Мінулы тыдзень быў вельмі багаты на падарожжы для нашых выступоўцаў.
Так, у панядзелак 9 красавіка творчы саюз: Зміцер Бартосік, Сяргей Чыгрын, Валерый Петрыкевіч – наведаліся на Гарадзеншчыну. У школах в. Райца, а.г. Валеўка, а.г. Дварэц сустракалі знакамітых творцаў.
У Райцаўскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад – сярэдняя школа дзеці даведаліся пра сучасныя кнігавыдавецкія магчымасці, пра тое, хто такі “біблеафіл”, праявілі свае веданне беларускіх пісьменнікаў і іх твораў, за што атрымалі прызы ад ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Напрыканцы сустрэчы ўсе атрымлівалі асалоду ад бардаўскіх песень Змітра Бартосіка, узгадвалі гістарычныя падзеі, па матывах якіх былі напісаныя гэтыя песні, паразважалі над важнасцю стварэння БНР для сучаснай Беларусі.
Валеўская школьнікі цёпла прывіталі творчых асоб у нядаўна адрамантаванай актавай зале. Расповед пра кнігі і іх важнасць для любога грамадства плаўна перайшла да творчасці бардаў. Уласныя песні спадара Зміцера і песні іншых аўтараў (С. Сокалава-Воюша, Б. Акуджавы ў перакладзе на беларускую мову) не пакінулі нікога раўнадушным. А падчас моўна-літаратурнай віктарыны ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” вучні ўсур’ёз задумаліся: як часта яны выкарыстоўваюць РОДНУЮ мову ў паўсядзённым жыцці, што замінае ёй карыстацца?.. І паабяцалі выступоўцам, што наступным разам у Валеўцы іх сустрэнуць беларускамоўныя дзеці і дарослыя.
У Дварэцкую школу вуступоўцы былі запрошаны, каб распавесці вучням пра іх знакамітага земляка паэта Віктара Шымука. Размова пра славутыя імёны перайшла ў інтэрактыўную гульню, падчас якой школьнікі змаглі прадэманстраваць свае веды роднай мовы і літаратуры. Жывая музыка і аўтарскія песні арганічна ўліліся ў імпрэзу. Сустрэча была яркай і надоўга запомнілася ўсім удзельнікам.
У гэты ж дзень на светлую велікодную сустрэчу ў Маладзечна патрапілі паэтка Антаніна Хатэнка і музыка Яраш Малішэўскі. Вось як апісвае сваё чароўнае падарожжа спадарыня Антаніна:
“І патрапілі сталічныя госці наўпрост у чароўную казку – у два дзіцячыя садкі, дзе вясёлая гаманкая дзятва лёгка паверыла ў дзівосы красавіцкага аднаўлення прыроды і даверліва выправілася ў абрадавую вандроўку, наладжаную намі.
Малеча разам з выхавальніцамі настраёва спявалі загукальныя вясноўкі, калыхаючы ў далонях печаных жаваронкаў і ўпрыгожваючы папяровымі пташкамі ледзь-ледзь абуджаныя з-пад снягоў дрэвы. А таксама заўзята гулялі ў народныя веснавыя гульні ды вадзілі абярожныя карагоды, вітаючы Новы год. Так-так, тут няма памылкі: супольна дзеці і дарослыя стваралі менавіта навагоднюю атмасферу. Бо колісь акурат увесну продкі адзначалі навагоддзе – адраджэнне ўсяго жывога на зямлі і распачын новага кола гадавога руху.
Дзеткі зацікаўлена слухалі казкавы аповед пра звычаі і традыцыі беларусаў, захаваныя спрадавён, што мацуюць повязь нашчадкаў з папярэднікамі. Пад векавое гучанне дуды і тонкі голас чарацінкі-пішчыка, ажыўленыя талентам спадара Яраша, увачавідкі адбываўся вясняны цуд: адкрываліся старажытныя скарбы-таямніцы. Бо родная мова, песня, абрад, спрадвечныя колеры яек-крашанак і загадкавая гісторыя павяртання святла з ночы, вясны з халадоў, птушак з выраю ў рай, на радзіму, нібыта ўводзілі ў зусім новы, не знаёмы дагэтуль, фантастычны свет, паўрэальны, паўміфічны і вельмі вабны, прыцягальны.
