Гэтым займаецца вялікі знаўца беларускіх арганаў Аляксандр Бурдзялёў — аўтар энцыклапедыі «Арганы Беларусі», піша @hrodna1127.
Арган у гродзенскім Фарным касцёле — самы вялікі з гістарычных арганаў у Беларусі і самы вялікі, створаны варшаўска-віленскай фабрыкай знакамітага майстра Вацлава Бярнацкага. З гісторыяй аргана сапраўды складана. Бярнацкі, перад пабудовай свайго аргана ў 1921-24 гг, праводзіў экспертызу, з якой мы ведаем, што ў касцёле быў арган майстра Радовіча 1871 г., у якім былі скарыстаныя элементы аргана майстра Янцэна 1785 г., збудаванага для манастыра ў Ружанастоку (сёння — Польшча). І Бярнацкі, верагодна, пакінуў у сваім аргане тры рэгістры з таго інструмента XVIII ст.!
Але не ўсё так проста! У 1937 у касцёльным інвентары занатавана, што на хорах стаіць арган 1922 года, які знаходзіцца ў стане разбудовы. Атрымліваецца, у 1937 г. быў пабудаваны новы або чарговы раз перабудаваны стары інструмент. Дадаткова справу заблытвае гарадская легенда, што сучасны арган спачатку наогул знаходзіўся ў Фары Вітаўта (!), але калі яе дах пашкодзілі бомбай, то вернікі атрымалі ў акупацыйнай адміністрацыі дазвол перанесці інструмент у Фарны касцёл насупраць. Верагодна, перанесены арган проста размясцілі ў шафе ад папярэдняга, які быў разабраны. Магчыма, гэта і стала прычынай таго, што інструмент-канструктар мае шмат хібаў.
Шафа, дарэчы, вельмі эфектная і вялікая. І цікава, што ўсе трубы, якія можна пабачыць на яе фасадзе — дэкаратыўныя. Яны не выдаюць ніякіх гукаў, а зробленыя для прыгожосці.
Фота: Ігар Варкулевіч, Ірына Варкулевіч