Некалькі дзясяткаў фотаздымкаў з розных гадоў і з розных гарадоў Беларусі прадстаўлены ў беластоцкім хабе «Новая зямля» на выставе, прымеркаванай да 105-годдзя абвяшчэння незалежнасці БНР. На фотавернісажы кожны мог распавесці аб сваёй гісторыі святкавання 25 сакавіка? — паведамляе «Радыё Ўнэт».
Фотаздымкі, якія прадстаўлены на выставе, тычацца не толькі святкаванняў Дня Волі ў Беларусі, а таксама ў замежжы. У прыватнасці, можна пабачыць матэрыялы з 60-х гадоў мінулага стагоддзя з амерыканскага кантыненту. Ёсць і нядаўнія — леташнія, калі на 25 сакавіка ў Беласток прыязджалі Святлана Ціханоўская і Павел Латушка, якія прынялі ўдзел у мітынгу, прымеркаваным да гэтай даты. Найбольшую цікавасць удзельнікаў фотавернісажа выклікалі тыя здымкі, на якіх многія пазнавалі сябе ці сваіх знаёмых.
«Ідэя выставы вельмі простая — даць магчымасць людзям, якія апынуліся ў эміграцыі, адчуць тыя ўражанні, якія мы перажывалі кожны ў сваім горадзе 25 сакавіка», — заявіла, адкрываючы выставу, прадстаўніца хаба Надзея Салаўёва.
На фота: Надзея Салаўёва.
Гістарычны шлях беларусаў да абвяшчэння Незалежнасці першай беларускай дзяржавы раскрыў прысутным беластоцкі гісторык Алег Латышонак. У сваёй вялікай лекцыі ён распавёў пра тыя падзеі, што папярэднічалі 25-му сакавіка 1918 года і пра тыя, што адбываліся пазней. Многія слухачы ўпершыню даведаліся, што першым гербам БНР была не «Пагоня», а сноп з калоссямі, граблі і каса. Праўда, потым «Пагоня» ўсё ж перамагла і пра сялянскі так бы мовіць герб забыліся.
Некаторыя прысутныя падзяліліся тым, як яны святкавалі Дзень Волі ў Беларусі, а хтосьці і дагэтуль стараецца святкаваць яго там. Пра гэта распавёў актывіст з Ліды Сяргей Пантус.
На фота: Сяргей Пантус.
Арганізатарам самых разнастайных мерапрыемстваў з нагоды 25 сакавіка ў Брэсце быў сацыял-дэмакрат Ігар Маслоўскі. Ён падзяліўся разнастайнымі выпадкамі, звязанымі са святам.
На фота: Ігар Маслоўскі.
Адкрыццё выставы стала першым мерапрыемствам, якое прайшло ў Беластоку з нагоды 105-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай народнай рэспублікі. Наперадзе — гістарычныя лекцыі, інтэлектуальныя гульні, масавая акцыя, святочны канцэрт, тэатральнае прадстаўленне і іншыя.
Падрабязней слухайце з плэеры ніжэй: