быў пераабсталяваны пад зернясховішча, вернуты вернікам у 1990 годзе. У Беларусі зусім няшмат драўляных архітэктурных помнікаў, захаваных у добрым стане ажно з XVIII стагоддзя, таму храм у Дудах абмінаць не варта. Побач з касцёлам можна пабачыць званіцу, пабудаваную адначасова з касцёлам. Тэрыторыя побач з храмам абнесеная каменнай агароджай, тут варта звярнуць увагу на шматлікія надмагіллі, некаторыя з іх датуюцца ажно XVIII стагоддзем. У храме знаходзіцца працуючы арган 1893 года, зроблены майстрам Фларыянам Астраменцкім.
Фота: vedaj.by
Ліпнішкі
Касцёл Св. Казіміра
Фота: planetabelarus.by
Архітэктурная перлінай Ліпнішак з’яўляецца неагатычны касцёл Святога Казіміра, пабудаваны ў 1910 годзе. Касцёл фундаваны Аляксандрам Вольскім — тагачасным гаспадаром Ліпнішак. Храм быў узведзены паводле праекту французскіх архітэктараў з камянёў, сабраных у ваколіцах (частка была прывезеная з замка, узведзенага напрыканцы ХV стагоддзя ў суседніх Геранёнах) адмыслова для будаўніцтва. Касцельная агароджа і брама таксама пабудаваныя разам з касцёлам і ўяўляюць цікавасць для аматараў даўніны. Унутры касцёла захоўваецца самы вялікі цалкам механічны арган у Беларусі, зроблены майстрам Фларыянам Астрамнецкім у пачатку ХХ стагоддзя.
Фота: argany.by
Геранёны
Касцёл Св. Мікалая
Фота: planetabelarus.by
Пра ўтварэнне каталіцкай парафіі ў Геранёнах вядома ажно з 1529 года, калі тут з’явіўся першы касцёл. Да сёння, вядома, ён дайшоў у моцна змененым выглядзядзе, бо шмат разоў перабудоўваўся: займеў рысы позняга барока, пазней — класіцызму, але ў аснове храма заставалася пабудова пачатку ХVІ стагоддзя. Сёння касцёл асвечаны ў гонар Святога Мікалая і адкрыты для вернікаў. Інтэр’ер храма выкананы ў стылі класіцызм. Сюжэтныя і арнаментальныя роспісы сценаў бажніцы датуюцца 1934 годам. Асаблівую цікавасць уяўляе тут арган у стылі ракако, зроблены адным з братоў-майстроў, Паўлам ці Мікалаем Цэле, напрыканцы ХVІІІ стагоддзя, грунтоўна перабудаваны ў 1929 годзе. Познебарочны фасад інструмента лічыцца адным з самых прыгожых у Беларусі паводле свайго захаванага выкшталцонага дэкору.
Фота: argany.by
Суботнікі
Касцёл Св. Уладзіслава
Фота: planetabelarus.by
Першы касцёл у Суботніках згадваецца ў 1423 годзе, але, вядома, да нашых дзён ён не захаваўся. Сённяшні мураваны храм узведзены на пачатку ХХ стагоддзя у неагатычным стылі на сродкі Уладзіслава Умястоўскага, тагачаснага гаспадара паселішча. Пад самім касцёлам знаходзіцца крыпта з родавай пахавальняй Умястоўскіх і Дунін-Раецкіх, тут пахаваны і сам фундатар. Пахаванні перанеслі сюды з папярэдняга драўлянага касцёла. Тут усталяваны жалобны алтар, скляпенні дэкараваныя паліхромнымі мазаікамі ў стылі мадэрн, сцены аздобленыя скандынаўскім гранітам. Унутры храма варта звярнуць увагу на левы бакавы алтар, на другім ярусе якога размешчаны цудадзейны абраз невялікі па памерах, намаляваны на меднай дошцы, упрыгожаны дыяментамі. Ён быў перанесены з папярэдняга драўлянага касцёла, як і драўляны арган 1895 года, выкананы ў неагатычным стылі. Першы суботніцкі арган быў зроблены ў 1809 годзе, некалькі трубаў з яго пазнейшы майстар скарыстаў для пабудовы інструмента, які можам сёння пабачыць у храме.
Фота: argany.by
Мясцовыя жыхары распавядаюць гісторыю пра то, як пасля смерці ксяндза ў 1962 годзе ўлады хацелі забраць арган з касцёла, але арганіст Ян Навіцкі, які шмат гадоў працаваў у суботніцкім касцёле, запэўніў камісію, што ў касцёле будзе ў хуткім часе адкрытая дзіцячая музычная школа, і ў якасці аргумента зайграў ім на старадаўнім інструменце «Кацюшу». Так арган застаўся ў касцёле і дайшоў да нас у добра захаваным стане.
