Цяпло старой печкі. Расказваем аб традыцыях гродзенскага кафлярства, старадаўніх печах і іх месцы ў сучасных інтэр’ерах

Гістарычны цэнтр Гродна яшчэ з канца 1980-х гадоў знаходзіцца пад аховай дзяржавы як гісторыка-культурная каштоўнасць. На прасторы больш чым 400 гектараў размяшчаецца мноства гістарычных будынкаў. Пад ахову ўзяты не толькі самыя будынкі, але і іх дэкаратыўныя элементы, напрыклад, каваныя або адлітыя з чыгуну краты балконаў, дошкі над уваходамі або брамы. Горш абстаіць справа з інтэр’ерамі будынкаў і іх галоўным элементам аздаблення — печкамі, піша grodnonews.by.


Kaflia

Яшчэ да апошняй вайны печка, а часцей за ўсё некалькі, была ў кожным доме. У горадзе на скрыжаванні вуліц Горкага і Лермантава нават існаваў спецыяльны Дроўны рынак, куды восенню сяляне прывозілі мноства вазоў з дровамі, каб забяспечыць гараджан цяплом на зіму. І ў самыя маразы ўвесь горад быў спавіты дымам з пячных комінаў, які слупкамі ўзнімаўся ўверх. Аднак у пасляваенны час кватэры пачалі масава перапланіроўвацца, а са з’яўленнем цэнтральнага ацяплення прыгожыя печы сталі непатрэбныя і папросту знішчаліся.

На сённяшні момант у немалым гістарычным цэнтры Гродна засталося ўсяго некалькі дзясяткаў цікавых печак. Амаль усе яны не функцыянуюць і проста чакаюць, пакуль уласнік новай кватэры ці офіса не вырашыць іх лёс. Прыемна, што з’яўляюцца ўладальнікі прыватных кватэр і камерцыйных памяшканняў, якія прыкладаюць шмат сіл, каб захаваць старыя печы як элемент аздаблення сваіх інтэр’ераў.

Паверце, выглядае гэта стыльна і аўтэнтычна. Бо кафля гродзенскіх печак можа расцэньвацца як асобны від мастацтва.

Kaflia

Старонкі гісторыі

Кафля — спецыфічны керамічны выраб для абліцоўкі печаў. Яна выконвае не толькі функцыянальную, але і дэкаратыўную ролю. Па сваёй канструкцыі падзяляецца на дзве асноўныя групы: гаршковую і каробкавую.

Самым старажытным відам з’яўляецца гаршковая кафля. Яе спачатку рабілі як звычайны гаршок, таму гэта тэхналогія не патрабавала значнай прафесійнасці ганчара. Гаршковая кафля мае заўсёды цалкам плоскі знешні бок дна. У экспазіцыі Старога замка можна пабачыць мноства такой кафлі і нават рэканструкцыю зробленай з яе печы.

Амаль на кожным месцы старога Гродна археолагі знаходзяць рэшткі кафлі з XVI — XVIII стагоддзяў, а на вуліцы Вялікай Траецкай у 1989 годзе нават адкапалі майстэрню кафляра 400-гадовай даўніны. Археолаг Рыгор Акінчыц сабраў унікальную калекцыю форм-матрыц. Матрыцы служылі для вытворчасці больш знаёмай для нас каробкавай кафлі. Як яна рабілася?

Каробкавая кафля складаецца з пласціны і румпы. Пласціну адбівалі пры дапамозе формы-матрыцы, да яе прымацоўвалі румпу (так называлася адваротная частка) і пазней нейкі час сушылі на сонцы. Праз некалькі дзён кафлю падпраўлялі і клалі ў печ.

Калі патрэбна было зрабіць кафлю з бліскучай гладкай паверхняй, гатавалі глазуру — паліву. Паліву, якая ўяўляла сабой досыць складаную сумесь розных хімічных матэрыялаў (часта даволі шкодных для здароўя), таўклі спецыяльнымі прыстасаваннямі, а потым растваралі.

Ужо абпаленую кафлю вымалі з печы, абчышчалі і сарціравалі. Якасную майстар проста з кубка паліваў палівай. Такая кафля зноў абпальвалася ў печы, і тады ўжо можна было атрымаць задавальненне ад бліскучага малюнка на ёй. Пры аздабленні пласцін выкарыстоўваўся раслінны, геаметрычны, геральдычны, зааморфны арнамент, выявы анёлаў. У Гродне часта знаходзяць кафлі з гербамі каралеўскай дынастыі Вазаў, магнацкіх родаў Коцелаў, Радзівілаў, Сапегаў, а таксама з выявамі на рэлігійныя сюжэты, напрыклад, Дабравешчанне Дзевы Марыі.

XVIII стагоддзе — час паступовых змен у архітэктуры, што, канешне, не магло не паўплываць і на кафлю. Надыходзіць класіцызм, але і барока, і ракако застаюцца ў архітэктурных формах. На змену рознакаляровым і вельмі рэльефным кафлям прыходзяць гладкія паверхні ці з невялікім рэльефам. На кафліны наносіцца белая паліва, а малюнак выконваецца сінім кобальтам. Новы тып кафлі называюць «галандскім» або «гданьскім».

Kaflia

Зроблена ў Гродне

Ужо ў ХІХ ст. з уключэннем Гродзеншчыны ў склад Расійскай імперыі пачынаецца перыяд прамысловай вытворчасці кафлі. У 1813 годзе ў Гродна прыязджае Ксаверый Францавіч Друцкі-Любецкі, які са студзеня па сакавік 1813-га выконвае абавязкі гродзенскага губернатара. Нягледзячы на нядоўгае знаходжанне на гэтай пасадзе, Гродна яму настолькі спадабаўся, што ён вырашыў заснаваць тут сваю рэзідэнцыю. Але замест таго, каб будаваць новы палац, ён выкупіў старую сядзібу караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, якая называлася Станіславова.

У 1820 годзе граф Ксаверый Друцкі-Любецкі заснаваў мануфактуру ў сваім новым уладанні. Спецыялізавалася яна на вытворчасці цэглы. Радовішчы гліны размяшчаліся на тэрыторыі сучасных вуліц Дубко, Дзяржынскага, Пушкіна. Гліна з гэтых месцаў валодала адметнай асаблівасцю — яна была жоўтага колеру.

У 1886 годзе цагельня ўжо мела свой уласны мураваны будынак, паравы рухавік у восем конскіх сіл. Фабрыка выпускала каля 100 тысяч цаглін штогод. З пачатку XX стагоддзя тут таксама выраблялі гліняную плітку і трубы, бетонныя прыступкі, аздобленыя мазаікай, і шмат іншых патрэбных у будаўніцтве матэрыялаў. Спецыфіка працы, звязанай са здабычай гліны, дазваляла працаваць толькі ў цёплую пару года на працягу 125 — 140 дзён.

Аляксандр Медард Друцкі-Любецкі ў 1894 годзе пачаў планаваць будаўніцтва новай мануфактуры па вытворчасці кафлі. Гэта павінен быць двухпавярховы будынак. Месца для будоўлі ён абраў за рысай горада, за чыгункай Санкт-Пецярбург — Варшава. Вясной 1895 г. Аляксандр прыступіў да будаўніцтва завода.

Пасля смерці Аляксандра ў 1908 годзе завод атрымала ў спадчыну Марыя Друцкая-Любецкая. Марыя не магла кантраляваць кожнае прадпрыемства, якое дасталася ёй у спадчыну, таму прыняла рашэнне здаць мануфактуру ў арэнду. У 1913 г. арандатарам стаў багаты яўрэй Бэр Мэрабы Клемпнер. У кантракце тэрмін арэнды вызначаўся да 1919 г., а ўсе асноўныя рашэнні па развіцці завода заставаліся за Марыяй.

Станіславоўская кафлярня была ўжо цалкам сучасным прамысловым прадпрыемствам, на якім у 1900 годзе працавалі 28 чалавек. У пачатку XX ст. кафлю рабілі пры дапамозе спецыяльнага прэса, аднак астатнія дзеянні патрабавалі вялікай фізічнай сілы. Таму здзіўляе той факт, што разам з мужчынамі на працягу дзесяці гадзін у суткі на фабрыцы працавала некалькі жанчын.

У гады Першай сусветнай вайны ў Гродне было дзесяць печаў па абпальванні цэглы, якія пры поўнай загрузцы за адзін сезон маглі выдаць нават 45 мільёнаў цэглаў і сотні тысяч кафляў. Натуральна, такіх аб’ёмаў вытворчасці яны ніколі не дасягнулі як з-за адсутнасці попыту, так і з-за тэхналагічных цяжкасцей. Уявіце: каб абпаліць столькі кафлі, трэба было прывезці ў Гродна не менш чым 750 вагонаў каменнага вугалю.

Пасля верасня 1939 года ўсе будаўнічыя прадпрыемствы былі нацыяналізаваны, а ў пачатку 1960-х гадоў вынесены за межы горада ў раён вуліцы Горкага. Вытворчасць пячной кафлі ў Гродне цалкам спынілася каля 1970 года. Сёння сведкамі гэтага рамяства засталіся толькі будынкі кафлярні Станіславова на Чырвонаармейскай вуліцы і цагельні Аркіна на вуліцы Лермантава. Дарэчы, будынкі на вуліцы Чырвонаармейскай сёння актыўна і якасна рэканструююцца прыватным інвестарам пад уласныя патрэбы.

Дзе пабачыць?

Для нас вельмі важна захаваць як мага больш цікавых печак канца ХІХ — першай паловы ХХ стст. Гродзенскія і мінскія гісторыкі і рэстаўратары рыхтуюць да выдання каталог гродзенскіх печак, якія зроблены не толькі ў Гродне, але і на фабрыках па ўсёй былой Расійскай імперыі, а таксама Германіі і іншых краін.

Некаторыя адноўленыя печы сёння ўжо можна пабачыць у Музеі гісторыі рэлігіі на вул. Замкавай, культурным цэнтры «Фестывальны» на вул. Тэльмана, былой сядзібе Станіславова па вул. Ціміразева, дзе размяшчаецца адзін з карпусоў аграрнага ўніверсітэта, некаторых медыцынскіх і іншых установах. Гэтыя печы — самы сапраўдны твор мастацтва. І кожная — адметная. Ёсць з сапраўдным пейзажам. Адна нагадвае башню з байніцамі. Яшчэ на адной — нібы разныя ўзоры, якія вельмі нагадваюць залатое аздабленне царскіх харомаў. Гэта і з дрэва зрабіць цяжка, а як з гліны?