У 2015 годзе адзначаецца юбілей гістарычнага герба Гомеля

06.01.2015 Культура

Шэрагам юбілейных дат знамянальны для Гомеля новы 2015 год. У прыватнасці 455 гадоў таму быў зацверджаны гістарычны герб Гомеля – шчыт, у якім у чырвоным полі размешчаны срэбны кавалерыйскі крыж.

Фота: vk.com

Гомель ўпершыню атрымаў герб у складзе Рэчы Паспалітай, ён быў зацверджаны польскім каралём Жыгімонтам II Аўгустам 21 сакавіка 1560 г.:

«Присылали до нас подданные нашы мещане места Гомейского, оповедаючы, што ж они печати месткое, которое бы справы местьские печатовали мели, в себе не мають и для того великое заструдненье в тых справах и потребах местских им частокрот деется… Ино мы з ласки нашое господарское… печать местьскую з гербом крыжа им дали и мети дозволили и сим листом нашым дозволяем. Мають вжо они от того часу тое печати и гербу помененого во всих справах и потребах, оному месту належачих, вживати и им печатоватися по тому, яко и у ыншых местах нашых Великого князства Литовского обычай того заховывается» (Привилей мещаный гомейский на печать местьскую).
Зараз старадаўні герб Гомеля выкарыстоўваюць мясцовыя скаўты, а сучасны герб уяўляе сабой французскі шчыт, у якім на блакітным полі намаляваная рысь, якая ляжыць. Ён быў зацверджаны 16 ліпеня 1997 года рашэннем Гомельскага гарвыканкама. За аснову сучаснага герба Гомеля узяты гарадскі герб, зацверджаны ў 1855 годзе, калі Гомель ужо быў у складзе Расійскай імперыі.
Акрамя таго, 210 гадоў таму, у 1805 годзе, у Гомелі была пабудавана Мікалаеўская царква – помнік архітэктуры класіцызму. А 115 гадоў таму, у 1900 годзе, упершыню ў Гомелі выкарыстаная электраэнергія – для асвятлення палаца і парку князя Паскевіча.

Таксама 15 гадоў таму, у юбілейным 2000 годзе, на вуліцы Савецкай у Гомелі была пабудавана і асвечана новая рымска-каталіцкая царква Нараджэння Божай Маці. Старадаўні гомельскі касцёл Успення Багародзіцы, які быў пабудаваны ў XIX стагоддзі і размяшчаўся ў Гомелі на месцы цяперашняй плошчы Леніна (тады – Базарнай), прыкладна ў тым месцы, дзе цяпер стаяць драмтэатр і будынак Белтэлекама, у 1940-м годзе ўзарвала савецкая ўлада – 75 гадоў таму.

odsgomel.org