Жамыслаўль
Сядзібна-паркавы ансамбль Умястоўскіх
Далей рушым у вёску Жамыслаўль, ці Жэмаслаў, як яе называюць мясцовыя. Асноўная славутасць тут — палац Умястоўскіх. Колішні маёнтак перайшоў ва ўладанні Умястоўскіх напачатку ХІХ стагоддзя, а ў 1863 годзе Юзэфа Умястоўская вырашыла збудаваць тут палацава-паркавы комплекс. Рэзідэнцыя шляхецкага роду мусіла стаць паменшанай копіяй каралеўскага палаца Лазенкі ў Варшаве. Будаўніцтва было завершана ў 1880-х гадах ужо сынам Юзэфы. Палац быў узведзены ў стылі класіцызм. На даху будынка была абсталяваная пляцоўка пад шпацыры. Інтэр’еры пакояў таксама цалкам паўтаралі варшаўскія Лазенкі.
Фота: 34travel.me
Падчас Першай сусветнай вайны тут размяшчаўся вайсковы шпіталь, а ў міжваенны час палац быў вернуты гаспадарам. Тыя ў сваю чаргу перадалі рэзідэнцыю ва ўласнасць Віленскага ўніверсітэта пад эксперыментальную базу для раслінаводаў-батанікаў і месца для адпачынку прафесуры. Гэта было разумным крокам, бо ўтрыманне такога палаца патрабавала вялікіх сродкаў, якія ў выпадку перадачы палаца на баланс універсітэта, тады вылучаліся з дзяржаўнага бюджэту.
Фота: 34travel.me
Падчас Другой сусветнай вайны палац не пацярпеў, за савецкім часам тут размяшчаліся пошта, клуб, кіраўніцтва калгаса. З 2006 года будынак імкліва разбураецца, у 2012 тут здарыўся пажар і згарэў дах, што паскорыла заняпад палацу. Былі планы па адраджэнні сядзібы ў фармаце музея, шэрагу гатэляў і рэстарацыяў, ператварэнні яго ў папулярны турыстычны аб’ект. Але будаўнічыя працы прыпыніліся ў 2019 годзе і праз пандэмію і фінансавыя цяжкасці не аднаўляліся.
Фота: 34travel.me
Трабы
Касцёл Нараджэння Панны Марыі
Фота: planetabelarus.by
Сёння асноўнай славутасцю Трабаў з’яўляецца касцёл Нараджэння Панны Марыі, закладзены тут у 1900 годзе на месцы ранейшага драўлянага храма. Паводле некаторых звестак, ужо ў 1410 годзе тут існавала мясцовая парафія. Сучасны мураваны храм пабудаваны ў неагатычным стылі. Унутры касцёла можна пабачыць іконы ХІХ стагоддзя з папярэдняга драўлянага храма. Тут жа можна пабачыць першы пнеўматычны арган на Беларусі выбітнага арганнага майстра Вацлава Бярнацкага.
Фота: argany.by
Петрапаўлаўская царква
Фота: planetabelarus.by
Ёсць у Трабах яшчэ адзін унікальны архітэктурны помнік. Гэта драўляная Петрапаўлаўская царква 1785 года пабудовы. На дадзены момант царква цалкам адрэстаўраваная, з’яўляецца выбітным помнікам беларускага драўлянага дойлідства. Праваслаўная царква ўпершыню згадваецца тут ў 1680 годзе. Храм у Трабах абавязкова варта пабачыць, каб уявіць, як выглядалі традыцыйныя беларускія цэрквы да масавай пабудовы расійскімі ўладамі так званых «мураўёвак» пасля паўстання 1863–1864 гг. Інтэр’ер царквы аформлены ў ХХ стагоддзі, іканастас выкананы невядомым віленскім майстрам з моранага дуба ў два ярусы, падзелены калонамі, дэкараванымі арнаментам. Варта звярнуць увагу на абраз «Унебаўзяцце» ХVІІІ ст.
Фота: panoramas.lt
Лаздуны
Касцёл Св. Сымона і Юды Тадэвуша
Лаздуны — колішняе мястэчка Віленшчыны, упершыню згадваюцца ў ХVІ стагоддзі як уладанні Радзівілаў. Сёння турыстаў тут найбольш цікавіць неараманскі касцёл святых Сымона і Юды Тадэвуша. Храм святых Сымона і Юды Тадэвуша быў узведзены ў перыяд з 1904 па 1910 гг. Будынак складзены з чырвонай цэглы з выкарыстаннем камянёў, ад таго храм візуальна выглядае дастаткова масіўным і суворым. Але унутранае ўбранства касцёла больш вытанчанае, з вялікай колькасцю фрэскавых роспісаў. Тут жа можна пабачыць арган 1932 года. Тэрыторыя касцёла абнесеная каменнай агароджай, цэнтральная брама якой засталася тут яшчэ з ХІХ стагоддзя, калі на месцы новага касцёла быў яго драўляны папярэднік.
15 Фота: poshyk.info
ПЖ, budzma.org