Творчыя дэсанты праекта “Сустрэча з аўтарам”

З 18 па 21 чэрвеня 2015 г. у  межах праекта “Сустрэча з аўтарам” адбыліся творчыя сустрэчы беларускіх літаратараў Лявона Баршчэўскага, Змітра Бартосіка, Змітра Коласа, Андрэя Хадановіча, Уладзіміра Сіўчыкава з чытачамі ў Слоніме і Навагрудку, а таксама на радзіме Васіля Быкава, у Бычках на Ушаччыне, і ў знакамітай мастацкай галерэі Ады Райчонак — у вёсцы Германавічы Шаркаўшчынскага раёна. Усе творчыя сустрэчы праходзілі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

Безумоўна, больш не заўсёды азначае лепей. Аднак калі замест аднаго пісьменніка на сустрэчу прыязджае такі разнастайны пісьменніцкі калектыў, у складзе якога — вядомыя майстры сучаснай беларускай літаратуры, гэта не можа нікога пакінуць абыякавым.

Андрэй Хадановіч у Бычках

Андрэй Хадановіч у Германавічах

Андрэй Хадановіч з першых жа слоў зачароўваў аўдыторыю дакладнымі і свежымі рыфмамі сваіх таленавітых вершаў, яркімі і арыгінальнымі параўнаннямі, феерычнай гульнёй слоў, якія нечакана і парадаксальна змяняюць сваё значэнне, а таксама прадставіў сваю новую кнігу дзіцячых вершаў  “Нататкі таткі”.

Лявон Баршчэўскі чытаў у арыгінале вершы на чэшскай, польскай, фінскай, шведскай, сербскай, харвацкай і мностве іншых моваў, не кажучы ўжо пра французскую, нямецкую і англійскую. І кожны раз пасля арыгінала даваў свой пераклад на беларускай.

 Лявон Баршчэўскі ў Германавічах

  Лявон Баршчэўскі ў Германавічах

 Лявон Баршчэўскі ў Слоніме

 Лявон Баршчэўскі ў Бычках

Зміцер Колас прадстаўляў перакладзеныя на беларускую, а потым звярстаныя і выдадзеныя ім жа кнігі Сартра, Камю, Роба-Грые, іншых класікаў сусветнай літаратуры. І прадстаўляў кожнага з аўтараў  так, што хацелася тут жа адкрыць кнігу і заглыбіцца ў чытанне.

Зміцер Колас у Германавічах

  Зміцер Колас у Наваградку

Зміцер Бартосік  зачароўваў сваімі бардаўскімі песнямі, у якіх тонка спалучаюцца гарэзны гумар, сатыра, і філасофская мудрасць. Цікава і нечакана прагучалі таксама ягоныя аўтарскія пераклады на беларускую мову вядомых расійскіх выканаўцаў — Вярцінскага, Акуджавы, Высоцкага.

Зміцер Бартосік у Германавічах

Уладзімір Сіўчыкаў расказаў пра новую серыю “Мая беларуская кніга”, якую выпускае выдавецтва “Папуры”. Яна складаецца з 26 тамоў самых розных твораў беларускай літаратуры — ад старажытных легендаў, народных казак, хрэстаматыйных і малавядомых твораў класікаў да працаў сучасных пісьменнікаў. А таксама прадставіў сваю апошнюю кнігу “Уладзевы гісторыі”.

Уладзімір Сіўчыкаў на сустрэчы ў Слоніме

Такія творчыя дэсанты — даволі рэдкая з’ява ў нашых беларускіх гарадах, не кажучы пра вёскі. Паўсюль аўдыторыя рэагавала на выступы майстроў беларускага слова з вялікім энтузіязмам і ўдзячнасцю. Крыху суму дадалі хіба звесткі пра тое, што набыць беларускую кнігу ў правінцыі робіцца ўсё цяжэй і цяжэй.

 На сустрэчы ў Наваградку

  На сустрэчы ў Слоніме

  На сустрэчы ў Наваградку