Мы зноў вяртаемся да нашай гісторыі, да падзей, што засталіся на старонках падручнікаў і энцыклапедый. Гэты тыдзень адначасова апошні восеньскі і першы зімовы ў гэтым годзе, таму прапануем на гэтым стыку сезонаў патраціць свае найкаштоўнейшыя 3 хвіліны і пагрузіцца ў падзеі, што адбываліся на гэтым тыдні ў нашай гісторыі. Паехалі!
27 лістапада пачынае наш тыдзень – так званы дзень нацыянальных герояў. Чаму? Менавіта ў гэты дзень афіцыйна дало старт антысавецкае Слуцкае паўстанне 1920 года, якое доўжылася да 28 снежня таго ж года.
Далей – 28 лістапада, і гэты дзень у гісторыі мае літаратурную афарбоўку. Чулі пра “Маладняк”? Нават калі і так, то нагадаем, што гэта першае літаратурнае аб’яднанне ў сучаснай Беларусі. Туды ўваходзілі такія вядомыя беларускія савецкія пісьменнікі, як Змітрок Бядуля, Кандрат Крапіва, Уладзімір Дубоўка, Кузьма Чорны і іншыя. Суполка абвясціла пра сваё стварэнне ў 1923 годзе, а праіснавала да 1928. “Маладняк” разваліўся праз унутраныя спрэчкі, што прывяло да шэрагу расколаў, а потым рэарганізаваўся ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў. У любым разе, рэпрэсіі 30-х мала каго пашкадавалі.
Але старонка перагортваецца, і на календары 29 лістапада. У гэты дзень у 1914 годзе ў Мінску былі заснаваныя брацкія вайсковыя могілкі, прысвечаныя ахвярам Першай сусветнай вайны. На жаль, за саветамі яны былі знішчаныя, а на месцы пахаванняў працаваў рынак. Толькі ў нулявыя пачалі займацца добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Быў створаны новы мемарыял, які можна пабачыць, калі ехаць на трамваі ў бок “Возера”.
Рухаемся далей. 30 лістапада. У гэты дзень у 1427 годзе нарадзіўся вялікі князь літоўскі і кароль польскі Казімір Ягелончык. Яму дастаўся не самы спакойны час. Унія з Польшчай была разарваная, у дадатак Польшча захапіла Валынь і Падолле. Казіміру ўдалося не толькі вярнуць гэтыя тэрыторыі, але і аднавіць унію з Польшчай, стаўшы ў 1447 і каралём польскім. Дзякуючы яму Тэўтонскі ордэн зрабіўся васалам ВКЛ. Таксама ён дамогся, каб яго старэйшы сын Уладзіслаў стаў каралём Чэхіі і Вугоршчыны.
Ва ўнутранай палітыцы Казімір скасаваў удзельныя княствы. У 1447 годзе выдаў прывілей, які даваў шмат правоў феадалам, у тым ліку свабодны выезд за мяжу, права судзіць залежных ад яго людзей і гарантаванае права на зямлю. Дарэчы, паводле прывілею пасады і зямлю маглі займаць толькі мясцовыя феадалы.
У 1457 з’явіўся новы прывілей, але для звычайных грамадзян. Гэты дакумент даваў права ўсім выязджаць за мяжу, у тым ліку для атрымання адукацыі. Выключэнне – варожыя краіны. Дарэчы, прывілей даў магчымасць студэнтам атрымліваць дапамогу са скарбу Княства – першыя стыпендыі на навучанне.
Ну і апошні важны дакумент за Казімірам – Судзебнік, выдадзены ў 1468 годзе. Гэта першая спроба выдаць зборнік працэсуальнага і крымінальнага права ў ВКЛ.
І яшчэ адзін цікавы факт. На думку некаторых даследчыкаў, менавіта Казімір быў апошнім князем – носьбітам старой літоўскай мовы.
Але мы затрымаліся. Першыя дні зімы – 1 і 2 снежня. І тут на цікавыя падзеі ў гісторыі ў нас выходныя.
Канец тыдня – 3 снежня. Менавіта ў гэты дзень у 1918 годзе Рада БНР і ўсё яе кіраўніцтва пакідаюць Мінск. З гэтага часу бярэ свой пачатак гісторыя самага доўгага ў свеце ўраду ў выгнанні, што знаходзіцца ў гэтым статусе дасёння.
Багдан Сакалоў