Тры навінкі ад «Камуніката» з’явяцца ў верасні

Выдавецтва Фонду «Камунікат» анансавала выхад у першай палове верасня трох новых кніг. Навінкі будуць найперш даступныя ў варшаўскай афлайн кнігарні Kamunikat.shop у Цэнтры Беларускай Салідарнасці на вуліцы Алеандраў 6/2 (ul. Oleandrów 6/2), піша bellit.info.

Knihi

Адна з навінак — кніга вершаў Змітра Дзядзенкі «#Каб не ср@лі галубы», якая складаецца з дзвюх частак. Першая, аднайменная, ёсць своеасаблівым сацыяльна-палітычны летапіс. Гэта вершаваныя водгукі на самыя разнастайныя падзеі ў краіне і па-за межамі яе: «Чарговая дэвальвацыя, падзенне корпуса рэактара, арышт дырэктара «Уралкалію» — навіны даюць безліч матываў для натхнення», — тлумачыць аўтар «Еўрарадыё».

У другую частку, «Слаўны рыцар», увайшлі іранічныя і сатырычныя вершы, не прывязаныя да канкрэтных падзеяў.

Bellit.info раней расказваў пра падпісанне дамовы між Фондам «Камунікат» і польскім выдавецтвам Czarne на публікацыю на беларускай мове першай кнігі Анэты Прымака-Онішк «Бежанства 1915. Забытыя ўцекачы». Такім чынам, перавыданне неўзабаве пабачыць свет і яго можна будзе набыць, як і ўсе кнігі Фонда «Камунікат» на сайце Kamunikat.shop.

Трэцяя навінка ад выдавецтва — другое дапоўненае выданне манарафіі Віктара Шадурскага «Нараджэнне беларускага левіяфана» пра сацыяльныя і палітычныя змены ў Беларусі ў перыяд з 1991 па 1996 гады.