За 2018 год у Беларусі стала на 300 бэрдвотчараў болей. Напярэдадні Сусьветных дзён назіраньня за птушкамі 6 і 7 кастрычніка Свабода высьветліла, адкуль у краіне бум назіраньня за птушкамі і як такое хобі зьмяняе грамадзства.
У рэгіянальных школах бэрдвотчынгу не хапае месцаў
У пачатку 1990-х у Беларусі было некалькі дзясяткаў назіральнікаў за птушкамі. Збольшага гэта былі навукоўцы-арнітолягі. Цяпер ідзецца пра пару тысяч бэрдвотчараў. Летась у Сусьветных днях назіраньня за птушкамі ад Беларусі ўзялі ўдзел 2200 чалавек. Больш удзельнікаў было толькі ў дзьвюх краінах Эўропы — Вугоршчыне і Швайцарыі.
«У Беларусі гэты рух набірае папулярнасьць зараз, — распавёў Свабодзе спэцыяліст па прыродаахоўных пытаньнях АПБ і выкладчык у школе бэрдвотчынгу Сямён Левы. — Мы ўжо можам нават казаць пра тысячы бэрдвотчараў».
Сапраўдны бум здарыўся сёлета. Увесну ў Менску прайшла Акадэмія бэрдвотчынгу. На гэтым курсе вучаць вызначаць да 300 відаў птушак, якія сустракаюцца ў Беларусі. Потым школы бэрдвотчынгу прайшлі ў дзесяці гарадах Берасьцейскай і Гомельскай абласьцей. Агулам іх наведала больш за 300 чалавек. У Маларыце, Берасьці і Гомлі групы былі перапоўненыя.
«Думаю, гэта зьвязана з тым, што людзі ўсё больш цікавяцца прыродай, — кажа Аляксандар Вінчэўскі, дырэктар ГА „Ахова птушак Бацькаўшчыны“. — А гэтая ніша пустая, бо ніхто раней не вучыў бэрдвтотчынгу».
Кожны чацьвёрты назіральнік за птушкамі — айцішнік
У Заходняй Эўропе апошнімі гадамі пачалася мода на бэрдвотчынг сярод міленіялаў. The Guardian пісаў летась пра «зьяўленьне гіпстэра-бэрдвотчара». Згодна са статыстыкай, 32% брытанскіх юнакоў ва ўзросьце ад 16 да 25 год адмыслова выбіраліся назіраць за птушкамі.
У Беларусі гэтае хобі таксама вабіць перадусім маладых. Паводле Сямёна Левага, палову ўсіх наведнікаў школы і акадэміі бэрдвотчынгу складалі людзі ўзростам 20–35 гадоў. Большасьць зь іх айцішнікі, эканамісты, бухгальтары, інжынэры.
«Людзей, што працуюць у ІТ, каля чвэрці ад усіх наведнікаў, — кажа Сямён Левы. — Яны хочуць хобі, зьвязанага з рэальным сьветам, а не віртуальным, як іхная праца».
Яшчэ дзьве вялікія групы — гэта маладыя мамы і людзі пэнсійнага ўзросту, якія хочуць вызначаць птушак на сваіх лецішчах.
«У Брытаніі ды іншых заходніх краінах вельмі шмат пажылых людзей, — кажа Сямён Левы. — Калі яны выходзяць на пэнсію, бэрдвотчынг ім добрая нагода выбірацца ў падарожжа».
У АПБ упэўненыя, што мода на бэрдвотчынг мае прывесьці да зьменаў у грамадзтве.
«Ніхто ня хоча жыць сярод пустэльні, — кажа Сямён Левы. — Чым больш людзі будуць рупіцца пра захаваньне натуральных месцаў жыхарства птушак, тым лепш гэта будзе для грамадзтва».