Цукерачны дзіцячы баль пройдзе на Смаргоншчыне ў музеі-сядзібе Агінскага

У Залессе Смаргонскага раёна ў музеі-сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага 21 чэрвеня адбудзецца Цукерачны дзіцячы баль. Запрашаюцца дзеці і дарослыя.

Ілюстрацыйная выява, фота  з сайта www.redom.ru

Захавальнік музея Аксана Скробат распавяла :

– Праграма яшчэ не гатовая, але ўжо вядома, што баль будзе праходзіць для дзяцей ад шасці да дзесяці гадоў. Плануецца, што пачнецца прадстаўленне ў 14.00. Уваход платны.

Па словах Аксаны Скробат, хлопчыкі і дзяўчынкі, якія прыйдуць на баль, павінны быць адпаведна апранутыя. Дзяўчынкі – у бальных сукенках, хлопчыкі – у фраках або касцюмах.

Бацькам не абавязкова заставацца на балі. Можна проста прывесці дзіця, пакінуць яго там, а ў канцы мерапрыемства забраць.

Дырэктар музея Людміла Градзіцкая паведаміла, што музейныя работнікі даўно планавалі правесці такі баль.

Спачатку хацелі запрасіць дзяцей у студзені. Але потым перанеслі задуманае на лета.

«Улетку цёпла. Не трэба камячыць сукенкі пад цёплай вопраткай. А сам баль можна праводзіць не толькі ў памяшканні музея, але і на вуліцы », – патлумачыла Людміла Градзіцкая.

Праграма балю будзе вядомая прыкладна праз тыдзень.

Сяргей Зянько, Край.бай

Тэгі: