Незахаваныя беларускія летапісы — полацкі, гарадзенскі, тураўскі, наваградскі — моцна даюцца ў знакі гісторыкам-медыевістам. Пра важныя лёсаносныя падзеі і справы захаваліся адно скупыя сведчанні з летапісаў і хронік суседніх краін і зрэдку запісы ў нешматлікіх актавых дакументах. Дзесяцігоддзе з 1282 па 1292 гг. — самы «цёмны» час у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Хто быў вялікім князем у той перыяд і ці быў ён увогуле? Што вядома пра тагачасную ўнутраную і знешнюю палітыку княства і з якіх крыніцаў? Спрабуем разабрацца.
Буцігейд, мастак Артурас Шлапшыс
Хто быў вялікім князем
Гісторыкі спрабуюць «прасвятліць «цёмны» перыяд косымі праменнямі», збіраючы, аналізуючы і супастаўляючы самыя дробныя ўскосныя звесткі. Гэта ўдаецца толькі часткова, бо іх высілкі, нібы рэнтгенаўскія прамяні, натрапілыя на цёмныя прадметы, высвятляюць амаль адныя белыя плямы.
Хто быў гаспадаром/вялікім князем у ВКЛ пасля смерці Трайдэна (каля 1282 г.) і да пачатку панавання новай дынастыі (каля 1292 г.), дакладна невядома. Адзінкавыя згадкі імёнаў князёў у крыніцах такіх як Даўмонт, Будзікід, Будзівід, Бутэгедэ, Масеке не даюць падставы абвяшчаць іх вялікімі князямі літоўскімі (хоць некаторыя гісторыкі тое і чыняць).
Што вядома і з якіх крыніц
Маем больш звестак пра знешнія справы Літвы дзякуючы найперш крыжацкім, а потым польскім храністам ды ўсходнеславянскім летапісцам. Ва ўсіх тых творах гаворка ідзе амаль скрозь пра вайну — напады, рабункі, уцёкі, аблогі, абароны, захопы замкаў і гарадоў.
Воі ВКЛ
Ніводзін год з той дэкады не абышоўся без нападу ворагаў на ВКЛ або яго паходу на варожыя землі. З тых ваенных апісанняў гісторыкі выцягваюць некаторыя, хоць далёка няпоўныя, звесткі пра тагачасны ўнутраны стан Вялікага Княства Літоўскага.
Напрыклад, крыніцы не ўзгадваюць імя вялікага князя (наступніка Трайдэна), але адназначна сведчаць, што ён быў, гэта значыць, у краіне надалей дзейнічала цэнтральная ўлада, прычым, улада моцная. Увесь комплекс інфармацыі пра знешнепалітычныя акцыі Літвы сведчыць, што дзяржава захоўвала ўнутранае адзінства. Яна не толькі паспяхова баранілася, але і актыўна атакавала. Краіна раздробленая, без моцнай цэнтральнай улады не магла б праяўляць такую актыўнаць у знешніх адносінах. Верагодна, у Вялікім Княстве тады не было сур’ёзных хатніх закалотаў, бо пра іх маўчаць суседнія летапісцы, якія звычайна ахвотна пра такія справы распавядалі.
Напад крыжакоў
Агульную палітычную стратэгію гаспадароў Літвы можна акрэсліць адным словам — пераемнасць. Наступнікі ці наступнік Трайдэна працягвалі ягоную справу. Сябры былі тыя самыя, ворагі таксама, толькі ў стане аднаго з іх адбылася даволі істотная змена. Трайдэн не дажыў усяго адзін год да таго, як браты-рыцары Тэўтонскага дому Найяснейшай Панны Марыі закончылі пакарэнне мясцовых плямёнаў у Прусіі і ў тым жа 1283 г., не збаўляючы хады, скіравалі сваю адладжаную і разагнаную ваенную машыну на суседнія Літву і Жамойць.
Тэўтонскія рыцары. By Pat Nicolle
Ужо зімой 1283 г. крыжацкі атрад перайшоў па лёдзе Нёман, захапіў і спаліў жамойцкі замак Бісена, пазабіваўшы ці ўзяўшы ў палон знойдзеных там людзей. Той жа зімой атрад ліцвінаў колькасцю ў васемсот чалавек рабаваў і пустошыў землі ў Самбіі (гістарычная частка Усходняй Прусіі).
Летам 1284 г. крыжакі ўпершыню заатакавалі Гародню. Гэты прыгожы і старажытны беларускі горад, раскінуты на высокім нёманскім беразе, пасля крыжацкай заваёвы Прусіі апынуўся на пярэдняй лініі фронту. Для крыжакоў то быў першы на іх шляху сапраўдны горад — вялікі як на той час і багаты, не роўня прускім вёскам ды гарадзішчам. Ягоныя замкі — Верхні і Ніжні (раней называліся «дзядзінец» і «вакольны горад») прыкрывалі дарогу на сталічны Наваградак і былі для ліцвінаў найлепшым месцам збору войскаў і рыштунку перад нападам на ордэнскую Прусію.
Напэўна, выгляд Гародні ўразіў рыцараў, якія ўбачылі яе першы раз падчас выправы 1284 г. Пасля доўгіх пераходаў праз звыклыя прускія ландшафты войска прабілася праз пушчу да берагу Нёмана і раптоўна наўпрост перад сабой на процілеглым беразе ўбачыла сапраўдны горад з двума замкамі і пазалочанымі купаламі цэркваў над разлеглымі гарадскімі пасадамі.
Гарадзенскі замак у 13 ст. Мастак Павал Татарнікаў
Знешняя палітыка ВКЛ «цёмнага перыяду»
З усяго комплексу наяўнай інфармацыі вымалёўваецца знешняя палітыка ВКЛ «цёмнага перыяду». Дзяржава актыўна змагалася з крыжакамі як лівонскімі, так і прускімі, у саюзе з балтыйскімі плямёнамі жамойтаў і семігалаў. Падтрымлівала мір з бліжэйшымі землямі Мазовіі і ў хаўрусе з валынянамі і яцвягамі атакавала польскія землі. Можна з пэўнасцю казаць і пра працяг саюзных ліцвінска-полацкіх адносінаў.
Па ўсёй верагоднасці, дзяржава пакуль не расла тэрытарыяльна, але ўнутрана была з’яднанай і добра арганізаванай, інакш не змагла б праводзіць такія актыўныя знешнепалітычныя акцыі. Курс, вызначаны Міндаўгам, Войшалкам і Трайдэнам, трымаўся дакладна, на стырне ляжала цвёрдая рука (ці рукі), а наперадзе была слава.
Канстанцін Семяновіч, Budzma.org