За апошнія стагоддзі белы бусел (Ciconia ciconia) паспяхова прыстасаваўся да гнездавання побач з чалавекам і часта будуе свае гнёзды на нашых пабудовах. Штогод гнёзды птушкамі надбудоўваюцца і павялічваюцца ў памерах. Каб знайсці самае вялікае і самае цяжкае гняздо віда (якое, хутчэй за ўсё, будзе і самым старым), польскія арнітолагі праводзяць конкурс з узнагародамі: 10 удзельнікаў, якія дашлюць дадзеныя пра самыя вялікія і цяжкія гнёзды віда, размешчаныя ў Еўропе, атрымаюць наборы каштоўных кніг-вызначальнікаў на ангельскай мове, паведамляе рэсурс «Птушкі штодня».
Для таго, каб даведацца масу гнязда, не трэба яго ўзважваць — навукоўцы з універсітэту ў Беластоку, Інстытуту дэндралогіі ПАН і універсітэту у Вроцлаве (Польшча) пасля ўзважвання гнёздаў буслоў падчас іх замены на меншыя па масе на тыя самыя месцы размяшчэння, стварылі спецыяльны калькулятар. Ён вылічвае прыкладную масу гнязда на аснове ўведзеных памераў — яго дыяметра і вышыні і даступны для выкарыстання тут.
Як бяспечна памераць гняздо бусла і вылічыць яго масу?
Для таго, каб памераць вышыню і дыяметр гнязда, не трэба залазіць да яго з рулеткай, бо гэта можа быць вельмі небяспечна і для вымяральшчыка, і для гнязда. Найпрасцей вылічыць патрэбныя памеры з дапамогай прадметаў вядомай даўжыні, якія знаходзяцца побач з гняздом: дахоўкі ( часцей за ўсё 42×33 cм), цэглы (25×12×6,5 см), платформы пад гняздо (звычайна 120×120 cм), ці параўнаннем з самім буслом на гняздзе (яго вышыня пр. 1 м).
Пасля таго, як вылічаныя шырыня (=дыяметр) — у калькулятары па-польску Średnica, і вышыня — wysokośc, з дапамогай калькулятара на старонцы атрымліваем масу гнязда. У выпадку, калі атрыманыя намі велічыні перавышаюць тыя, што можна ўвесьці у адпаведныя палі калькулятара, дашліце толькі памеры гнязда, без вылічанай масы.
Якую інфармацыю трэба даслаць на конкурс?
Памеры гнязда (дыяметр і вышыню), а таксама яго вылічаную з дапамогай калькулятара масу разам са здымкам, які зроблены такім чынам (разам з прадметамі вядомай велічыні), каб на іх аснаванні можна было пацвердзіць памеры гнязда, разам з назвай мясцовасці, дзе знаходзіцца гняздо, датай, калі зроблены здымак, імем і прозьвішчам аўтара лацінкай як удзельніка конкурсу, трэба даслаць на адрас a.zbyryt@uwb.edu.pl
Інфармацыю на конкурс чакаюць да 15 кастрычніка.
Узнагароды (наборы вызначальнікаў на ангельскай мове) пасля падвядзення вынікаў будуць дасланыя на пададзены паштовы адрас 10 удзельнікам-пераможцам, якія дашлюць неабходную інфармацыю і здымкі пра самыя вялікія і цяжкія гнёзды белага бусла.
Дадзены конкурс з’яўляецца часткай праекту па прамоцыі навукі «Nie udźwigniesz, taki to ciężar! Popularyzacja kalkulatora masy gniazd bociana białego», які рэалізуецца за грошы Міністэрства адукацыі і навукі Польшчы.
Калькулятар быў створаны ў рамах праекта Life, які рэалізавала Polskie Towarzystwо Ochrony Ptaków «Ochrona bociana białego w dolinach rzecznych wschodniej Polski».
Паводле www.biologia.uwb.edu.pl падрыхтаваў Дзмітры Вінчэўскі
Здымак — Юлія Якімчык