І выхаванцы сучасных садкоў шчыра нашэптвалі самаробным пташкам, стужачкам-тасёмкам свае найсакрэтныя чаканні, верачы ў моц і чарадзейнасць велікоднага дрэва, ператворанага ў Дрэва Роду, Дрэва спаўнення мары.
Гэтак старадаўнія веды пра народны каляндар, народныя музычныя інструменты, пра зямлю і Сусвет, еднасць чалавека і прыроды ўклаліся ў літаратурна-музычны экскурс да этнічных каранёў, да самых пачаткаў нацыянальнай культуры. У дарогу пазнання ўласнай адметнасці. А дзеці ў гэтым падарожжы пачуваліся шчаслівымі адкрывальнікамі новых законаў суладнага існавання з наваколлем, поўным загадак і дарункаў.”
Пра гэтыя творчыя сустрэчы распавялі і ў мясцовых навінах (з 6-й хвіліны).
12 красавіка, у мінскую школу №19 імя Янкі Купалы запрасілі паэта, перакладчыка Андрэя Хадановіча. Паэт чытаў свае старыя і новыя вершы, спяваў аўтарскія песні і пераклады, правакаваў на дыскусію і адказваў на пытанні. Найбольш навучэнцаў цікавілі крыніцы натхнення сучаснага аўтара: адкуль бярэцца жаданне пісаць, як нараджаецца верш, чым сённяшняя літаратура адрозніваецца ад класічнай? Спадар Андрэй расказваў пра крэатыўны плён, які прыносяць чытанне і падарожжы, рэкамендаваў шукаць цікавую літаратуру ў інтэрнэце, распавёў пра ГА “Саюз белаурскіх пісьменнікаў” і культурніцкую кампанію “Будзьма беларусамі!”, дзякуючы якім і адбываюцца падобныя творчыя сустрэчы. Акрамя ўсяго, аўтар прачытаў і праспяваў прысутным некалькі сваіх цэнтонаў, цалкам складзеных з цытат з беларускай класікі. І быў прыемна здзіўлены, калі навучэнцы шмат з іх пазналі і расшыфравалі.
Гэтым жа красавіцкім днём 24-я СШ г. Мінска вітала знакамітае Шоў Беларушчыны з вядучым Шыкам Кірылам. Васьмікласнікі з усёй паралелі дэмантсравалі свае веды роднай гісторыі, мовы, літаратуры, спаборнічалі ў мастацкім чытанні вершаў беларускіх паэтаў. За што і атрымлівалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
У пятніцу 13-га сярэдняя школа № 25 г. Мінска вырашыла “рызыкнуць” і запрасіла на госці маладога перакладчыка Уладзя Лянкевіча (нядаўна пабачыў свет яго пераклад на беларускую мову знакамітай аповесці Дж. М. Бары пра Пітэра Пэна). Сустрэча была прысвечана складанасцям працы ў дзвух моўных сістэмах. Спадар Уладзь распавядаў пра бар’еры і натхненне, рабіў акцэнт на “сучаснасці” і “моднасці” беларускай мовы. Старэйшыя школьнікі з цікаўнасцю слухалі расповед, задавалі пытанні, дэманстравалі свае веды замежных і роднай моў. Сустрэча атрымалася запамінальнай і па-сяброўску цёплай.
P.S. Калі Вы жадаеце зладзіць цікавую сустрэчу з “Будзьма беларусамі!” у сваёй мясцовасці, пішыце на скрыню: stasyaky88@gmail.com – будзем рады новым сябрам!